Былы сукамернік Брэдзелева: «У ЦІП ён прыехаў з цалкам фіялетавымі нагамі»

У Мінскім гарадскім судзе 24 кастрычніка да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 35-гадовага палітзняволенага, кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева. Яго абвінавацілі ў «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК) за тое, што нібыта блогер Антон Матолька на сваім канале піярыў A1 са жніўня па снежань 2020 года. Хаця тэлеграм-канал «М*толькоПомоги» быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем» толькі 17 сакавіка 2022 года.

ff0tnsvwaaeyykg.jpg

Пасля затрымання Мікалая ў снежні 2021 года стала вядома, што сілавікі яго збівалі, але не былі вядомыя падрабязнасці. Сукамернік Мікалая з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна (яго імя не раскрываецца ў мэтах бяспекі) распавёў праваабаронцам, у якім стане Брэдзелеў трапіў у камеру.

Мікалай Брэдзелеў з сябрам Аляксеем быў затрыманы 10 снежня 2021 года супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Яго былы сукамернік распавядае, што Мікалая ў ЦІП прывезлі ўсяго збітага: «У ЦІП ён прыехаў з цалкам фіялетавымі нагамі, збівалі моцна. Мяркуючы па яго стане — прымалі жорстка. Мы — 15-20 чалавек — спалі на падлозе, таму распраналіся да майткоў, бо ацяпленне было на максімуме. Таму ўсе бачылі сінякі Мікалая. Гэта былі прама чорна-фіялетавыя па ўсіх сцёгнах, на целе таксама былі: спіна, бакі. Ніколі не забуду».

Экс-сукамернік Мікалая ўспамінае, што той не распавядаў падрабязнасці свайго затрымання. Паводле яго, ён нават выказаць здагадку не можа, чым і як трэба было збіваць чалавека, каб утварыліся такія гематомы: «Калі дубінкай, то трэба вельмі шмат разоў ударыць, каб атрымаць такое суцэльнае заліванне».

Мікалая затрымлівалі з яго сябрам Аляксеем. Яго сукамернік распавядаў «Н*шай Ніве», што той таксама быў моцна збіты: «Мікалая Брэдзелева і яго сябра-адваката Аляксея, як я ведаю, затрымлівалі разам і вельмі жорстка. Іх збілі, у кватэры трушчылі тэхніку. Адвакат быў сінюшны: ногі ў сіняках, паясніца, сіняк пад вокам».

Як адразу паведамлялася ў праўладных тэлеграм-каналах, дзе было апублікавана і «пакаяльнае» відэа з Брэдзелевым, Мікалай нібыта з ліпеня 2020-га перадаваў трэцім асобам інфармацыю, звязаную з яго прафесійнай дзейнасцю (даныя кліентаў А1), але потым у кампаніі заявілі, што Брэдзелеў не меў доступу да даных кліентаў.

«Яго вазілі на допыт з ЦІПа і, як цяпер памятаю, ён прыехаў назад і сказаў, што следчыя прызнаюць, што на яго няма нічога і маўляў «яго падставілі». Ён заўсёды сцвярджаў, што ў яго няма нават доступу да гэтай інфармацыі, у сліве якой яго падазравалі», — кажа былы сукамернік палітвязня.

Ён таксама ўзгадвае яго моцныя хваляванні: «Ён вельмі перажываў, быў настроены песімістычна і ў дэпрэсіі. Пазней акрыяў духам, узяўся за спорт, пачаў шмат чытаць... Але ўсё ж ён спадзяваўся, што яго апраўдаюць».

Адразу Мікалая асудзілі да 15 сутак, а потым прад'явілі абвінавачанне і перавялі ў СІЗА-1. Пасля дзесяці месяцаў пад вартай над Брэдзелевым распачаўся суд, але судзілі яго не па артыкулах за «зліў даных». У Мінскім гарадскім судзе 24 кастрычніка Мікалая асудзілі да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў «фінансаванні экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-2 КК) і апраўдалі па ч. 2 арт. 424 КК («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі») за недаказанасцю віны. Суд над Мікалаем праходзіў у закрытым рэжыме, таму яго падрабязнасці невядомыя.

«Вельмі прыемны, інтэлігентны і шчыры чалавек. Ён вясёлы і актыўны таварыш, майстар гульні ў «Кракадзіла» і «Мафію» — мы на працягу дня бавілі час за рознымі гульнямі», — успамінае час у ЦІП былы сукамернік Мікалая.