Доўгая дарога да той краіны, у якой захочацца застацца
17 траўня — Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, якая ў цяперашняй Беларусі набыла сваю крайнюю, самую вычварную форму.
Памятаю, як упершыню зразумеў, што трэба валіць з гэтай краіны. Гэта быў пачатак 2019 года: я толькі-толькі скончыў універ, і мая працоўная кар’ера ў СМІ была ў стане зародку. А вось кар’ера колішняга міністра МУС Ігара Шуневіча была на самай вяршыні. Нашчадак сталінскіх катаў, які ганарыцца гэтай пераемнасцю, у інтэрв’ю на дзяржаўным тэлебачанні тады назваў ЛГБТК-людзей «дзіравымі» і заявіў, што МУС «ахоўвае інстытут маральнасці дзяржавы».
Калі чалавек у форму НКУС ахоўвае «маральнасць дзяржавы», то нічога добрага ад гэтай дзяржавы чакаць не даводзіцца. Потым былі іншыя «зорныя» выступы Шуневіча — ад ініцыятывы сачыць за палавым жыццём дзяўчат да збіцця цыганскай меншасці, за якое «міністру не трэба выбачацца». Дзесьці паміж гэтым быў злапомны «гарадавы», за якога людзей саджалі на «суткі», і скандал з брытанскай амбасадай — калі МУС заявіла, што «аднаполыя стасункі — гэта падробка», што яны (то-бок, міліцыянты) — за «сапраўднае», а мы (то-бок, геі і лесбійкі) — «не пройдзем».
Валіць, канечне, трэба было задоўга да таго, як з’явіўся Шуневіч. Тут, у гэтым балоце, бурліла заўсёды, адно што на паверхню вылазіла няшмат. Экс-міністр стаў самым яскравым адлюстраваннем сутнасці сістэмы, але не яе выключэннем, не хібай — а правілам, па якім сістэма заўсёды існавала.
Можна зразумець, адкуль такая гамафобія ў нашых «доблесных ахоўнікаў»: яны існуюць у парадыгме ўлады і гвалту, дзе самае страшнае пакаранне ажыццяўляецца праз сэксуальны акт. Можна зразумець, адкуль гамафобія ў чыноўнікаў — калі самы галоўны з іх увесь час транслюе «ненахіляемасць», гэты наратыў сам сабою замацоўваецца ў свядомасці. Але адкуль такая нянавісць да іншых, падагрэтая прадстаўнікамі розных канфесій і праўладных арганізацый, з’явілася ў звычайных людзей?
Валіць трэба было ў 2020-м, калі мы разам выходзілі «за ўсё добрае і супраць усяго злога», а потым аказалася, што ў «добрага» таксама ёсць свае адценні — і вясёлкаваму сцягу сярод іх не месца. На Акрэсціна было шмат сэксуалізаванага гвалту, і людзі, якія адтуль выходзілі, сумна жартавалі, што так званыя «праваахоўныя органы» самі робяць усё дзеля таго, каб у нас ніколі больш не было гамафобіі. Але праз тры гады, думаючы пра тое, у якім грамадстве мы будзем жыць, калі рэпрэсіі скончацца, я не бачу такога аптымізму.
Тысячы людзей прайшлі і праходзяць праз турмы, літаральна скурай убіраючы ў сябе турэмныя «паняцці», законы, мову — і гэта тое, што не выкараніш, што застанецца з людзьмі да канца. Так было ў беларускага пісьменніка Сяргея Грахоўскага, які прайшоў праз лагеры, турэмны жаргон памятаў усё жыццё і мог на ім любога «паставіць на месца».
Страх стаць «апушчаным», страціць свой звыклы статус, выпасці з грамадства падсвядома застаецца — і, можа быць, менавіта ён спрацоўвае ў тых, хто найгучней за ўсіх адстойвае «традыцыйныя каштоўнасці» і царкоўныя запаветы.
Так, гэта не пра каханне. Але пра яго тут думаюць у апошнюю чаргу. Святара, да якога я хадзіў у спадзеве прымірыць сэксуальнасць і веру, не хвалявала, што я кахаю. Бог ёсць любоў — але толькі калі гэта любоў «правільная», дазволеная ўладай і законам. Усё астатняе — ад д’ябла, грэх, злачынства і павінна пераследавацца ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам. Ці без яго — калі раптам не да законаў.
Таму можна затрымліваць «вычварэнцаў» і здымаць з імі публічныя «пакаянні», можна цэлыя фільмы здымаць для прапаганды, што будзе абараняць «інстытут маральнасці» ў дзяржаве, якая ўжо даўно забыла пра ўсялякую маральнасць і дзеля таго, каб гэта схаваць, прыдумляе грахі для іншых. Дзяржаве не важна, што я люблю сваю краіну, ёй не важныя мае кампетэнцыі, веды і ўменні. Значэнне мае толькі тое, з кім я сплю — ну, і яшчэ як стаўлюся да Лукашэнкі. І ні па адным, ні па другім параметры на званне «сапраўднага беларуса» я не падыходжу.
«Людзям трэба тлумачыць», — гавораць мне знаёмыя. Я стаміўся тлумачыць. Стаміўся, таму што не разумею, чым яны больш «правільныя» за мяне. Чым маё каханне адрозніваецца ад іхняга. Чаму яны могуць быць тут па змоўчанні, а мне трэба шукаць іншае месца — хаця я гэтак жа нарадзіўся тут, і пашпарт у мяне такі ж.
Рана ці позна, калі палітвязні выйдуць з турмаў і пачнецца новая гульня ў грамадства, мы будзем прымаць новую Канстытуцыю. У тым праекце, які проста зараз рыхтуюць так званыя дэмакратычныя сілы, мне месца няма. «Людзям трэба тлумачыць, — зноў гавораць яны. — А тады прымаць закон». А я думаю, што калі, да прыкладу, не прапісаць у законе, што дзяцей біць нельга, людзі, якім гэта тысячу разоў тлумачылі, так і будуць працягваць «традыцыйнае выхаванне». Калі ў законе не прапісаць, што няма аніяках «дармаедаў», то наша падаткавая так і працягне складаць свае «спісы шчасця». Калі ў законе не прапісаць, што такое сапраўдныя «экстрэмізм» і «тэрарызм», мы і ў будучыні будзем мець тысячы адвольных затрыманняў і перапоўненыя турмы.
Людзям трэба будзе тлумачыць многія рэчы — пра закон і справядлівасць, пра вымушаныя эміграцыю і маўчанне, пра планы і бачанне будучыні. Але калі трэба будзе тлумачыць яшчэ і пра любоў, то гэта будзе вельмі доўгая дарога да той краіны, у якой захочацца застацца.