Былому следчаму прысудзілі два гады калоніі за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах

5 кастрычніка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска вынеслі прысуд 43-гадоваму Аляксею Сянькову. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, піша «Вясна».

siankou_aliaksei.jpg

Мужчына — падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы, з ліпеня 2012 года да 2020 года ён працаваў на розных пасадах у Следчым камітэце, пасля падзей 2020 года яго звольнілі па пагадненні бакоў.

5 ліпеня 2021 года яго затрымалі. Аляксей Уладзіміравіч мае ордэны і медалі, а таксама граматы за бездакорную службу.

Яго малодшы брат — палітзняволены, былы чыноўнік Юрый Сянькоў.

Юрый Сянькоў — былы начальнік фінансавага аддзела адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. Яго затрымалі 30 красавіка 2021 года і пяць разоў асудзілі па адміністрацыйных справах, у выніку чаго ён атрымаў 50 сутак арышту. Затым яго перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе. Яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: па арт.342 КК — за ўдзел у акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 года і па арт. 368 КК — за рэпост у Тэлеграме. Мужчына атрымаў тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Справу Аляксея Сянькова разглядзела суддзя Наталля Бугук. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Дзмітрый Хаваўка.

Пазоў «Мінсктранса» на 11 тысяч 819 рублёў 76 капеек будзе разгледжаны ў грамадзянскім парадку.

У чым абвінавацілі?

Аляксея Сянькова абвінавацілі ў тым, што 16 і 23 жніўня 2020 года ён прыняў удзел у маршах — групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак і пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту. Таксама ён пляскаў у далоні, выкрыкваў лозунгі. Дзеянні адбываліся на праспектах Машэрава і Пераможцаў, плошчы Незалежнасці.

Паводле дзяржабвінаваўцы, віна Сянькова пацверджаная яго паказаннямі, паказаннямі сведак і пісьмовымі матэрыяламі справы.

Што кажа абвінавачаны?

Мужчына патлумачыў, што 16 жніўня сустрэўся з братам Юрыем у гандлёвым цэнтры «Карона», яны вырашылі паглядзець, колькі людзей выйшла. Не даходзячы да стэлы, яны сфатаграфаваліся разам, у руках яны не мелі сімволікі, на фоне былі сцягі БЧБ. Пасля 19 гадзін яны разышліся.

Аляксей прызнаў, што мела месца абмежаванне руху транспарта, але ён не бачыў, каб яно было побач з імі. Таксама ён прызнаў, што пляскаў у далоні і крычаў «Жыве Беларусь!».

Тое ж Аляксей адзначыў адносна падзей 23 жніўня: прыйшлі з братам паглядзець на колькасць людзей, сфатаграфаваліся непадалёк ад калоны і разышліся. Бліжэй не падыходзілі, бо бачылі тэхніку і ваенных. Ён адзначыў, што ў той дзень не выкрыкваў лозунгаў і не пляскаў у далоні.

Суддзя Наталля Бугук спыталася ў абвінавачанага: «Як вы, быўшы супрацоўнікам Следчага камітэта, дазволілі сабе пераступіць праз прысягу і здзейсніць дадзенае злачынства?»

«Можна было б што заўгодна прыдумаць і вам сказаць, але я не магу адказаць на пытанне чаму. Канкрэтных палітычных поглядаў — прыняць удзел, лозунгі — гэтага не было. Хутчэй за ўсё, хацеў убачыць натоўп людзей, прайсціся і паглядзець. Іншага адказу для сябе не знаходжу. Насамрэч вінаваты», — адказаў Аляксей.

Аляксей Сянькоў таксама адзначыў, што ў счэпках не ўдзельнічаў і непадпарадкавання не аказваў.

Што казалі сведкі?

Сямён Бычаноў распавёў, што быў з абодвума братамі на маршы 16 жніўня. Ён расказаў, што сустрэліся яны выпадкова і знаходзіліся не ля самой стэлы, а крыху ў баку. Паводле яго сведчанняў, «пляскалі ў далоні там усе, можа, і пляскаў абвінавачаны пару разоў — я дакладна не магу сказаць. Пару разоў выходзілі на праезную частку».

Ён таксама распавёў, што не бачыў супрацоўнікаў у форме і не чуў заклікаў разысціся.

Адвакат заўважыў, што пракурор задаў наводзячае пытанне аб тым, ці ўдзельнічалі знаёмыя ў несанцыянаваным мерапрыемсве, і папрасіў зняць гэтае пытанне. Суддзя адмовіла.

Падчас папярэдняга следства Бычаноў казаў, што браты пляскалі ў далоні і выгукнулі «Жыве Беларусь!». На судзе ён пагадзіўся з паказаннямі, калі яго запыталіся, чаму ён забыў гэта на судзе, ён адказаў, што расхваляваўся.

Што казаў прадстаўнік «Мінсктранса»?

«Мінсктранс» прад'явіў пазоў — 11 тысяч 819 рублёў 76 капеек. Абвінавачаны не прызнаў пазоў. Адвакат адзначыў, што пазоў і разлік шкоды складзеныя некарэктна: яны складзеныя цягам усяго дня.

Юрысконсульт «Мінсктранса» А. Кузняцова не змагла патлумачыць, як праводзіліся разлікі: яна спасылалася на тое, што ўсе разлікі прадстаўлены ў справе, іншых паказанняў яна не можа даць.

Што казалі падчас спрэчак?

Дзяржабвінаваўца адзначыў, што Сянькоў прызнаў сябе вінаватым поўнасцю за эпізод 16 жніўня 2020 года, часткова — за 23 жніўня. Нагадаў, што ён працаваў у Следчым камітэце і быў звольнены за ўдзел у масавых мерапрыемствах па пагаджэнні бакоў. Удзел Сянькова пацвярджаецца паказаннямі сведак і білінгам мабільнага тэлефона. Таксама дзяржабвінаваўца неаднаразова падкрэсліў, што абвінавачаны парушыў прысягу. Ён папрасіў пакараць Сянькова двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму: менавіта такое пакаранне прызначыла суддзя Бугук.

Адвакат, у сваю чаргу, нагадаў, што за 20 гадоў службы Сянькоў не меў нараканняў і характарызаваўся станоўча. Таксама ён адзначыў, што сям’я Сянькова мае неабходнасць у яго падтрымцы. Таксама адвакат настойваў на тым, што ўдзел у масавых мерапрыемствах можа кваліфікавацца хутчэй як злачынства паводле адміністрацыйнага артыкула, але не крымінальнага: у выніку дзеянняў Сянькова ніхто не пацярпеў, нічога не было паламана.

Аляксей Сянькоў не пагадзіўся з тым, што мусіць пакрыць шкоду цалкам, і настойваў на тым, што павінен пакрыць яе толькі за той перыяд, што знаходзіўся на праезнай частцы.