Чаму ў Амерыцы хочуць забараніць TikTok?

Штат Мантана на мінулым тыдні цалкам забараніў выкарыстанне платформы ТікТок. На думку амерыканскіх улад, яна пагражае нацыянальнай бяспецы. Адміністратары сэрвісу і ўладальнікі буйных крамаў з праграмамі ў сваю чаргу лічаць, што гэты закон парушае базавыя нормы свабоды слова. Спрабуем разабрацца, чаму так.

d2bc4db1330944cc226803c06cc27129.jpg


Насамрэч Амерыка не адзіная краіна, дзе выкарыстанне гэтага кітайскага сэрвісу хочуць звесці да мінімуму. Яшчэ ў сярэдзіне сакавіка чальцам урада Вялікабрытаніі забаранілі выкарыстоўваць TikTok на службовых тэлефонах, а ў красавіку дэпутат Мажыліса парламента Казахстана Аманжол Альтай прапанаваў забараніць TikTok для непаўналетніх жыхароў краіны.

У пачатку вясны задумаліся аб забароне ўсіх мабільных праграм кітайскіх кампаній і ў ЗША, у тым ліку і TikTok. Адпаведны законапраект быў падрыхтаваны прадстаўнікамі сената — дэмакратам Маркам Уорнерам і рэспубліканцам Джонам Цьюнам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адміністрацыя Джо Байдэна гатова падтрымаць яго. Папярэдні амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп у часе сваёй кадэнцыі таксама спрабаваў забараніць TikTok і WeChat.

Але першым амерыканскім штатам, дзе рэальна забаранілі кітайскую праграму, стала Мантана. Там мясцовыя парламентарыі прынялі закон, які забараняе ўстаноўку TikTok на ўсе прылады, у тым ліку прыватныя. А тыдзень таму, 17 траўня, яго падпісаў губернатар штата Грэг Джанфортэ.

Закон забараняе спампоўку TikTok у штаце, і паводле яго будзе выпісвацца штраф для любой «арганізацыі» — крамы праграм або ўласна сэрвісу TikTok — на суму ў 10 000 долараў у дзень за кожны раз, калі нехта будзе атрымліваць доступ да TikTok. Гэта азначае, што Apple і Google, якім належаць крамы праграм для прылад Apple і Android, будуць несці адказнасць за любыя парушэнні гэтага закона. Непасрэдна для карыстальнікаў штрафы пакуль не прадугледжаны і не будуць прымяняцца.

Таксама ў законе гаворыцца аб тых пагрозах, якія нібыта зыходзяць ад TikTok, у тым ліку аб сачэнні з боку падкантрольных кітайскім уладам структур. Грэг Джанфортэ згадаў гэту акалічнасць у сваім твітары, калі паведаміў аб прычынах блакіроўкі:


«Каб абараніць асабістыя даныя жыхароў Мантаны ад Камуністычнай партыі Кітая, я забараніў TikTok у Мантане».


Таксама ў законе гаворыцца, што платформа нібыта заахвочвае да «небяспечных дзеянняў» маладых карыстальнікаў, такіх, як «кіданне прадметаў у аўтамабілі, якія рухаюцца» і «падпальванне люстэркаў і наступныя спробы іх патушыць уласнымі часткамі цела». Але аналітыкі схіляюцца да таго, што ў першую чаргу блакіроўка сэрвісу носіць найперш палітычны характар.

Справа ў тым, што TikTok належыць пекінскай кампаніі «ByteDance». Гэтая платформа, як і Snapchat з YouTube, існуе дзякуючы шматмільённай аўдыторыі па ўсім свеце, гатовай дзяліцца мноствам падрабязнасцей са свайго жыцця. У амерыканскіх улад ёсць падазрэнні, што ўсе так званыя «вялікія даныя», сабраныя праз TikTok, працуюць на карысць кітайскай Камуністычнай партыі.

Праўда, заснавальнікі амерыканскага сегмента TikTok гэта адмаўляюць, заяўляючы, што перанеслі ўсе даныя аб карыстальніках з ЗША на серверы, якія знаходзяцца толькі на тэрыторыі штатаў. Іхныя апаненты ціснуць на тое, што гэта не мае ніякай розніцы, бо кожны раз, калі хтосьці запускае TikTok на сваім смартфоне, платформа атрымлівае доступ да іншых праграм гаджэта, а таксама нібыта таемна ўключае мікрафон і камеру, фіксуючы ўсе дзеянні карыстальніка.

Таксама крытыкі звярнулі ўвагу на прыняты ў 2017 годзе закон Кітая аб нацыянальнай разведцы, які абавязвае кампаніі супрацоўнічаць з урадам краіны для лепшай працы дзяржаўнай разведкі. Яшчэ адзін кітайскі закон, які быў прыняты і ўведзены ў дзеянне ў 2014 годзе, мае падобныя паўнамоцтвы. Прадстаўнікі TikTok сцвярджаюць у сваю чаргу, што кітайскія ўлады ніколі не звярталіся да іх з просьбай аб перадачы даных і яны не зрабілі б гэтага, нават калі б такая просьба і была. Адметна, што ў самім Кітаі яшчэ ўвосень 2021 года Big Data былі нацыяналізаваны, засакрэчаны і разглядаюцца цяпер выключна як агульнанацыянальны актыў.

Яшчэ адна патэнцыйная пагроза TikTok, якая абмяркоўваецца на ўзроўні Рады нацыянальнай бяспекі ЗША, складаецца ў выбарчай мадэрацыі кантэнту і своеасаблівай цэнзуры платформы. TikTok, маўляў, так ці інакш заўсёды будзе выступаць у абарону прыярытэтаў Камуністычнай партыі, блакіруючы нявыгадны для такой палітыкі кантэнт. І вось гэта сцвярджэнне цалкам адпавядае рэчаіснасці.

Таксама нацыянальнай бяспецы ЗША TikTok можа пагражаць, бо платформа перацягнула на сябе функцыі пошукавіка і паспяхова абышла ў гэтай справе Google. Бо ўжо даўно пытанні многім пошукавым сістэмам можна задаваць у фармаце фотаздымка або прагаворваць іх у мікрафон тэлефона. Але толькі ў апошні час гэта стала сапраўдным трэндам па ўсім свеце.
Ні для каго не сакрэт, што Instagram і TikTok перацягваюць трафік у вэб-пошуку Google. Бо новае пакаленне карыстальнікаў схільна ўспрымаць сеціва як інструмент з натуральным візуальным інтэрфейсам. У адказ на гэта Google спрабуе стварыць своеасаблівы аналаг рэкамендацыйнай стужкі ў TikTok, то-бок імкнецца вынайсці пошукавую сістэму нанова.
Асноўнае тут — адысці ад класічнай мадэлі, калі для атрымання патрэбнага выніку ў пошуку трэба складаць максімальна карэктны запыт. Прыклад: служба Google Lens з новай функцыяй «Multisearch», якая дазваляе правесці пошук па малюнку, а затым скарэктаваць запыт у тэкставым фармаце. Напрыклад, можна сфатаграфаваць зялёную сукенку, дапісаць «ружовая» і пачаць шукаць. Або функцыя Immersive View у картах Google, якая дазваляе падрабязна агледзець месца, куды чалавек хоча выправіцца.
Яшчэ адзін сродак павышэння якасці пошуку — выплываючыя падказкі: сістэма спрабуе пашырыць зону пошуку, падстаўляючы варыянты ў адпаведнасці з кантэнтам для канкрэтнага карыстальніка. Бо цяпер пошукавая служба «разумее» змест і кантэкст запытаў, а таксама «ведае», чаго ў сапраўднасці  хоча карыстальнік, нават калі ён аб гэтым маўчыць.
Што будзе далей, не зусім ясна, бо пакуль незразумела, якім менавіта чынам будзе выконвацца закон. Таму што ў Амерыцы няма эквівалентных кітайскім сродкаў кантролю за тым, чым карыстаюцца грамадзяне. Да ўсяго ўладальнікі крамаў праграм і сам сэрвіс не могуць чыста тэхналагічна забараніць сваім карыстальнікам з пэўнага штата карыстацца платформай. Прынамсі, пакуль.
У перспектыве — чаканая зацяжная судовая бітва паміж адміністрацыяй TikTok і ўладамі штата Мантана: першыя ўжо выступілі з адмысловай заявай, што прыняты закон парушае свабоду слова і супярэчыць першай папраўцы да амерыканскай Канстытуцыі.