Начальнік Акрэсціна, кіраўнік турмы ў Жодзіна і іншыя сілавікі аб'яўленыя ў міжнародны вышук
Адразу некалькі сілавікоў рэжыму Лукашэнкі, якія падазраюцца ва ўчыненні злачынстваў на тэрыторыі Беларусі ў 2020 годзе, «звязаных з пазбаўленнем волі чалавека, учыненых з асаблівай жорсткасцю», аб’яўленыя ў міжнародны вышук.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка назваў прозвішчы некаторых з іх. Гэта:
- Начальнік цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама (Акрэсціна) маёр Яўген Шапяцько;
- намеснік начальніка Акрэсціна маёр Глеб Дрыль,
- начальнік турмы № 8 у Жодзіне палкоўнік Дзмітрый Страбкоў,
- прапаршчык міліцыі, мінскі амапавец Яўген Савіч,
- старшы лейтэнант з мінскай міліцыі Юлія Сакалова,
- прапаршчык міліцыі Карына Валуйская з патрульна-паставой службы міліцыі Фрунзенскага РУУС Мінска.
Усе яны падазраюцца ва ўчыненні злачынстваў на тэрыторыі Беларусі ў 2020 годзе, «звязаных з пазбаўленнем волі чалавека, учыненых з асаблівай жорсткасцю» — адказнасць за гэта прадугледжана часткай 3 арт. 189 Крымінальнага кодэкса Польшчы.
Інфармацыя пра падазраваных, паводле Латушкі, апублікаваная дзяржаўным тэлеканалам Польшчы TVP на падставе звестак пракуратуры Польшчы. У дачыненні да вышэйзгаданых асоб выдадзены еўрапейскі ордэр на арышт.
Абвяшчэнне ў вышук сілавікоў Лукашэнкі стала вынікам сумеснай працы НАУ, польскага адваката Томаша Віліньскага, прадстаўнікоў кіберпартызан, BYPOL і іншых няўрадавых арганізацый, адзначаецца ў паведамленні.