Генпракуратура: Шуневіч пра «дзіравых грамадзян» выказаў «асабістае меркаванне»

Генеральная пракуратура адказала на зварот Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў сувязі з выказваннямі міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ў адрас ЛГБТК-супольнасці.

 Ігар Шуневіч

 Ігар Шуневіч


Начальніца аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзянаў Марына Папова пры вывучэнні зместу інтэрв'ю Ігара Шуневіча тэлеканалу АНТ устанавіла, што міністрам было “выказана асабістае меркаванне па некаторых пытаннях”.

"У дадзеным артыкуле не выкарыстоўваюцца словы, фразы і словазлучэнні, ужыванне якіх дазволіла б сцвярджаць аб наяўнасці ў іх складу якога-небудзь правапарушэння або крымінальна пакаральнага дзеяння", — адзначаецца ў адказе.

У сувязі з гэтым, Генеральная пракуратура палічыла, што падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання няма.

Аднак праваабаронцы адзначаюць, што публічныя дыскрымінацыйныя выказванні ў адрас якой-небудзь групы або выказванні, якія распальваюць варожасць, — часта і з’яўляюцца выказваннем асабістага меркавання.

Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі адзначае, што “асабістае меркаванне”, выказанае службовай асобай, міністрам Шуневічам публічна, з’яўляецца падбухторваннем да дыскрымінацыі пэўнай сацыяльнай групы.

“Неверагодна, — адзначае праваабаронца, — што гэта мы чуем з вуснаў міністра. Нават у калоніі, калі я там сядзеў, я ніколі не чуў падобных думак з боку супрацоўнікаў. Нават там яны разумеюць, што такі слэнг і такія выказванні недапушчальныя. Міністр унутраных спраў краіны загаварыў на турэмным жаргоне і пачаў выдаваць перлы як стары зэк! Вось такі, на жаль, культурны і маральны ўзровень гэтай асобы, якія адказвае за важны накірунак жыццядзейнасці нашай дзяржавы”.

У артыкуле ж 19 Міжнароднага пакта аб палітычных і грамадзянскіх правах разам з забеспячэннем права кожнага чалавека на свабоднае выказванне свайго меркавання, утрымліваецца і абмежаванне гэтага самага права.

"Карыстанне прадугледжанымі ў гэтым артыкуле правамі накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, такім чынам, спалучана з некаторымі абмежаваннямі для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў", — адзначаецца ў Пакце.

Нагадаем, праваабаронцы "Вясны" накіравалі заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі праверку па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра унутранных спраў Ігара Шуневіча па тэлебачанню.

Гаворка ішла пра інтэрв’ю міністра, у якім ён выказаўся адносна грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, што належаць да супольнасці ЛГБТК+, назваўшы іх “дзіравымі”.

spring96.org