Чэмпіянат свету па футболе: Катар абвінавачвае Германію ў падвойных стандартах

20 лістапада ў Катары стартуе чэмпіянат свету па футболе. Праваабарончыя арганізацыі выступаюць супраць правядзення спаборніцтваў у гэтай краіне праз складаную сітуацыю з правамі чалавека.

Ілюстрацыйнае фота: «Picture Alliance»

Ілюстрацыйнае фота: «Picture Alliance»


Міністр замежных спраў Катара абвінаваціў Германію ў «падвойных стандартах» праз крытыку сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, якая рыхтуецца прыняць у сябе чэмпіянат свету па футболе.
Катар сутыкнуўся з рэзкай крытыкай з боку праваабарончых арганізацый за стаўленне да рабочых-мігрантаў, якія, разам з іншымі замежнікамі, складаюць асноўную частку насельніцтва краіны.
Міністэрства замежных спраў Катара ў мінулым месяцы выклікала амбасадара Германіі ў сувязі з каментарамі міністаркі ўнутраных спраў Нэнсі Фейзер наконт таго, што, выбіраючы краіну, якая будзе прымаць чэмпіянат свету, варта ўлічваць сітуацыю з правамі чалавека ў ёй.
«З аднаго боку, урадавыя палітыкі дэзынфармуюць насельніцтва Германіі, з іншага боку, ва ўрада няма праблем з намі, калі гаворка заходзіць пра энергетычнае партнёрства або інвестыцыі», — сказаў шэйх Мухамед бен Абдулрахман Аль Тані ў інтэрв'ю газеце «Frankfurter Allgemeine Zeitung».
«Нас раздражняюць падвойныя стандарты», — адзначыў ён, дадаўшы, што Катар сутыкнуўся з цэлай кампаніяй супраць яго на працягу 12 гадоў з таго часу, як быў абраны для правядзення чэмпіянату свету, з якой, паводле яго слоў, не сутыкалася ні адна іншая краіна.
27 кастрычніка, усяго за некалькі тыдняў да пачатку ЧС-2022, Нэнсі Фезер, у абавязкі якой, апроч іншага, уваходзіць садзейнічанне развіццю спорту ў Германіі, у эфіры грамадска-прававога тэлеканала «ARD» крытычна адгукнулася аб рашэнні правесці футбольны чэмпіянат свету ў Катары. «Мы як урад Германіі лічым прадастаўленне такога права выключна цяжкім пытаннем», — сказала міністарка, выступаючы ў перадачы «ARD-Magazin Monitor».
Урад Германіі перакананы, што права праводзіць буйныя спартыўныя спаборніцтвы павінна быць звязана з выкананнем пэўных крытэрыяў, працягнула Фезер, «а менавіта з захаваннем правоў чалавека і прынцыпаў ўстойлівага развіцця». Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне мадэратара аб правядзенні ЧС-2022 менавіта ў Катары, Фрэзер падкрэсліла: «Існуюць крытэрыі, якіх трэба прытрымлівацца, і было б лепш, калі б права (праводзіць буйныя спартыўныя спаборніцтвы. Заўв. рэд.) такім дзяржавам не давалі».