589-ы дзень вайны: Расійскі Чарнаморскі флот перабярэцца ў Абхазію?

Уначы расіяне атакавалі паўднёва-ўсходнія рэгіёны Украіны дронамі Shahed, ёсць траплянні ў аб'ект інфраструктуры ў Кіраваградскай вобласці. Супрацьпаветраная абарона Украіны ўначы знішчыла 24 з 29 ударных БПЛА. 

384200057_666260269020388_4614391040137741854_n.jpg

Расія схавае рэшткі Чарнаморскага флоту на новай базе ў акупаванай Абхазіі 

Расія размесціць караблі Чарнаморскага флоту ў Абхазіі — грузінскім рэгіёне, акупаваным Масквой у пачатку 1990-х гадоў. Пра гэта заявіў кіраўнік рэгіёну Аслан Бжанія расійскаму выданню «Известия».

«Мы падпісалі пагадненне, і ў бліжэйшы час у Ачамчырскім раёне будзе пастаянная база ВМФ Расіі», — сказаў кіраўнік Абхазіі. Пра гэта ён заявіў на наступны дзень пасля сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Нагадаем, Расія абвясціла Абхазію (а таксама іншы рэгіён Грузіі, Паўднёвую Асецію) «незалежнай дзяржавай» у 2008 годзе, пасля ўварвання расійскіх войскаў у Грузію.

Пакуль жа Расія перадыслакавала амаль паўтара дзясятка караблёў Чарнаморскага флоту з Севастопаля ў Наварасійск, які з'яўляецца найбуйнейшым портам поўдня РФ. Прычынай сталі пастаянныя атакі на флот у Крыме.

Адметна, што Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі, што Расія перавяла прынамсі дзесяць караблёў судоў Чарнаморскага флоту з Севастопаля ў Наварасійск.

МЗС Грузіі выказаў занепакоенасць заявай аб размяшчэнні базы ВМФ РФ у Абхазіі. «Падобныя дзеянні з'яўляюцца грубым парушэннем суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Сакартвела (Грузіі)», — гаворыцца ў заяве.

Начная атака «Шахідаў»: беспілотнікі ляцелі парамі

У ноч на 5 кастрычніка войска РФ  зноў атакавалі Украіну беспілотнікамі-камікадзэ. Усяго выпусцілі 29 «Шахідаў», 24 з іх збілі украінскія войскі СПА.

Беспілотнікі былі збітыя ў Адэскай, Мікалаеўскай і Кіраваградскай абласцях. Выбухі былі чутныя ў рэгіёнах з-за працы СПА.

370361778_666203329026082_4106579229785558920_n.jpg

Падчас сённяшняй атакі беспілотнікаў расіяне не змянілі сваёй тактыкі. «Шахідаў» запускалі групамі, а беспілотнікі ляталі парамі. Пра гэта прэс-сакратар ВПС Узброеных сіл Украіны Юрый Ігнат распавёў у эфіры тэлемарафону: «На жаль, у нас тыповыя ночы, тыповыя ўдары. «Шахіды» ляцяць з тых жа месцаў, адкуль іх звычайна запускаюць. Гэта Чауда, Прыморск — Ахтарск. Сёння, як і ў папярэдні раз, была Чауда», — сказаў ён.

Сёння расіяне запусцілі 29 беспілотнікаў. Яны фактычна падзялілі на 15 груп: «Можаце сабе ўявіць, што яны рухаліся па адным-два. У прыватнасці, яны рухаліся ў бок Мікалаеўскай вобласці, Ачакава, потым пайшлі на поўнач. А пад Крапіўніцкім яны кружылі і былі фактычна знішчаныя супрацьпаветранай абаронай у тым кірунку». Паводле слоў Ігната, беспілотнікі-камікадзэ знішчаліся ўкраінскай авіяцыяй, мабільнымі агнявымі групамі і зенітнымі ракетнымі падраздзяленнямі.

Навіны вайны

  • У Кіраваградскай вобласці сілы СПА падчас начной атакі збіць дзевяць беспілотнікаў РФ, аднак ёсць і траплянне ў аб'ект інфраструктуры, паведаміў кіраўнік АВА Андрэй Райковіч. Людзі не пацярпелі, грамадзянская інфраструктура не пашкоджаная.
  • Расіяне раніцай абстралялі з артылерыі Нікапаль Днепрапятроўскай вобласці, адзін чалавек паранены, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак.
  • Армія РФ абстраляла цэнтр Херсона, загінулі два чалавекі. Адзін з загінулых — работнік камунальнай службы, які якраз абразаў дрэвы.
  • У Запарожскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў параненыя два чалавекі — у Арэхаве і Каменскім, паведаміў кіраўнік АВА Юрый Малашка.
  • Каля 11 тысяч цывільных і 15 тысяч вайскоўцаў на сённяшні дзень лічацца зніклымі без вестак пры асаблівых абставінах. Пра гэта паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Леанід Цімчанка. Паводле яго слоў, інфармацыю пра кожнага зніклага без вестак уносяць у рэестр. МУС Украіны супрацоўнічае па гэтым пытанні з Нацпаліцыяй і Галоўным упраўленнем выведкі.
  • Вярнулі яшчэ 19 украінскіх дзяцей. Арганізацыя Save Ukraine паведаміла, што вывезла яшчэ 19 украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый у рамках 12-й выратавальнай місіі. Усяго каманда вярнула ва Украіну 196 дзяцей.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 5 кастрычніка: асабовага складу — каля 280 470 (+580 за мінулыя суткі) чалавек, артылерыйскіх сістэм — 6643 (+31), баявых браніраваных машын — 9052 (+26).

382993951_666285125684569_5182973703395882419_n.jpg

За мінулыя суткі на фронце адбылося 57 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. На Купянскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі атакі праціўніка ў раёне паўночней Зыбіна Харкаўскай вобласці; на Ліманскім — у раёнах на ўсход ад Макееўкі Луганскай вобласці і на паўночны захад ад Дзіброва Данецкай вобласці; на Бахмуцкім — у раёнах населеных пунктаў Грыгор'еўка, Кляшчэеўка і Андрэеўка Данецкай вобласці; на Аўдзееўскім і Мар'інскім — у раёнах Аўдзееўкі, Ластаўчына, Мар'інкі і Краснагораўкі Данецкай вобласці.

На Шахцёрскім кірунку УСУ адбілі атакі арміі РФ у раёнах населеных пунктаў Залатая Ніва і Роўнапаль Данецкай вобласці, на Запарожскім — у раёнах Новадараўкі, Вербавай і Рабоціна Запарожскай вобласці. Сілы абароны працягваюць наступ на Мелітопальскім і Бахмуцкім напрамках.

МЗС Вялікабрытаніі заявіла са спасылкай на звесткі выведкі, што Расія мае намер усталяваць марскія міны на шляху цывільных караблёў, якія вывозяць на экспарт украінскае збожжа. Не жадаючы абстрэльваць гандлёвыя караблі адкрыта, кіраўніцтва РФ будзе дзейнічаць таемна, а віну за гэта будзе спрабаваць перакласці на Украіну.


Глядзіце таксама

Навіны замежных партнёраў Украіны

Уладзімір Зяленскі — у Іспаніі

Зяленскі паведаміў, што знаходзіцца з рабочым візітам у Грэнадзе, дзе удзельнічае ў саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці. 

«Украіна нароўні з іншымі нацыямі ў нашым агульным еўрапейскім доме прымае ўдзел дзеля бяспекі і стабільнасці на кантыненце. Будзе праца ў сумесных фарматах і важныя двухбаковыя сустрэчы. Ключавое для нас, асабліва перад зімой, — узмацненне СПА, і ўжо ёсць аснова для новых дамоўленасцяў з партнёрамі. Рыхтуемся іх пацвердзіць і рэалізаваць», — адзначыў украінскі прэзідэнт.

Таксама сярод тэмаў, якія абмяркоўваюцца ў Іспаніі, — узмацненне існуючай у Еўропе архітэктуры бяспекі, сітуацыя ў Чарнаморскім рэгіёне.

  • Нямецкі канцэрн Rheinmetall паведаміў, што перадаў Украіне комплексы SurveilSpire для барацьбы з дронамі. Комплекс складаецца з назіральнай вежы з камерай дзённага і начнога бачання, аўтапілатуемых мінідронаў для патрульных палётаў і сістэмы кіравання.
  • Вашынгтон працуе з еўрапейскімі партнёрамі ў пошуку прававой базы для выкарыстання замарожаных расійскіх актываў на аднаўленне Украіны, заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен: «Гэта блізу 300 млрд долараў, і вялікая частка з іх знаходзіцца ў Еўропе, а не ў Злучаных Штатах. Так што мы глядзім, якія прававыя паўнамоцтвы можам мець мы і еўрапейцы, каб сапраўды выкарыстоўваць гэтыя актывы для Украіны».
  • Турцыя рыхтуе ў кастрычніку новую міжнародную сустрэчу па Украіне, якая адбудзецца ў Стамбуле, піша Bloomberg. Паводле інфармацыі агенцтва, Расію на яе не паклічуць, а ці будзе хтосьці ад Кітая, пакуль невядома. Сустрэча ў Стамбуле пройдзе па аналогіі з перамовамі па Украіне ў Капенгагене і Джыдзе, на якіх абмяркоўвалі формулу міру Зяленскага.