Рэжым Лукашэнкі спрабуе легалізаваць ваенныя злачынствы — НАК
Паводле інфармацыі ўкраінскага МЗС, сустрэча замежных дыпламатаў з вывезенымі ў Беларусь украінскімі дзецьмі з Лісічанска і Севераданецка плануецца 4 кастрычніка ў «месцах пражывання, навучання і аздараўлення».

«Падобныя сустрэчы — спроба легалізаваць незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, якая ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права з'яўляецца ваенным злачынствам», — лічыць Народнае антыкрызіснае кіраванне.
НАК нагадвае, што матэрыялы па незаконным перамяшчэнні дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь былі сабраныя і перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд (МКС).
«Сёння рэжым Лукашэнкі робіць крокі, каб зачысціць факты ўчыненых злачынстваў, разам з тым працягваючы паказную гульню ў інфармацыйнай прасторы, у той час як дзеці, незаконна вывезеныя з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, падвяргаюцца індактрынацыі, мілітарызацыі і русіфікацыі», – лічыць НАК.
Глядзіце таксама

Каманда НАК звяртае ўвагу на тое, што:
- НАК ідэнтыфікавала дзяцей, якія сталі ахвярамі ваеннага злачынства рэжыму Лукашэнкі, а таксама ўстанавіла асоб, адказных за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей.
- Дзеці з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны былі вывезеныя незаконна, а таму арганізацыя падобных «мерапрыемстваў» азначае спробу легалізацыі ваеннага злачынства.
- Матэрыялы аб ваенных злачынствах, звязаных з прымусовым перамяшчэннем дзяцей, ужо разглядаюцца Міжнародным крымінальным судом.
- Міжнародная супольнасць і краіны Еўрасаюза рашуча асуджаюць дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, а роля рэжыму Лукашэнкі ў ваенных злачынствах актыўна асвятляецца міжнароднымі і сусветнымі СМІ.
НАК таксама пытаецца ў прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, на якіх падставах у Беларусь вывозяцца ўкраінскія сіроты, ці давалі кампетэнтныя ўкраінскія органы згоду на іх вываз, як сустрэчы з беларускімі вайсковымі арганізацыямі дапамагаюць аздараўленню дзяцей.
Нагадаем, у канцы верасня МЗС Беларусі прапанаваў замежным дыпламатам наведаць украінскіх дзяцей у Беларусі і «ўнесці іншы пасільны ўклад у гэтую гуманітарную місію». МЗС Украіны паведаміла, што такая паездка адбудзецца 4 кастрычніка, і заклікала дыпламатаў устрымацца ад удзелу ў гэтай акцыі.
«Указаная мера мае на мэце легалізацыю незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны. Згодна з нормамі міжнароднага права, прымусовая дэпартацыя дзяцей можа кваліфікавацца як ваеннае злачынства», — заявіла МЗС Украіны.
Глядзіце таксама
