Недавыратавалі. Расійская кампанія хоча спагнаць пазыкі з БМЗ

У Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь праходзіць разгляд у касацыйнай інстанцыі серыі спраў аб узбуджэнні загаднай вытворчасці і спагнанні даўгоў з ААТ «Беларускі металургічны завод — кіруючая кампанія холдынга БМК». Спагнаннікам з'яўляецца расійскае акцыянернае таварыства «Псковвтормет».

Спроба страйку на БМЗ у 2020 годзе

Спроба страйку на БМЗ у 2020 годзе

«Псковвтормет» з'яўляецца адным з асноўных пастаўшчыкоў металалому для БМЗ. Кампанія валодае паркам чыгуначных паўвагонаў для транспарціроўкі лому. Дастаўка лому для патрэб БМЗ на паўвагонах «Псковвтормет» ажыццяўляецца з сямі заходніх абласцей Расійскай Федэрацыі, піша «Флагшток».

Узаемаадносіны паміж «Псковвтормет» і БМЗ будаваліся наступным чынам. Расійскія пастаўшчыкі металалому набывалі чыгуначныя вагоны «Псковвтормет» і, загрузіўшы іх сыравінай, адпраўлялі ў Жлобін. У сваю чаргу БМЗ браў на сябе абавязацельства прымаць вагоны і загружаць прадукцыяй у бок Расійскай Федэрацыі.

У цяперашні час прайсы на пастаўку прадукцыі ў Жлобін на сайце «Псковвтормет» адсутнічаюць, што можа сведчыць пра тое, што пастаўка металалому на БМЗ спынена.

БМЗ заўсёды залежаў ад расійскага металалому, які складаў больш за палову ўсіх паставак. Сітуацыя істотна змянілася ў 2022 годзе. Наведваючы летась Жлобін, намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў паведаміў, што цяпер 70% патрэбы завода ў металаломе закрывае «Белдругчармет».

Малаверагодна, што аб'ёмы нарыхтоўкі металалому ў Беларусі маглі значна павялічыцца ў кароткія тэрміны. А гэта значыць, што ранейшай патрэбы ў металаломе ў БМЗ ужо няма, таму надзейныя партнёрскія ўзаемаадносіны з «Псковвтормет» цяпер для прадпрыемства не маюць вялікага значэння.

БМЗ з’яўляецца прадпрыемствам, якое не першы год «ратуюць» беларускія ўлады. У 2021 годзе Мінфін Беларусі выдаткаваў прадпрыемству столькі грошай, што хапіла б выплаціць па 130 тысяч (!) долараў кожнаму работніку прадпрыемства. Аднак нават такія шалёныя грошы не дапамаглі — ужо ў 2022 годзе галоўны ідэолаг прадпрыемства Андрэй Кулакоўскі не выключыў адпраўкі работнікаў у вымушаныя адпачынкі на 2/3 заробку.

Глядзіце таксама