Латушка: Беспакаранасць Лукашэнкі — гэта выклік усёй міжнароднай сістэме правасуддзя
Не можа быць ніякай справядлівасці для ахвяр з Украіны, пакуль Лукашэнку не асудзяць, заявіў Павел Латушка, кіраўнік НАУ падчас выступу ў Еўрапарламенце.

Выступ намесніка кіраўніцы АПК Беларусі, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі. Еўрапарламент, Страсбург, 4 кастрычніка 2023 года.
Павел Латушка 4 кастрычніка прыняў удзел у сустрэчы, арганізаванай Еўрапарламентам, дзе прадставіў доказы міжнародных злачынстваў Лукашэнкі. У сустрэчы таксама ўзяў удзел Амбудсмен Украіны Дзмітрый Лубінец.
Падчас выступу ў Еўрапарламенце Павел Латушка адзначыў:
— Сёння Аляксандр Лукашэнка і вышэйшае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва яго рэжыму здзяйсняюць як мінімум тры з чатырох асноўных міжнародных злачынстваў супраць Украіны і яе грамадзян.
Адно з іх — прымусовае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Аляксандр Лукашэнка, чальцы яго сям'і, а таксама блізкія да яго людзі арганізавалі сістэму перавозкі дзяцей, у прыватнасці сірот, з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь.
Асноўная мэта адпраўкі гэтых дзяцей у Беларусь — іх ідэалагічная апрацоўка ў адпаведнасці з наратывамі «рускага свету».
Гэтыя дзеці ўцягваюцца ў ваенную, рэлігійную і палітычную дзейнасць. Праграма іх знаходжання ў Беларусі не ўключала ў сябе якога-небудзь значнага медыцынскага аспекту. Наяўныя доказы сведчаць пра гэта.
Аляксандр Лукашэнка як кіраўнік так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі асабіста падпісваў дакументы, якія прадугледжваюць арганізацыю падобных праграм перамяшчэння дзяцей. Толькі з верасня 2022 года па травень 2023 года ў лагер «Дубрава», які размешчаны ў Мінскай вобласці, было дастаўлена не менш за 2100 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў з 15 гарадоў Украіны.
У ходзе расследавання наша каманда ўстанавіла, што асобныя эпізоды вывазу дзяцей у Беларусь мелі месца яшчэ ў 2021 годзе. Сёння гэтых дзяцей аддаюць на ўсынаўленне ў Расіі.
Глядзіце таксама

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) прадставіла ў Міжнародны крымінальны суд доказы таго, што ні адзін выпадак перамяшчэння гэтых дзяцей не падпадае пад дазволеныя выключэнні па міжнароднаму гуманітарнаму праву.
Такім чынам, усе такія дзеці з'яўляюцца ахвярамі ваеннага злачынства і адначасова злачынствы супраць чалавечнасці ў выглядзе гвалтоўнага перамяшчэння грамадзянскага насельніцтва.
Беспакаранасць Аляксандра Лукашэнкі — гэта выклік усёй цывілізаванай супольнасці і міжнароднай сістэме правасуддзя, не кажучы ўжо пра людзей з Украіны, якія непасрэдна пацярпелі ад яго дзеянняў.
У сувязі з гэтым мы лічым крытычна важным садзейнічаць МУС у расследаванні гэтых злачынстваў. Народнае Антыкрызіснае кіраванне накіравала ў МУС камунікацыю па артыкуле 15 па гэтым пытанні і ў цяперашні час працуе над яе абнаўленнем.
Не можа быць ніякай справядлівасці для ахвяр з Украіны, пакуль Лукашэнка не асудзяць.
Глядзіце таксама
