Калі ў Беларусі паўстане народ? Версія ўкраінскай выведкі

Падзеі ў Беларусі шмат у чым залежаць ад таго, як будзе развівацца вайна ва Украіне і ад ролі нашай краіны ў ёй, лічыць украінская выведка.

marsz_adzinstva_6__85__logo_2_logo.jpg

Пакуль Беларусь для Украіны — гэта не краіна-агрэсар, хоць і не сябр, лічыць прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення ўкраінскай выведкі Андрэй Чарняк, піша «Люстэрка». 

У Андрэя Чарняка ў інтэрв'ю ўкраінскай службе «Свабоды» спыталі, ці могуць у Беларусі адбыцца падзеі, аналагічныя «Белгарадскаму рэйду». Нагадаем, там байцы рускага Добраахвотніцкага корпуса і Легіёна «Свабода Расіі» 22 траўня ўвайшлі са зброяй на тэрыторыю Белгарадскай вобласці.

— Цяпер Беларусь абсалютна падкантрольная Расіі, падкантрольная спецслужбам, і яна наводненая расійскай агентурай, — мяркуе Чарняк. — Наколькі магчымае паўстанне? Беларусь пакуль не актыўна ўдзельнічае ў вайне. У Беларусі няма сотняў тысяч загінулых, таму як толькі яны з'явяцца, я думаю, што нейкія працэсы пачнуцца і ў Беларусі.

Ён адзначыў, што хоць беларускія ўлады прадаставілі тэрыторыю для агрэсіі Расіі, беларуская армія непасрэдна не ўдзельнічала ў баявых дзеяннях.

— Беларусь — гэта не сябар Украіны, але гэта не краіна-агрэсар. Так, яны — саўдзельнікі, — заявіў прадстаўнік ГУР.


На пытанне, ці ёсць у яго інфармацыя пра здароўе Аляксандра Лукашэнкі, Чарняк адказаў адмоўна. Пры гэтым разважаючы аб планах на будучыню, ён адзначыў, што Украіна будзе старацца захаваць бяспеку ў рэгіёне.

— Асноўная наша задача — выйсці на межы 1991 года, забраць назад свае часова акупаваныя тэрыторыі — і потым будзем глядзець далей. Безумоўна, нейкія павінны быць дзеянні, накіраваныя на тое, каб у рэгіёне было больш-менш бяспечна для ўкраінцаў, для Украіны, — сказаў прадстаўнік ГУР Мінабароны Украіны.

Нагадаем, пра магчымае паўстанне ў Беларусі з удзелам добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне, казаў і былы намеснік міністра абароны Польшчы Вальдэмар Скшыпчак. Ён лічыць, што ў выпадку поспеху ўкраінскага контрнаступлення беларусы, якія з'яўляюцца часткай УСУ, адправяцца ў Беларусь. Чыноўнік заклікаў рыхтавацца да гэтага і ўпэўнены, што Польшча павінна быць гатовая аказаць падтрымку беларускім падраздзяленням, калі тыя пачнуць аперацыю супраць Лукашэнкі.