Дзяржава хоча кантраляваць усё — нават ложкі грамадзян

Вясёлкавы сцяжок, як і БЧБ, можна прыпісаць каму заўгодна — і гэта будзе падставай для здзекаў, катаванняў і зняволення. 

ruki_v.jpg

Улады на дзяржаўным узроўні спрабуюць кантраляваць асабістае жыццё беларусаў і беларусак. У ліпені ў Беларусі выпусцілі метадычку для ідэолагаў, што датычыцца пытанняў дэмаграфіі. У ёй адной з галоўных мер для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі называюць замацаванне ў новай рэдакцыі Канстытуцыі паняцця шлюбу як «саюза мужчыны і жанчыны». А ў якасці пагрозы дэмаграфіі ў іншых краінах, сярод іншага, адзначаецца «навамодная субкультура чайлдфры».

У сваю чаргу, Генпракуратура прызнала «экстрэмісцкімі» некалькі паблікаў чайлдфры ў сацсетках. А прадстаўніца ведамства Анжаліка Курчак заявіла, што чайлдфры «ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы». Таксама Генпракуратура выступіла з ініцыятывай устанаўлення адміністрацыйнай адказнасці за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў, змены полу, педафіліі і чайлдфры», піша «Deutsche Welle».

Інструмент рэпрэсій, які можна ўжыць да каго заўгодна

Беларуская праваабарончая супольнасць называе ініцыятыву Генпракуратуры «неабгрунтаваным умяшаннем у асабістае жыццё грамадзян і грамадзянак». Паводле слоў праваабаронцаў, гэта «супярэчыць міжнародным абавязацельствам Беларусі ў сферы правоў чалавека», «выклікае пагрозу для розных уразлівых груп». Акрамя таго, адзначаецца маніпулятыўны характар прыведзеных аргументаў. «Свядомае атаясамліванне псіхічных расстройстваў або злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх з ладам жыцця або індывідуальнымі асаблівасцямі з'яўляецца маніпуляцыяй грамадскай думкай, прыкладам распальвання варожасці і стыгматызацыі сацыяльных груп», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

На гэта ж звяртае ўвагу і каардынатарка па камунікацыі прадстаўніцтва па сацыяльных пытаннях Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Наста Базар. Паставіўшы ў адзін шэраг «нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, педафілію і чайлдфры», улады спрабуюць запалохаць людзей. Акрамя таго, адзначае яна, падобныя дыскрымінацыйныя ініцыятывы — дадатковы інструмент рэпрэсій, які можа быць ужыты да каго заўгодна. «Якім чынам будзе прымяняцца хімічная кастрацыя (у ліпені Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла «алгарытм лячэння педафіліі», у тым ліку з ужываннем хімічнай кастрацыі. — Заўв. рэд.), каму будзе прыпісвацца педафілія, як будзе ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць за чайлдфры і ЛГБТК+, мы не ведаем, — разважае Базар. — Чалавеку не абавязкова належаць да ЛГБТК+, яго могуць проста прыпісаць да ЛГБТК+, могуць проста сказаць, што ён "прапагандаваў", і даць штраф».


Глядзіце таксама

«Улады палохаюць, што прыйдуць геі і лесбійкі — і мы вырадзімся як нацыя»

Таксама, паводле яе слоў, сэксуальная арыентацыя — гэта не выбар чалавека, а тое, якімі людзі нараджаюцца. «Гэта можна хаваць, душыць, але гэта не выбар чалавека. Чайлдфры — гэта выбар, які маюць права зрабіць дарослыя людзі. ЛГБТК+ не роўна чайлдфры, бо ў гомасэксуальных сем'ях часта ёсць дзеці», — тлумачыць суразмоўца. На думку Базар, спрабуючы абвясціць чайлдфры «пагрозай нацыянальнай бяспецы», улады адцягваюць увагу ад сапраўдных праблем беларускага грамадства: узроўню алкагалізму, адсутнасці нармальнай сацыяльнай падтрымкі, заробкаў, ад колькасці разводаў і дзяцей у дзіцячых дамах.

«Замест таго, каб вырашаць гэтыя праблемы, яны палохаюць, што цяпер прыйдуць геі і лесбійкі — і мы вырадзімся як нацыя. Гэта проста адцягненне ўвагі: прасцей зваліць усё на невялікую групу людзей», — кажа суразмоўца. Падобныя ініцыятывы і законы, лічыць экспертка, будуць спрыяць росту варожасці і нянавісці ў беларускім грамадстве, у якім прадстаўнікі супольнасці ЛГБТ+ і так сутыкаюцца з агрэсіяй і гамафобіяй.


Глядзіце таксама

«Беларусь імітуе расійскія законы, у тым ліку гамафобныя»

«Сёння Беларусь імітуе расійскія законы, у тым ліку гамафобныя», — адзначае, у сваю чаргу, сацыялінгвіст, пісьменнік, перакладчык, адзін з рэдактараў выдавецтва «Скарына» Уладзіслаў Гарбацкі.  Гарбацкі — укладальнік першай анталогіі беларускай гей-літаратуры «Мальцы выходзяць з-пад кантролю», якая чакаецца ў верасні. У яе ўвойдуць мастацкія тэксты, прысвечаныя гей-тэме: проза, паэзія, драматургія. Назва кнігі сімвалізуе выхад з-пад кантролю патрыярхальнага кансерватыўнага грамадства і традыцыйнай літаратуры.

Большасць гісторый трагічныя і раскрываюць тэму гамафобіі ў беларускім грамадстве. Ёсць, да прыкладу, тэксты пра старэйшае пакаленне, пра геяў, якія жылі ў вёсках, там адлюстравана і тэма міграцыі актывістаў пасля 2020 года. Рэдактар адзначае, што аўтары, якія жывуць у Беларусі, альбо прасілі апублікаваць тэксты ананімна, альбо зусім іх адклікалі, баючыся за сваю бяспеку.


Глядзіце таксама

«Людзі жывуць у падполлі»

Гарбацкі звяртае ўвагу на тое, што ЛГБТ+ актывісты ў Беларусі фактычна «жывуць у падполлі»: «Кашмарнае жыццё, людзі жывуць у падполлі. Некаторыя пісалі выдатныя тэксты, карціны — цяпер не. Яны ведаюць, што нават праз тэксты, праз малюнкі, праз адну фразу на іх могуць выйсці». Адначасова, ёсць прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці, якія перайшлі «на іншы бок», падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі і, у тым ліку, палітыку гамафобіі. І гэта, паводле слоў пісьменніка, таксама страшна.

Суразмоўца DW мяркуе, што сітуацыя з правамі чалавека ў цэлым у Беларусі будзе ўсё горш: «Логіка ўсіх аўтарытарных рэжымаў, загнаных у тупік, такая, што яны будуць шукаць новых ворагаў. Гэтымі ворагамі будуць беларускамоўныя, ЛГБТК+ супольнасць, феміністкі і г. д. Сітуацыя, верагодна, будзе пагаршацца, мы гэта ўжо бачым».