«Увесь гэты час нас шукалі». Першы допіс Аліны Нагорнай пасля эвакуацыі з Беларусі

Папулярызатарка беларускай мовы, жонка актывіста Ігара Случака Аліна Нагорная зрабіла першы допіс пасля таго, як іх сям’я выехала за мяжу з Беларусі. Апошнія гады яны фактычна жылі на радзіме на нелегальным становішчы, цяпер знаходзяцца ў Вільні.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

«Так, мы з'ехалі, — напісалаАліна Нагорная ў фэйсбуку. — Я вось цяпер стаю на вуліцы, вакол мяне людзі і камеры, і я пішу гэты пост з тэлефона ў якім стаіць сімка. Вельмі дзіўнае адчуванне.

Упершыню за тры гады я ўпэўненая, што сёння не апынуся ў турме, а дзеці ў дзіцячым доме. Але свабоды я не адчуваю, свабода — гэта калі ты можаш быць там, дзе хочаш.

Увесь гэты час мы хаваліся ў Беларусі, пераязджалі з месца на месца. Увесь гэты час нас шукалі міліцыянты, СК і сацыяльныя службы. Кожны дзень мы прымалі рашэнне застацца і працягвалі працаваць на карысць Беларусі.

Але за апошні месяц адначасова здарылася некалькі рэчаў, і нам давялося эвакуявацца (асобны дзякуй камандзе BySol, кейс быў няпросты). Гэта было цяжкае рашэнне, але заставацца стала яшчэ цяжэй.

Малышы адчулі, што мы менш напружваемся і менш стрэсуем, і звар'яцелі зусім, цяпер іх нельга пакінуць ні на хвіліну. За 30 секунд, у якія я спрабавала пераапрануцца, Тэдзік разбіў нос. Пра паспаць мы нават і не марым. Зараз нам трэба вырашыць шмат побытавых і бюракратычных пытанняў, таксама неяк працаваць і працягваць дзейнасць».

Аліна Нагорная падзякавала «кожнаму і кожнай, хто падтрымаў, хто прапанаваў дапамогу».

Яна паведаміла, што зараз сям’я мае патрэбу ў дапамозе. У прыватнасці, па доглядзе за дзецьмі ў Вільні.

Таксама Аліне і Ігару Случаку можна дапамагчы матэрыяльнымі сродкамі — зрабіць гэта можна па спасылцы на адпаведную старонку фонда салідарнасці BySol.

«Пакуль мы не ведаем, як жыць у новай рэальнасці, але будзем спрабаваць», — рэзюмавала Аліна Нагорная.

Глядзіце таксама

Пра эвакуацыю сям’і папулярызатараў беларускай мовы Ігара Случака і Аліны Нагорнай разам з двума маленькімі дзецьмі паведаміў учора кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак.

«Гэта была асаблівая эвакуацыя са складанымі і драматычнымі рашэннямі. Складаная яшчэ і тым, наколькі шмат Аліна і Ігар змаглі зрабіць, знаходзячыся ў Беларусі дагэтуль(!). Іх расповед пра жыццё апошніх трох год – гэта драматычны прыгодніцкі трылер, і гэты расповед варты асобнай кнігі. Аліна і Ігар пратрымаліся максімальна доўга, працягваючы займацца праваабарончай дзейнасцю ўнутры краіны, але кола вакол іх звузілася настолькі і справа стала такой небяспечнай, што яны былі вымушаныя з’ехаць», — напісаў Андрэй Стрыжак.

Аліна Нагорная і Ігар Случак — вядомыя абаронцы і папулярызатары беларускай мовы. Яны з’яўляюцца заснавальнікамі ініцыятывы «Умовы для мовы», выпусцілі кнігі «Абаронім мову», «Кошык вожыка», «Мова 404».