«Што, у нас іншых герояў няма?». Лукашысты знайшлі сабе чарговага «ворага» — Пацу-Вацу
У пошуках «ворагаў народа» актыўныя прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі пераходзяць новыя граніцы абсурду. Цяпер, распавядае «Н*ша Ніва», у іх прэтэнзіі да Мінскага гадзіннікавага завода, які нядаўна зрабіў калекцыю з тэлеперсанажам 90-х Пацам-Вацам.
Так званы «Саюз блогераў» апублікаваў скрыншоты старых
допісаў у сацсетках Аляксандра Купрыянава, аднаго з аўтараў тэлепраграмы
«Мульціклуб», які пасля яе закрыцця захаваў ляльку персанажа Пацы-Вацы.
У іх ён параўноўвае выступленне Лукашэнкі 16 жніўня 2020
года з Гебельсам і Гітлерам, а таксама абураецца прысуджэннем прапагандысту
Рыгору Азаронку медаля «За адвагу» і называе таго задохлікам. Таксама ў яго
знайшлі рэпосты «Б*лсата», зробленыя да таго, як канал прызналі «экстрэмісцкім».
У допісе прыхільнікі Лукашэнкі называюць Купрыянава
«актыўным бэчэбэшнікам», які «ненавідзіць Прэзідэнта».
«Завод «Луч» належыць швейцарскай кампаніі, і яна, па сутнасці, што хоча, тое і вырабляе. Вось і папулярызуе персанажа. Што, у нас іншых герояў няма для гадзінніка?» — абураюцца лукашысты.
Якое дачыненне вобраз Пацы-Вацы мае да допісаў Купрыянава —
пытанне, якое не асабліва хвалюе «блогераў» у іх барацьбе са здаровым глуздам.
Пасля яны апублікавалі скрыншот рэпосту свайго допісу ў канал Азаронка і ў подпісе абвінавацілі «заходнія канторкі» ў тым, што яны сябе адчуваюць у Беларусі занадта вольна.
Праграма «Мульціклуб» выходзіла на БТ на працягу 14 гадоў. Галоўны яе персанаж — іншапланецянін Паца-Ваца, які прыляцеў на Зямлю і палюбіў свет анімацыі.
Раней паведамлялася, што лукашэнкаўцы фактычна забараняюць іншых папулярных персанажаў і «варожыя» замежныя святы.
Сёлета, напрыклад, студэнтам БДУ забаранілі святкаваць Дзень святога Валянціна і Хэлоўін.
«Нам давялі, што мы не святкуем такія святы, як Дзень
святога Валянціна або Хэлоўін, — распавядала «Л*стэрку» на ўмовах ананімнасці сябра студэнцкага саюза БДУ. — Тлумачаць гэта тым, што гэтыя святы з'яўляюцца заходнімі, ніякага
дачынення да нас і нашай культуры не маюць».
А ў школах і садках у той жа час забаранілі Чалавека-павука і герояў «Хагі вагі».
У сацыяльных сетках тады быў апублікаваны ліст аддзела адукацыі Жлобінскага раёна, у якім паведамлялася, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны прыняць «вычарпальныя меры па недапушчэнні прапаганды правядзення мерапрыемстваў, якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа». Прыкладамі такіх мерапрыемстваў былі названы святкаванне Хэлоўіна і апрананне кацюмаў герояў «Хагі вагі».
У лісце таксама было пазначана, што
забарона ўводзіцца на падставе даручэння Савета міністраў ад 30 лістапада 2022
года.
Поўны спіс забароненых у дзіцячых
садках і школах свят і герояў журналісты выдання «Фл*шток» паспрабавалі высветліць у Галоўным
упраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Падчас званка ва ўпраўленне
карэспандэнт выдання прадставіўся бацькам дзіцяці, якое наведвае адну з гомельскіх
устаноў адукацыі.
Галоўны спецыяліст аддзела
выхаваўчай і сацыяльнай работы Святлана Лучкова пацвердзіла, што забарона
сапраўды існуе. Падрабязнасці бацькам павінны расказаць падчас бліжэйшага
бацькоўскага сходу. Пры гэтым канкрэтнага спісу рэкамендацый чыноўніца агучыць
не змагла:
«Я магу вам сказаць, што гэта,
вядома ж, героі мультфільмаў, шырока прадстаўленыя на агульнанацыянальным
тэлебачанні. Гэта героі беларускіх і рускіх народных казак. Але не «імпартныя»
героі, якія не адпавядаюць беларускім каштоўнасцям. Чалавек-павук — гэта не
беларускі герой», — сказала жанчына.
На ўдакладняльнае пытанне аб тым, якое дачыненне да беларускіх каштоўнасцей маюць расійскія героі, чыноўніца ўдакладніла, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра герояў савецкіх мультфільмаў.