«Чорнае не стане белым». Аляксандра Герасіменя — пра ад'езд батутыста Ганчарова ў ЗША
Алімпійскі чэмпіён 2016 года па скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў звольніўся са зборнай Беларусі і выступае ў знакамітым Cirque du Soleil у Лас-Вегасе. Пасля жніўня-2020 ён падтрымаў Лукашэнку, падпісаўшы праўладны ліст спартоўцаў, а пасля пачатку вайны ва Украіне батутыст прамаўчаў.
І гэта не адзіны прыклад, калі падпісанты праўладнага ліста сёння спакойна
працуюць у краінах Еўрасаюза і ЗША. Як ставіцца да Ганчарова і іншых такіх
беларусаў? Ці няма парадоксу ў тым, што яны, падтрымліваючы дзеючую ўладу,
атрымліваюць грошы ў «недружалюбных» да афіцыйнага Мінска краінах? Пра гэта ў
калонцы для «Л*стэрка» разважае экс-кіраўніца фонду спартыўнай салідарнасці, трохразовая алімпійская прызёрка ў плаванні Аляксандра Герасіменя.
«Усе тыя, хто падпісваў праўладны ліст пасля жніўня 2020
года, не думалі пра наступствы, — піша Аляксандра Герасіменя. — Хацелі адседзецца, адмаўчацца. На той момант
гэтыя спартоўцы толькі хацелі не выглядаць «нядобранадзейнымі» ў вачах улад.
А ў выніку пачалі з’язджаць — як Ганчароў, футбалісты. Думаю, неўзабаве прыклад
з іх возьмуць і іншыя.
Алімпійскі чэмпіён, напэўна, зразумеў, што сёння яму няма чаго
лавіць у Беларусі. У спартоўца найвышэйшага ўзроўню няма міжнародных
спаборніцтваў, і невядома, калі будуць. У такой сітуацыі страчваюцца навыкі. А
час ідзе. Для маладых атлетаў год-два — яшчэ прымальна, а для ўзроставых
(Ганчарову 27 гадоў) гэта ўжо крытычна. Там кожны месяц лічыцца.
Сумняваюся, што Ганчароў памяняў погляды. Проста ён
усвядоміў, што яго чакае найбліжэйшым часам, калі заставацца ў Беларусі. Такая
перспектыва Уладзіслава не задаволіла. А сям’ю карміць трэба. Магчыма, ён хацеў
падрыхтавацца да выступлення на яшчэ адной Алімпіядзе, але часу і магчымасцей,
паўтаруся, усё менш. Як мы ведаем, многія беларусы сёння пазбаўлены стартаў за
мяжой. І далёка не факт, што іх дапусцяць на Гульні.
Што да іншых спартоўцаў, якія выступаюць у ЕС, то ў нас
заўсёды былі падвойныя стандарты. З аднаго боку — крытыкаваць Захад, а з іншага
— карыстацца яго выгодамі, адпачываць на моры ў Еўропе або на пляжы ў Маямі.
Ніхто не хоча катацца на «Джылі», калі ёсць «Мерседэс». Паводле такой самай
логікі — навошта таптацца на месцы ў Беларусі, калі можна зарабіць добрыя грошы
за мяжой?
У Cirque du Soleil, чытала, ужо пракаментавалі запрашэнне
Ганчарова, сказаўшы, што «культура па-за палітыкай». Яны мне гэтым нагадалі
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК). Здавалася б, у МАК прыгожа гавораць пра
роўнасць і правы спартоўцаў, але на практыцы нярэдка выходзіць адваротнае.
Пачаць хаця б з магчымасцей для трэніровак у ўкраінскіх спартоўцаў… Проста
цырку выгадна, вяртаючыся да Ганчарова, каб у іх выступаў прафесіянал. Яны
карыстаюцца імем алімпійскага чэмпіёна, прыцягваюць публіку, зарабляюць. Грошы
не пахнуць. Ім усё роўна, за каго падпісваўся Ганчароў, бо рэпутацыйныя рызыкі
наўпрост не закранаюць шоу. Ну, звязаліся з праўладным беларусам — ад гэтага
наведвальнасць прадстаўленняў не знізіцца.
Паехаў Ганчароў у ЗША — поспехаў яму. Ведаеце, спартоўцу ў
Беларусі амаль заўсёды цяжка знайсці сябе пасля спорту. У нас створаны такія
ўмовы, што за атлета робяць усё: кормяць, возяць на зборы, плацяць грошы.
Толькі трэніруйся, плавай, бегай, скачы — кропка. Гэта расхалоджвае. Да таго ж
многія атрымліваюць адукацыю дзеля галачкі. У чалавека на руках паперка ў
літаральным сэнсе — без рэальных ведаў.
У выніку пасля завяршэння кар’еры вельмі складана. Нічога
рабіць, па сутнасці, спартовец не ўмее. А вось за мяжой іншае стаўленне. Там не
знаходзішся «на асаблівым рахунку», і нікога не хвалююць былыя заслугі. Хочаш
зарабляць, стаць трэнерам, паспрабаваць сябе ў новай галіне — вучыся, працуй,
даказвай. Канкурэнтнае асяроддзе. Трэба ўключаць усе рэсурсы, калі не хочаш
застацца на ўзбочыне. І ў многіх беларусаў якраз нядрэнна атрымліваецца
рэалізоўвацца за мяжой.
Ганчароў фактычна ўжо не прадстаўляе Беларусь ці іншую
краіну. Калі ж браць іншых праўладных спартоўцаў, якія працягваюць кар’еру,
выступаючы ў ЕС, ЗША, то тут трэба ўключацца міжнароднай супольнасці. Магчыма,
не выдаваць віз. Бо спорт заўсёды ў палітыцы, як бы ні спрабавалі ў нас
пераканаць у адваротным.
Зразумейце: спартовец — больш чым проста ногі-рукі,
трэніраванае цела. Для мяне гэта чалавек, які здольны і нават мусіць быць
прыкладам для астатніх. Чалавек, які пераадольвае сябе, боль. Чалавек сумленны,
які прытрымліваецца fair play для дасягнення выніку. Матыватар і крыніца натхнення.
А як такімі прыкладамі могуць быць Ганчароў, Сабаленка ці хтосьці з іншых
праўладных спартоўцаў, якія зрабілі выбар пасля 2020 года, не пайшоўшы за
сумленнем, а толькі кіруючыся ўласнай выгадай, закрыўшы вочы на праўду?
Дзяцей жа вучаць, дзе дабро, а дзе зло. Ім патрэбны атлеты-героі, якія думаюць не толькі пра сябе. А чаму навучаць праўладныя
спартоўцы? Дэмакратыя — гэта не пра ўсёдазволенасць, а пра магчымасць
выказацца, права заняць пазіцыю і несці за яе адказнасць. І раз вы прынялі
рашэнне быць на цёмным баку, то не спрабуйце сябе абяліць у вачах іншых. Чорнае
ніколі не стане белым».