Ці пагражае ЗША крах з-за дзярждоўгу? Дасье ў карыкатурах

У медыя, у тым ліку ў расейскіх, вельмі папулярныя негатыўныя прагнозы наконт будучыні эканомікі ЗША. Падставамі для такіх спекуляцый з'яўляюцца праблемы з амерыканскім дзярждоўгам. А вось як на гэта рэагуюць карыкатурысты.

6_389.jpg

Мастак Вартэн Гладан


Днямі міністр фінансаў ЗША Джанет Елен заявіла, што ўжо 1 чэрвеня ва ўрада скончацца грошы: у Белага дома можа не застацца сродкаў на фінансаванне дзяржпраграм і сацыяльных гарантый, а таксама — і не ў апошнюю чаргу — на выплаты па дзярждоўгу (як унутранаму, так і знешняму). Некаторыя СМІ разглядаюць такі сцэнар нават як пачатак агоніі Штатаў. Напрыклад, на вокладцы часопіса Bloomberg наступствы крызісу дзярждоўгу адлюстроўваюцца ў выглядзе антычнай драмы.

1_724.jpg


У цэлым гісторыя гэтая дастаткова старая: ЗША жывуць у доўг ужо вельмі шмат гадоў. Прыбыткі дзяржбюджэту ў апошні раз пакрывалі яго выдаткі ў 2001-м, і з тых часоў ЗША змушаныя стала пазычаць грошы для таго, каб плаціць па ўласных рахунках. З 2001 года дзярждоўг ЗША вырас у пяць разоў і зараз Штаты з'яўляюццаь вельмі закрэдытаванай краінай. Прычым толькі ў 2020 годзе праз эпідэмію дзярждоўг падскочыў ажно на 19%. Тэма таго, што краіна — сусветны лідар жыве ў доўг, даўно высмейваецца ў прэсе. Характэрная карыкатура Дзітэра Брэвена.

2_670.jpg


Аднак карціна не такая сумная: дзярждоўг ЗША складае 123% ВУП, і па гэтым паказчыку ЗША знаходзяцца на 11-м месцы ў свеце (першае месца традыцыйна займае Японія з суадносінамі дзярждоўга да ВУПа у 264%). Японскія мастакі таксама любяць гэтую тэму. На малюнку выдання Japan Times бацька, паказваючы на горы з надпісам "Японскі борг", кажа, што гэта нацыянальны сімвал.

3_600.jpg


Каб неяк кантраляваць сітуацыю з боргам, у ЗША існуе афіцыйна абмежаваны ўзровень дзярждоўгу, у які ў пачатку 2023-га і ўперліся. Больш браць у доўг нельга, паколькі дэфіцытны бюджэт абарочваецца рэальнай дзіркай у казне. Традыцыйным выйсцем для ЗША ёсць проста друк долараў. Аднак гэты варыянт у цяперашні час не вельмі аптымальны: запуск друкарскага станка падштурхне інфляцыю, на ўтрыманне якой амерыканскі ўрад марнуе шмат сіл. Пераканацца ў тым, што інфляцыя з'яўляецца вялікай праблемай для простых амерыканцаў, не цяжка. Гэтай з'яве прысвечана шмат карыкатур. Напрыклад, малюнак з рэсурсу Cartoon movement. На малюнку, намаляваны на банкноце долара, прэзідэнт, які моцна пацярпеў праз інфляцыю, кажа "У Бога мы верым, але ў Байдэна не вельмі".

4_563.jpg


Гэта значыць, у ЗША ўсё дрэнна, як піша тая ж расейская прэса? Насамрэч не. Выйсце з сітуацыі ёсць: трэба папросту павялічыць парог дзярждоўгу (апошні раз, дарэчы, гэта рабілі ў 2021 годзе, дадаўшы да максімальнай сумы 2,5 трлн $). Але на гэта патрэбна згода Кангрэса. А ў Кангрэсе руляць рэспубліканцы, і згоды на падвышэнні ліміту яны не даюць. Дакладней, даюць толькі ўзамен на скарачэнне выдаткаў бюджэту.

Прычым замахваюцца рэспубліканцы на святое — перадвыбарчы піяр дэмакратаў накшталт спісання студэнцкіх даўгоў. Скарачаць сацыяльныя выдаткі перад выбарамі — не вельмі добрая ідэя для ўлады, пра што ўсе ўдзельнікі працэсу ў курсе. Вось і адбываецца цалкам нармальнае палітычнае супрацьстаянне Кангрэса і прэзідэнта. Мастаку часопіса The Economist сітуацыя нагадала каўбойскі двубой.

5_518.jpg

У любым выпадку хутчэй за ўсё крызіс разруляць: дапускаць рэальны дэфолт невыгодна ні дэмакратам, ні рэспубліканцам. Па-сапраўднаму сур'ёзныя праблемы ў ЗША пачнуцца тады, калі ў іх вычарпаюцца не заканадаўчыя, а рэальныя магчымасці браць у доўг амаль нічым не абмежаваныя сумы. Аднак да гэтага пакуль далёка. Хаця ўсе разумеюць, што рана ці позна выплаты па дзярждоўгу перавысяць даходы, што і прывядзе сістэму да краху. Жыць з думкай аб тым, што ў нейкі час усё можа абрынуцца, палохае шмат каго, і асабліва маладых, амерыканцаў. Пра гэта сведчыць у тым ліку твор мастака Вартэна Гладана.

6_389.jpg