«У Лукашэнкі не сумняюцца ў тым, што рана ці позна суд ім зоймецца»
Мерапрыемства з паездкай акрэдытаваных у краіне замежных прадстаўнікоў у лагеры, у якіх утрымліваюцца выкрадзеныя ўкраінскія дзеці з Севераданецка і Лісічанска, — гэта спроба Лукашэнкі «размазаць» адказнасць за ваенныя злачынствы «тонкім пластом».
Дыпламаты краін Захаду не паехалі на запрашэнне МЗС Беларусі наведаць Наваполацк і сустрэцца з украінскімі дзецьмі, якія знаходзяцца ў краіне. Раней МЗС Украіны заклікаў замежных дыпламатаў ігнараваць запрашэнне Мінска і ўстрымацца ад наведвання месцаў знаходжання ўкраінскіх дзяцей. Разам з тым у паездку адправіліся дыпламаты з іншых дзяржаў.
«Вельмі шырокі пералік краін — 18 дэлегацый, якія прадстаўляюць найбуйнейшыя краіны свету. Гэта Кітай, Індыя, Сірыя, Пакістан, Катар, краіны СНД, Мазамбік і іншыя. Для нас велізарны гонар прымаць дэлегацыю такога высокага ўзроўню», — апісаў склад дэлегацыі старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, перадае БелТА.
З прапагандысцкага пункту гледжання, сітуацыя для беларускай улады бяспройгрышная, піша ў «Белнавінах» Генадзь Лук'яновіч. Калі нейкія дыпламаты паехалі да ўкраінскіх дзяцей, гэта можна будзе падаць, як сведчанне шырокага міжнароднага прызнання рэжыму Лукашэнкі.
Дыпламатаў, якія адмовіліся, адразу ж можна абвінаваціць у антыбеларускай пазіцыі і «нежаданні даведацца праўду». Бо, паводле афіцыйнага пункту гледжання, гэтых дзяцей не дэпартуюць і не гвалтоўна русіфікуюць, а «ратуюць».
Хоць усе, вядома, разумеюць, што за «выратаванне» не выпісваюць ордэр у Міжнародны крымінальны суд і не трактуюць яго, як ваеннае злачынства.
З пункту гледжання разважнага дыпламата (а іншых, відавочна, на гэтую працу не бяруць), тое, што прапануе Лукашэнка – у тым ці іншым выглядзе саўдзел у злачынстве, па сваіх метадах падобны на тое, як дасведчаны крымінальнік бескарысліва аказвае першую паслугу неспрактыкаванаму следчаму — пасля чаго следчы ўжо будзе на кручку.
Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман здзіўляецца, на якія наступствы разлічваюць у Мінску, акрамя таго, што паездка «ў выніку прыцягне дадатковую ўвагу Міжнароднага крымінальнага суда да Лукашэнкі».
Лукашэнка не сумняецца, што рана ці позна суд ім зоймецца. Таму сэнс усёй гэтай задумы — папераджальны: размазаць адказнасць тонкім пластом па ўсіх — ад беларускіх уладаў да замежных паслоў. Гэта, па задумцы дыктатара Беларусі, павінна адтэрмінаваць выдачу на яго імя такога ж ордэра, які ў сакавіку выпісаны яго расійскаму калегу.
Менавіта вялікая колькасць саўдзельнікаў, уключаючы замежных прадстаўнікоў, якім трэба будзе прад'явіць абвінавачанні, па ідэі, павінна адтэрмінаваць рашэнне МУС адносна Лукашэнкі.
Бо нават калі адкласці ў бок сітуацыю з дыпламатамі — Аляксандр Лукашэнка вельмі паслядоўна імкнецца ператварыць у саўдзельнікаў сваіх злачынстваў ці не ўвесь беларускі народ.
З аднаго боку, долю віны за тое, што адбываецца, нясуць удзельнікі разнастайных «саюзных» мерапрыемстваў і форумаў з удзелам прадстаўнікоў акупацыйных уладаў Данбаса, члены ваенна-патрыятычных аб'яднанняў і адфільтраваных праўладных партый.
З іншага боку, у беларусаў свядома фармуецца пачуццё знаходжання ў абложанай крэпасці, дзе любая публічная нязгода з уладамі трактуецца, як здрада на полі бою.
Па якім бы сцэнары не прайшло мерапрыемства з украінскімі дзецьмі, кіруючы рэжым здольны абгарнуць яго на сваю карысць. Фактычна адзіны, у чыіх сілах спыніць гэтыя спекуляцыі — Міжнародны крымінальны суд: чым хутчэй ён нарэшце вызначыцца з абвінавачаннем на адрас Лукашэнкі, тым хутчэй спыняцца крадзяжы дзяцей з выкарыстаннем іх у палітычных мэтах. Беларускаму дыктатару тады дакладна стане не да перформансаў, ды і сэнс у падобных акцыях знікне.