Ваенныя вучэнні на Гомельшчыне: музейная тэхніка і баявыя «ябацькі»
Пад выглядам нібыта прызваных на зборы грамадзян прапаганда паказвае прафесійных ваенных, а навучаюцца баявой справе яны на музейных экспанатах. Гомельскае выданне «Штодзень» працягвае маніторыць ваенныя вучэнні, якія адбываюцца ў рэгіёне.

Кадр з сюжэта ТРК «Гомель»
Тэлерадыёкампанія «Гомель» паказала сюжэт пра ваенныя вучэнні з удзелам ваеннаслужачых запасу і байцоў нядаўна створанай тэрабароны. Прапагандысты распавялі пра агнявую падрыхтоўку на стрэльбішчы каля Ельска.
Як адзначыў «Штодзень», акцэнт у сюжэце рабіўся на асваенні вайскоўцамі архаічнай зянітна-кулямётнай устаноўкі ўзору 1940-х гадоў (ЗКУ-4).
Такія ўстаноўкі выкарыстоўваліся савецкай арміяй, напрыклад, пры задушэнні вызвольнага паўстання ў Венгрыі ў 1956 годзе і падаўленні Пражскай вясны ў 1968 годзе. У дадзены момант гэты від зброі можна ўбачыць у ваенных музеях свету. У прыватнасці, у Артылерыйскім музеі Санкт-Пецярбурга і Музеі нацыянальнай арміі М’янмы.

ЗКУ-4 у вайсковым музеі Санкт-Пецярбурга. Фота: Вікіпедыя
Аднак, акрамя выкарыстання састарэлых адзінак зброі, сюжэт цікавы з пункту гледжання асоб, якія гаварылі ад імя выкліканых на зборы грамадзян.
Ад імя «запаснікоў», напрыклад, выступіў ваенны камісар Мазырскага, Нараўлянскага і Ельскага раёнаў Андрэй Аршынаў. Ягоная прамова была лаканічнай, але сам па сабе ваенкам з’яўляецца заўважнай постаццю: часта цытуюць яго пагрозы ў адрас апанентаў улады і Украіны прарэжымныя раёнкі.
Вось што ён, напрыклад, гаварыў у інтэрв’ю газеце «Жыццё Палесся» па слядах дыверсіі ў Мачулішчах, у выніку якой быў пашкоджаны расійскі самалёт А-50: «Тое, што адбылося каля аэрадрома «Мачулішчы», нельга назваць інакш як беспрэцэдэнтным тэрарыстычным актам. Такога ў гісторыі нашай краіны яшчэ не было. І тым важней вынікі аперацыі, якую правялі беларускія спецслужбы па затрыманні ўкраінскага тэрарыста і яго памагатых: спрацавалі ў вышэйшай ступені прафесійна, выявілі ўсе дзеянні дыверсанта і яго прыкрыццё ў дэталях. Гэты выпадак падкрэслівае градус геапалітычнага напалу вакол нашых меж і пацвярджае відавочнае: Украіне не патрэбен мір».
Не менш цікавым персанажам з сюжэта з’яўляецца жыхар Мазыра Сяргей Дарошка. Скусаны палескімі мошкамі таварыш заявіў, што ўдзельнічае ў вучэннях у складзе тэрытарыяльнай абароны.

Сяргей Дарошка ў складзе «тэрытарыяльнай абароны»
Аднак вядома, што ў 2000 годзе Дарошка скончыў Магілёўскую школу МУС, пазней уладкаваўся на мазырскі НПЗ, дзе працуе дагэтуль. Але вядомы гэты чалавек перадусім сваімі спартовымі дасягненнямі ў гіравым спорце. У гэтай спартовай дысцыпліне ён займеў шэраг узнгарод на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях, паставіў шэраг рэкордаў.

Дарошка ў спорце
