«Сіндром адкладзенага жыцця». Беларускія ўцекачы расказалі пра спадзяванні на новыя пашпарты
Агенцтва Agence France-Presse (AFP) пагутарыла з некалькімі беларускімі ўцекачамі, якія апынуліся за мяжой праз пераслед рэжыму Лукашэнкі. «Пазбаўленыя пашпартоў, беларускія выгнанцы страчваюць надзею», пад такім загалоўкам AFP напісала пра беларускіх уцекачоў.
Калі тры гады таму ў Беларусі міліцыянты пачалі грукаць у дзьверы і дапытваць грамадзян, падазраваных ва ўдзеле ў дэмакратычных акцыях, Максім Ісаеў ведаў, што ніколі ня зможа вярнуцца.
Як і тысячы іншых, 32-гадовы інжынэр і бацька дваіх дзяцей мірна пратэставаў супраць спрэчнага перавыбраньня Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе і цяпер знаходзіцца ў вышуку ўладамі краіны.
«Я ведаю, што яны прыяжджалі на мой адрас у Беларусі і шукалі мяне», — сказаў Максім агенцтву AFP у Варшаве, дзе ён цяпер жыве з жонкай і дзецьмі.
Больш за 100 000 чалавек пакінулі Беларусь пасьля таго, як сілы бясьпекі пачалі жорстка распраўляцца з пратэстоўцамі. Многія зь іх уцякалі ў суседнюю Польшчу і краіны Балтыі.
Лукашэнка цяпер хоча іх канчаткова ізаляваць. У студзені ён падпісаў закон, які дазваляе судам пазбаўляць грамадзянства «экстрэмістаў», якія жывуць за мяжой, а ў верасьні пазбавіў беларускія амбасады права на выдачу пашпартоў.
Рашэньне фактычна пазбаўляе тысячы беларусаў магчымасьці аднавіць свае пашпарты, пакуль яны ня вернуцца ў краіну, што ўскладняе для іх замежныя паездкі, доступ да дзяржаўных паслугаў, адкрыцьцё банкаўскіх рахункаў або працаўладкаваньне.
«Калі людзей прымусяць вярнуцца ў Беларусь, многія зь іх зазнаюць адвольныя арышты і катаваньні», — заявіла AFP дакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.
Ахарактарызаваўшы ўказ Лукашэнкі як «абуральны», яна заклікала ўсе ўрады ўстрымацца ад высылкі беларусаў у іх краіну празь несапраўдныя або пратэрмінаваныя пашпарты.
Для Максіма, які баіцца, што яму пагражаюць шматлікія крымінальныя справы, у тым ліку за «тэрарызм», вяртаньне ў краіну не зьяўляецца варыянтам.
«Я ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Мітынгі, шэсьці, заклікі да санкцый», — сказаў ён.
«За падабайкі ў 2020 годзе могуць пасадзіць у турму»
Максім, тэрмін дзеяньня пашпартоў у сям’і якога заканчваецца ў 2024 годзе, абмяркоўваў з жонкай, ці бясьпечна ёй вяртацца, улічваючы, што яна менш пісала пра палітыку.
«Вы атрымаеце некалькі гадоў за свае палітычныя погляды, — сказаў Максім. — І аддадуць дзіця ў дзіцячы дом».
Яны адмовіліся ад гэтай ідэі.
Лукашэнка раскрытыкаваў тых, хто схаваўся за мяжой, як неляяльных, называючы іх «злачынцамі», якія не заслугоўваюць грамадзянства.
«Ці вартыя гэтыя людзі заставацца грамадзянамі Беларусі, калі яны ўцяклі з роднай краіны і фактычна разарвалі зь ёй адносіны?» — спытаў ён на пасяджэньні ўраду летась.
Большасьць палітычных эмігрантаў кажуць, што гэта дзяржава разарвала зь імі адносіны.
«Мой кантракт з краінай быў скасаваны ў 2020 годзе», — сказала Інга Окава, 49-гадовая былая валянтэрка, якая трапіла ў турму за спробу незалежнага назіраньня за выбарамі 2020 году.
«Яны сфальсыфікавалі ўсё, што хацелі», — уздыхнула яна.
Новыя пашпарты
Пасьля ўцёкаў ва Ўкраіну, а потым у Польшчу (пасьля ўварваньня Расеі) ёй прапанавалі часовы польскі праязны дакумэнт. Але ў наступным годзе ён заканчваецца, і яна адчайна сумуе па доме.
«Я, вядома, не адчуваю сябе часткай польскай супольнасьці», — сказала Інга, якая зараз не працуе.
«Гэта называецца сындромам адкладзенага жыцьця. Ты адчуваеш, што вяртаесься назад. Навошта вучыць польскую мову, навошта працаваць, навошта яшчэ нешта рабіць?»
Максім сказаў, што заўсёды будзе беларусам, нават бяз пашпарту.
«Мяне пакінула не мая краіна, мяне пакінула мая дзяржава», — сказаў ён.
Рашэньне забараніць аднаўленьне пашпартоў за мяжой выклікала страх сярод эмігрантаў, якім прыйшлося разьлічваць на падтрымку прыхільных эўрапейскіх дзяржаваў і ўраду Беларусі ў выгнаньні.
Лідэрка апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская, якая балятавалася супраць Лукашэнкі ў 2020 годзе, хутка прадставіла «пашпарт новай Беларусі», заклікаючы тых, у каго заканчваецца тэрмін дзеяньня дакумэнтаў, не рызыкаваць вяртацца назад.
«Праз пару месяцаў будуць выдадзеныя першыя ўзоры», — сказала Ціханоўская агенцтву AFP, дадаўшы, што спадзяецца на тое, што Эўразьвяз прызнае дакумэнт.
Аднак стварыць бюракратычны апарат, неабходны для выдачы новых пашпартоў, можа быць складана.
«Гэта цудоўная ідэя, але я ня бачу магчымасьці ажыцьцявіць яе налета», — кажа Вольга Дабравольская, якая ўзначальвае юрыдычны аддзел Беларускага цэнтру салідарнасьці.
«На гэты момант мы рэкамэндуем усім нашым бэнэфіцыярам і кліентам ужо цяпер паклапаціцца аб сваім легальным знаходжаньні, аформіць неабходныя дакумэнты», — сказала яна.
Польшча і Літва ўжо прапанавалі беларусам праязныя дакумэнты для іншаземцаў, якія часова забясьпечваюць ім такую ж абарону, як і асобам без грамадзянства. Але для большасьці беларусаў пэрспэктыва немагчымасьці вярнуцца на радзіму дастаткова балючая.
Паводле «Радыё Свабода». Захаваны правапіс арыгіналу