Экспертка: Улады падтрымліваюць сем’і з трыма дзецьмі, а беларускі не хочуць нараджаць другога
Улады Беларусі апошнім часам заклапаціліся кепскай дэмаграфічнай сітуацыяй. Як прыклад, беларускам прыводзяць Узбекістан, — той яшчэ прыклад. Што павінна адбыцца, каб беларускія сем’і пачалі актыўна «рабіць дзяцей»?
Улады павінны матываваць жанчын нараджаць хаця б другое дзіця, а наогул беларусам варта паглядзець на шматдзетныя сем'і Узбекістана — у тую краіну «не на 100% пранікла заходняя культура, заходнія каштоўнасці». Пра гэта заявіла ў эфіры СТВ кіраўніца Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская.
На яе думку, маладыя беларускі замяшчаюць нараджэнне дзяцей «коцікамі, сабачкамі, любоўю да навакольнага свету» — і гэта ўсё «прыйшло да нас не ад нашых вытокаў».
Ці ўдасца ўладам «вярнуць моду на шматдзетныя сем'і», як марыць кіраўнік БСЖ, ці хаця б матываваць беларусак нараджаць другое дзіця, «Філін» абмеркаваў са старшым навуковым супрацоўнікам BEROC Анастасіяй Лузгіной.
— На гэтую тэму перыядычна выказваюцца чыноўнікі, тая ж Качанава нядаўна енчыла, што ў нас у першы шлюб уступаюць у 27 гадоў — гэта позна, і што трэба больш нараджаць дзяцей. Яна прапаноўвала з царквой гэтае пытанне прапрацаваць, каб жаніліся ў больш раннім узросце.
Трэба разумець: тое, што назіраецца ў Беларусі — у прынцыпе, гэта нармальная тэндэнцыя для многіх краін. Калі мы паглядзім на еўрапейскія дзяржавы, то ў Фінляндыі і Германіі ўзрост уступлення ў першы шлюб жанчын 32 гады, у Эстоніі — 30, у Літве — 28, у Швецыі — 34,8. На гэтым фоне нельга сказаць, што ў Беларусі 27 гадоў — гэта шмат.
Іншае пытанне, калі мы паглядзім на паказчыкі 10-20-гадовай даўніны, беларускі і беларусы ўступалі ў першы шлюб і адпаведна нараджалі першых дзяцей у больш раннім узросце.
Тое, што мы зараз назіраем — гэта цалкам натуральны працэс, таму што грамадства развіваецца, фарміруюцца новыя каштоўнасці, і цяпер беларусы і беларускі падыходзяць зусім па-іншаму да пытання нараджальнасці дзяцей і ўступлення ў шлюб, гэта значыць гэта ўжо свядомы выбар дарослых людзей, якія разумеюць каштоўнасць гэтага інстытута і якія нараджаюць аднаго-дваіх дзяцей і імкнуцца вырасціць асоб.
У Беларусі, як і ў іншых еўрапейскіх дзяржавах, нізкая дзіцячая і дзіцячая смяротнасць. Раней такога не было, таму і нараджалі шмат дзяцей, каб максімальна ў будучыні падоўжыць свой род.
Плюс цяпер жанчыны хочуць самарэалізоўвацца, будаваць кар'еру, і таму для таго, каб замацавацца ў жыцці прафесійна, ім трэба набыць прафесійны вопыт. Яны яго фармуюць і потым ужо сыходзяць у дэкрэт. Некаторыя чыноўнікі хочуць нас вярнуць у той час, калі галоўнае для жанчыны было — захоўваць хатні агмень.
Зразумелыя намеры ўладаў, якія хочуць, каб беларусы раней уступалі ў шлюб і адразу нараджалі дзяцей. Каб вырашыць дэмаграфічныя праблемы, пра якія ўвесь час гавораць.
Каб ствараць сям'ю з двума дзецьмі, а не з адным, акрамя лозунгаў, патрэбныя стымулы. Акрамя грошай, падтрымкі сем'яў з двума-трыма дзецьмі, павінна стварацца інфраструктура, каб жанчына магла сумяшчаць кар'еру з паўнавартасным выхаваннем дзяцей.
Для гэтага патрэбныя добрыя садкі, школы, каб быў выбар куды аддаць — у дзяржаўную або прыватную, з якім ухілам, з наяўнасцю замежных моў. Прычым выбар устаноў адукацыі розных формаў уласнасці павінен быць не толькі ў Мінску, але і па ўсёй краіне.
Цяпер у Мінску не засталося ніводнага прыватнага дзіцячага садка, а ў дзяржаўныя часцяком не запісацца.
Гэта ўсё стварае цяжкасці для мам.
Трэці фактар — калі ўзрастаюць рызыкі эканамічныя і палітычныя, людзі адчуваюць нявызначанасць: не тое, што нельга прагназаваць на 10 гадоў наперад, на 2-3 гады немагчыма планаваць сваё жыццё.
Тыя сем'і, якія плануюць дзяцей, задумваюцца, наколькі яны выцягнуць з улікам рызык, ці варта наогул цяпер нараджаць дзяцей, можа, лепш пачакаць пару гадоў, калі нейкая яснасць з'явіцца.
Мы не бачым апошняй статыстыкі па нараджальнасці, але хутчэй за ўсё, там не самая лепшая сітуацыя цяпер. Таму ўлады спрабуюць знайсці нейкія шляхі павышэння нараджальнасці і вырашэння дэмаграфічнай праблемы.
Цяпер адбываецца міграцыя з Беларусі маладых людзей. Раней больш была характэрная маятнікавая працоўная міграцыя — муж ад'язджаў у Польшчу-Літву папрацаваць, а потым вяртаўся дадому, а цяпер людзі проста перасяляюцца сем'ямі з маленькімі дзецьмі ў іншыя краіны, перш за ўсё ў Польшчу і Літву. Там у гэтых сем'яў нараджаюцца дзеці, якія маглі б з'явіцца на свет у Беларусі.
Усё гэта ў комплексе не стварае ўмовы для росту нараджальнасці і актыўнага ўступлення ў больш раннія шлюбы.
І гэта нармальны трэнд, калі ў шлюб уступаюць не дзеці, а асобы, якія сфармаваліся, якія ўжо ўладкаваліся прафесійна і могуць спакойна без напружання ўтрымліваць сваю сям'ю і атрымліваць задавальненне ад яе, а не выжываць.
— Намесніца дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» па акушэрстве і гінекалогіі Алена Гашкевіч прыводзіць статыстыку: кожны год мы маем падзенне нараджальнасці прыблізна на 10%. Якія меры могуць змяніць сітуацыю?
— Заклікі ўладаў «нараджайце больш» наўрад ці спрацуюць. У Беларусі сістэма матэрыяльнага стымулявання нараджэння дзяцей больш арыентавана на сем'і з трыма дзецьмі — прадастаўляецца сямейны капітал і дадатковыя льготы. Аднак такія стымулы не заўсёды працуюць, таму што другога дзіцяці сем'і не хочуць нараджаць.
Сітуацыя сур'ёзная, і наўрад ці ў бліжэйшай перспектыве яна зменіцца ў лепшы бок, таму што акрамя дадатковых дапамог людзі павінны адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні, з улікам таго, што яны падыходзяць свядома да сямейнага статусу і нараджэння дзяцей.