Аўтара «Новага часу», журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына змясцілі ў карцар

«Усё ж перавод Дзяніса Івашына ў іншую камеру быў чарговай спробай дадатковага катавання. Дзяніс зноўку ў карцары, перадачы не прымаюць», — напісала ягоная жонка Вольга.

photo_2022_11_06_17_45_28.jpg


«”Сарафаннае радыё” гарадзенскай вязьніцы прынесла інфармацыю пра ўмовы ўтрыманьня Дзяніса Івашына ў карцары. Гэтым разам у адзіночцы таксама досыць халадно, але наш ваяр загартаваўся за час палону, і перададзеная намі тэрмабялізна дапамагае. Таму Дзяніс, сьцяўшы зубы, трывае, бо разумее, што падчас вайны складана ствараць і захоўваць добрую вонкавую абстаноўку. Як я ўжо казала, у кожнага цяпер свой адмежак фронту барацьбы з адвечным ворагам усяго чалавецтва. Сёньня мы, напрыклад, даведаліся пра раненьне Дзяніса Урбановіча, то зычым яму хутчэйшага ацаленьня!» — напісала жонка палітвязня.

«Мясцовая акупацыйная адміністрацыя рэжыма нутранай акупацыі, выкарыстоўваюць у вайне з уласным народам адзіны дасяжны сродак — тэрор. Грабуць у палон усіх, не зважаючы на ўзрост, стан здароўя ці што іншае. І гэтым яны злуюць тысячы людзей вельмі моцна, праўда, да самага апошняга моманту яны будуць шчыра верыць, што "перамаглі" і "ім нічога болей не пагражае", што ў іх верныя сабачкі-ахоўнікі.

Чалавек, які ўсё жыцьцё жыве двудушна, спрабуючы рабіць выгляд прыстойнага й маральнага законапаслухмянага грамадзяніна, паралельна ўжываючы нахабную беспрасьветную ману, ніколі не зразумее, што ахвярай сваёй жа хлусьні, свайго непраўдзівага ўяўленьня пра выдуманую ім жа рэчаіснасьць ён найперш і станецца ўрэшце. Прапаганда дзейнічае ня толькі на канцавых адрасатаў, але й на яе аўтараў, якімі б разумнымі сябе гэтыя ідыёты ні лічылі.

Але, як Беларуская народная мудрасьць кажа, свае мазгі ня ўставіш, то ім пэўна наканавана захлынуцца ў наступствах уласнай ганебнай двудушнасьці. Абы толькі хутчэй, каб нашыя палонныя як мага меней часу (асабістых і сямейных сьвятаў, як Марына Золатава, напрыклад) і здароўя згубілі», — піша Вольга Івашына.


Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын быў затрыманы пасля публікацыі чарговай часткі расследавання пра былых беркутаўцаў, якія працавалі ў мінскім АМАПе.

Дзяніс супрацоўнічаў як валанцёр з камандай расследавальнікаў «InformNapalm», якая пісала пра ўплыў Расіі на Беларусь, Сірыю, Украіну і іншыя краіны. Таксама Івашын працаваў у «Новым Часе», вядомы публікацыямі пра рэстаран «Поедем поедим», пабудаваны побач з месцам масавых расстрэлаў беларусаў у Курапатах.

Дзяніса Івашына абвінавацілі ва «ўмяшанні ў дзейнасць міліцыянераў» і ў «здрадзе дзяржаве». Суддзя Гродзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі прысудзіў палітзняволенаму журналісту, аўтару «Новага Часу» Дзянісу Івашыну 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі, а таксама штраф у памеры 150 базавых велічынь.