Ці выдадуць ордэр на арышт Лукашэнкі?

Палітолаг Вадзім Мажэйка лічыць, што арышт беларускага кіраўніка — справа палітычная. Таму ордэр, хутчэй, магчымы на Дзмітрыя Шаўцова ці Аляксея Талая.

imgl0338__1__logo.jpg

Беларускаму таварыству Чырвонага Крыжа далі выбар: давядзецца адмовіцца або ад фінансавання, або ад свайго генеральнага сакратара, як пісала «Люстэрка».

У заяве па выніках расследавання Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФЧК) адзначаецца, што генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Дзмітрый Шаўцоў парушыў асноўныя прынцыпы руху, правілы выкарыстання яго эмблем і палітыку добрасумленнасці федэрацыі.

Праўленне Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца заклікае Беларускі Чырвоны Крыж звольніць Шаўцова з пасады генеральнага сакратара БТЧК да 30 лістапада гэтага года.

Калі гэтага не зробяць, МФЧК прыгразіла аўтаматычна прыпыніць сяброўства БТЧК у федэрацыі з 30 лістапада. З таго ж дня будзе спынена фінансаванне — пакуль Шаўцоў будзе заставацца на пасадзе генеральнага сакратара БТЧК.

Ад паездкі да ўкраінскіх дзяцей, якіх прывезлі ў Беларусь з часова акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый, адмовіліся ўсе еўрапейскія дыпламаты. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі. Дыпламаты таксама выказалі здзіўленне, што ў паездку не былі запрошаны прадстаўнікі амбасады Украіны ў Беларусі: «Еўрасаюз і яго дзяржавы-сябры не далучацца да візіту да ўкраінскіх дзяцей у Наваполацк 4 кастрычніка, арганізаванага МЗС Рэспублікі Беларусь», — гаварылася ў заяве.

Глядзіце таксама

Палітолаг Вадзім Мажэйка пракаментаваў «Салідарнасці» адмову еўрапейскіх дыпламатаў наведаць беларускія санаторыі з дзецьмі з Данбаса і патрабаванне зняць генсека беларускага Чырвонага Крыжа.

— Мне здаецца, што беларускія ўлады не надта разумеюць, ува што ўвязваюцца. Асабліва калі мы кажам пра чыноўнікаў, напрыклад, кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, — кажа Вадзім Мажэйка і адзначае:

— Насамрэч гаворка ідзе пра ваеннае злачынства, выкраданне дзяцей. Беларускія ўлады спрабуюць падаць гэта як дапамогу, нешта такое бяскрыўднае і добрае. Еўрапейскія дыпламаты, натуральна, не хочуць гэта легітымізаваць сваім удзелам. Для сённяшняга рэжыму не надта тыпова запрашаць кудысьці еўрапейскіх дыпламатаў, тут гэта спецыяльна рабілася, каб легітымізаваць.

Глядзіце таксама

Выдача ордэра на арышт Лукашэнкі — справа палітычная, лічыць палітолаг.

— Мне здаецца, што наўрад ці гэта хутка адбудзецца. Думаю, што ў еўрапейцаў ёсць стратэгічнае, натуральнае жаданне падзяляць Лукашэнку і Пуціна, спрыяць таму, каб яны па-рознаму сябе адчувалі.

Вадзім Мажэйка лічыць, што, хутчэй, выдача ордэра магчыма на іншых людзей. Напрыклад, Дзмітрыя Шаўцова і Аляксея Талая.

— Вось на іх можа быць выдадзены ордэр, бо гэта не нясе ніякіх палітычных наступстваў. Калі Шаўцова не адхіляць, то фінансаванне арганізацыі спыніцца, але лукашэнкаўцы працягнуць называць сябе «Чырвоны Крыж», не маючы для гэтага падстаў. Будуць жыць за кошт дабравольна-прымусовага збірання грошай са школьнікаў і студэнтаў.

Глядзіце таксама

Паводле gazetaby.comnews.zerkalo.io