Хронікі рэпрэсій за 23 кастрычніка

Былога міліцыянта перазатрымалі ў чацвёрты раз, двойчы «экстрэмісцкім» прызналі інстаграм гурта «Дай дарогу!», а таксама збіраюцца ліквідаваць дзіцячы хоспіс — такія падзеі сёння адбыліся ўнутры Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1075 дзён, Дзяніс — 955.

***

Суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» 38-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Ёкшу за« ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве »(ч. 1 арт.342 Крымінальнага кодэкса), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Праваабаронцы паведамляюць, што, згодна з матэрыяламі справы, Ёкша ў Мінску ўзяў удзел у маршы пратэсту ў 2020 годзе, пры гэтым ён «публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у ладкі, блакаваў рух шляхам перакрыцця праезнай часткі, што прывяло да парушэння працы грамадскага транспарту і прычынення матэрыяльнай шкоды на суму 33 771 рубель 63 капейкі».

Ёкша выхоўвае двух непаўнагадовых дзяцей. У Мінску займаўся рамонтнымі і будаўнічымі работамі. Да суда ён знаходзіўся пад вартай.

***

Ахоўніка крамы «Білд» Сяргея Вальковіча зноў судзілі за падпіскі на «экстрэмісцкія рэсурсы». Як паведамляе тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!», для былога супрацоўніка міліцыі з Оршы гэта ўжо чацвёртае затрыманне запар.

Першы раз мужчыну затрымалі 3 кастрычніка на працоўным месцы ў краме. На яго склалі пяць пратаколаў за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў сем сутак арышту. Затым Вальковіча яшчэ раз арыштавалі — спачатку на 10 сутак, потым яшчэ на 5.

Чацвёрты суд прайшоў 12 кастрычніка. За падпіску на «экстрэмісцкія» рэсурсы Сяргею прызначылі яшчэ 15 сутак арышту.

Агулам мужчына адбыў за кратамі 37 дзён. На думку праваабаронцаў, такая ўвага да яго з боку органаў звязаная з былой працай у міліцыі.

***

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна прысудзіў піццаёлу гродзенскай піцэрыі Сяргея Ботвіча да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (ч.1 арт.293 КК), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Судовы працэс над Ботвічам пачаўся яшчэ 16 траўня і доўжыўся да 25 жніўня. Прысуд праваабаронцам стаў вядомы толькі цяпер.

Праваабаронцы пішуць, што Ботвіч напісаў у тэлеграм-чаце «Гародня 97%» каментары, «якія змяшчаюць выказванні пабуджальнага характару і заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў». Таксама мужчына нібыта заклікаў да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС, падпалаў і пагромаў, «гатоўнасці выкарыстання пры здзяйсненні злачынных дзеянняў бутэлек з запальнай сумессю (кактэйль Молатава), пры гэтым не давёў свой злачынны намер, накіраваны на арганізацыю масавых беспарадкаў, да канца».

Мужчына ў судзе сваю віну прызнаў часткова. Ботвіч сцвярджаў, што пакінутыя ім каментары не маюць дачынення да арганізацыі масавых беспарадкаў. Але ў судзе экспертка, дацэнт кафедры рускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы расказала, што паведамленні ўсё ж падахвочваюць да сілавога пратэсту.

Ботвіча затрымалі ў пачатку студзеня 2023 года і змясцілі ў СІЗА.

***

У Слоніме ліквідуюць дабрачынную арганізацыю «Дзіцячы хоспіс. Паліятыўная дапамога дзецям».

Судовы працэс пройдзе 27 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе. Пазоў падало Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Справу разгледзіць суддзя Жанна Краўчанка.

Арганізацыя працавала з 2007 года і займалася мерапрыемствамі ў хоспісе. Таксама 11 яе ўдзельнікаў рабілі падарункі хворым дзецям за ахвяраванні, піша «Небо в клетку».

***

У Маладзечне суд прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram-акаўнт брэсцкага музычнага гурта «Дай Дарогу!».

Характэрна, што ўсяго месяц таму гэты акаўнт ужо быў прызнаны «экстрэмісцкім». Тады рашэнне вынес суд Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, нагадваюць праваабаронцы.

Як вынікае з раскладу Маладзечанскага суда за 19 кастрычніка, пастанова пра (паўторную) забарону Instagram-старонкі «Дай Дарогу!» вынесла суддзя Таццяна Голец.

***

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. 23 кастрычнкіа ў яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «РПД Черный мост», «Беларускі Хаб "Новая Зямля"», «Пул Последнего Диктатора», «Колективи Солідарності Solidarity Collectives», «PALATNO Media»;
  • Instagram старонкі «Трэба пагаварыць», «daidarogu», «palatno_media», «youtube_belarus», «motolkohelp», «365real.reels»;
  • Facebook старонка «Palatno Media – Палатно»;
  • Telegram, Youtube і лагатып праекта «Беларускi Дабраахвотнiцкi Корпус»;
  • Старонка ў Х «PALATNO Media»;
  • Telegram-каналы і лагатыпы праектаў «Народная Амбасада Беларусi у Iталii», «Народныя Амбасады Беларусi»;
  • TikTok-старонкі «ДЗВIНОЧОК», «prezident_sveta_by», «vacreet», «belsat doc».

***

Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольгі Гарбуновай@klopat_by, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 252 дні, Максіма Знака — 257 дзён, Мікалая Статкевіча — 253 дні, Ігара Лосіка — 247 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 231 дзень, Віктара Бабарыкі — 180 дзён, Уладзіміра Гундара — 80 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1479 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1697 чалавек. Сярод іх — 180 жанчыны і 7 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.