«Жыццё пасля смерці». Як сябе адчуваюць людзі ўнутры Беларусі
Знясіленыя, але не зламаныя — менавіта так можна ахарактарызаваць стан многіх беларусак і беларусаў, якія засталіся ў краіне.
З Беларусі за апошнія тры гады, паводле розных падлікаў, з'ехалі да паўмільёна чалавек, а галасы тых, хто застаецца ў краіне, у СМІ гучаць усё радзей, у тым ліку праз тое, што за гэта можа пагражаць крымінальная адказнасць. «Deutsche Welle» знайшло трох чалавек, якія на ўмовах ананімнасці пагадзіліся расказаць пра сваё жыццё ў Беларусі пасля падаўлення ўладамі масавых пратэстаў жніўня-кастрычніка 2020 года. Усе імёны герояў зменены з меркаванняў бяспекі.
«Людзі глядзяць тэлевізар, які робіць сваю справу»
«Доўгі час я чакала, што вось-вось нешта зменіцца. Нас заклікалі (апазіцыя. — Заўв. рэд.), маўляў, рабіце нешта, але гэта няпроста і страшна. Мая сястра трапіла на "суткі" праз два гады пасля пратэстаў. Сяброўку, якая прыйшла звальняцца са школы, адправілі "на гутарку" да кадэбэшніка», — расказвае мінчанка Ірына.
Жанчына прызнаецца, што баіцца затрымання, бо ў 2020 годзе даволі актыўна ўдзельнічала ў пратэстах: стаяла ў ланцужках салідарнасці, хадзіла на мітынгі, гаварыла пра палітыку на працы. Ірына працуе ў сферы адукацыі, сярод яе калег шмат жонак міліцыянтаў і вайскоўцаў, якія падтрымліваюць цяперашнія ўлады. «У 2020 годзе я спрабавала з імі размаўляць, мне было вельмі цяжка, я практычна выпала з калектыву», — згадвае жанчына.
Цяпер, паводле яе слоў, адносіны з калегамі трохі наладзіліся: яны проста не ўздымаюць вострыя тэмы. У той жа час, Ірына лічыць, што прыхільнікі ўладаў канчаткова пераканаліся ў сваёй праваце, а тыя, хто раней адмоўчваўся, часцей сталі гаварыць, што «ў краіне ўсё добра і стабільн»а.
«Людзі, якія былі ў 2020-м са мной цалкам згодныя, глядзелі адны відэа, цяпер перайшлі на іншыя каналы (дзяржаўныя. — Заўв. рэд.). Пажылыя людзі глядзяць тэлевізар, які робіць сваю справу. Мая мама, напрыклад, не разумее, дзе адкрытая прапаганда», — дзеліцца суразмоўца.
Сама яна апошнім часам перастала сачыць за навінамі і дзейнасцю апазіцыі, бо гэта «выбівала яе са спакойнага стану». Але крыўды на тых, хто з'ехаў, у яе няма. Ірына не выключае, што і яе сям'я эмігруе — у першую чаргу, праз сына, якога хутка могуць прызваць у войска. «Сын кажа, што нават калі з'едзе, то потым хацеў бы вярнуцца, рабіць нешта для сваёй краіны», — не можа стрымаць слёз жанчына.
«У людзей апатыя, але не лаяльнасць да ўладаў»
Усё часцей пра ад'езд задумваецца Вольга, якая жыве недалёка ад Мінска, працуе ў сферы гандлю і адна выхоўвае дваіх дзяцей. «Я хадзіла на перадвыбарчыя мітынгі, выходзіла (на акцыі пратэсту. — Заўв. рэд.) у сябе ў раёне. Я не столькі баюся за сябе — у мяне двое непаўнагадовых дзяцей, страшна, што іх могуць забраць. Я стамілася ад гэтага страху і бачу толькі адно выйсце: з'язджаць», — прызнаецца беларуска.
Яна сочыць за навінамі і вельмі перажывае праз тое, што Беларусь аказалася датычнай да вайны Расіі з Украінай: «Для мяне вельмі балючая тэма. Я памятаю, як нас прымалі, калі я ездзіла ва Украіну. Мяне прыгнятае, што мы страцілі павагу, нас па-іншаму ўспрымаюць у многіх краінах». Вольга мяркуе, што цяпер беларуская апазіцыя робіць больш, чым да 2020 года, але, паводле яе ацэнкі, беларусы не патрэбныя краінам, з якімі спрабуе дамаўляцца апазіцыя.
У той жа час, жанчына ўпэўненая, што падзеі 2020 года змянілі саміх беларусаў: «У людзей апатыя, але не лаяльнасць да ўладаў, паважаць і любіць іх няма за што. З аднаго боку, страшна, з другога — людзі пачалі патроху адстойваць нейкія свае правы. Нарэшце бацькі сталі абурацца паборамі ў школе і дзіцячым садку, тэлефанаваць у выканкам».
Вольга адзначае, што ганарыцца мірнымі беларускімі пратэстамі, але пры гэтым перакананая, што калі сітуацыя паўторыцца, то «ўлады на нас ужо пойдуць з кулямі, будуць падымаць баявую зброю» і «будзе не да кветак».
«Цяпер пачалося жыццё пасля смерці»
Алег называе падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года самым цяжкім і адначасова яркім перыядам у яго жыцці. Да паслявыбарчых пратэстаў мужчына працаваў у адным з дзяржаўных СМІ, пасля звальнення доўга шукаў працу і не мог зразумець, што хоча рабіць далей. «Цяпер у мяне праца, якая патрабуе мінімум адказнасці, і мяне гэта задавальняе. Грошы невялікія, трэба нешта вырашаць, але мой план — нічога не вырашаць», — кажа мужчына.
З плюсаў новай працы ён таксама называе знаёмства з цікавымі людзьмі, з якімі раней ён бы, верагодна, ніколі не сустрэўся. Алег не верыць у тое, што ў краіне найбліжэйшым часам нешта можа змяніцца ў лепшы бок. Рэпрэсіі закранулі яго сяброў і далёкіх сваякоў, некаторыя з іх за ўдзел у акцыях пратэсту атрымалі вялікія турэмныя тэрміны.
На фоне пастаяннага стрэсу ў мужчыны пагоршылася здароўе, таму ўжо некалькі месяцаў ён амаль не чытае навіны і не слухае аналітыкаў: «Я стаміўся ад навін, перастаў сачыць за павесткай апазіцыі, перастаў чытаць беларускія СМІ, проста не магу выносіць». Суразмоўца таксама прызнаецца, што ў яго расце дыстанцыя з беларусамі, якія пакінулі краіну, што часам яму «сорамна тэлефанаваць сябрам, якія з'ехалі, тлумачыць, чаму застаўся».
Мужчына таксама шчыра здзіўляецца, што ў Мінску адкрываюцца нейкія новыя ўстановы, праходзяць мерапрыемствы: «Я зачыніўся ў сваёй скрыначцы, стараюся ні ўва што не ўцягвацца. Нядаўна пачуў у адным інтэрв'ю, што цяпер у нас пачалося "жыццё пасля смерці"».