Затрыманы былы палітвязень, які раней працаваў следчым. На яго завялі новую справу
Былога палітвязня Аляксея Сянькова, які выйшаў у красавіку на волю, затрымалі і зноў будуць судзіць. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на прапагандыстаў.

Фота з сайта "Вясны"
Аляксей Сянькоў — былы следчы, падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы. 7 верасня яму споўніцца 45 гадоў.
З 2012-га да 2021 г. ён працаваў на розных пасадах у Следчым камітэце. Меў ордэны і медалі, а таксама граматы за бездакорную службу. 5 ліпеня 2021 года яго затрымалі на працоўным месцы і звольнілі па згодзе бакоў. Пазней яго асудзілі да двух гадоў калоніі за нядзельныя Маршы 16 і 23 жніўня 2020 года.
У красавіку Аляксей цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчыну затрымалі ў канцы ліпеня — прапагандысты сцвярджаюць, што Аляксей нібыта «паспрабаваў уцягнуць у вырашэнне пытання за хабар сваіх былых калег. Пры гэтым заведама супрацьпраўныя дзеянні ён здзяйсняў у інтарэсах грамадзяніна Украіны, які адбывае пакаранне».
Ці сфабрыкаваная гэта справа, невядома. Аніякіх падрабязнасцяў лукашэнкаўскія прапагандысты не прыводзяць.
Глядзіце таксама

Адметна, што родны брат Аляксей Сянькова Юрый таксама з’яўляецца палітычным зняволеным. На пратэсныя маршы ў 2020 годзе яны хадзілі разам.
Юрый Сянькоў — таксама былы дзяржаўны служачы. Ён працаваў начальнікам фінансавага аддзела адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. Яму 39 гадоў.
Юрыя затрымалі 30 красавіка 2021. Яго пяць разоў асудзілі па адміністрацыйных справах, у выніку чаго ён атрымаў 50 сутак арышту. Затым яго перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе.
Як і старэйшага брата, яго абвінавацілі паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: па артыкуле 342 КК (удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — за ўдзел у тых жа самых акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 года, і па артыкуле 368 КК (абраза прэзідэнта) — за рэпост у тэлеграме. 25 жніўня 2021 суддзя Таццяна Шоцік прысудзіла Юрыю тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Утрымліваўся ў СІЗА-1, на пачатку лютага 2022 стала вядома аб пераводзе Юрыя ў ПК № 1 у Наваполацк.
На сёння, паводле даных праваабаронцаў, у Беларусі
налічваецца 1506 палітвязняў. Насамрэч іх значна болей, бо не ўся інфармацыя
пра палітычныя рэпрэсіі пасля выбараў 2020 года даходзіць да незалежных медыя і
праваабаронцаў.