Вольга Севярынец выпусціла каляндар на 2023 год з малюнкамі мужа

Неўзабаве можа з’явіцца і «настолка» па віктарыне Паўла Севярынца, якую ён распрацаваў у турме.

278363113_4798408696936239_4255823741176886201_n_logo_1.jpg


«Асаблівых навін ад Паўла няма, хаця лісты даходзяць і мне, і сыну Францішку, — распавяла «Народнай волі»  Вольга Севярынец. — Як вядома, Павел рэгулярна дасылаў у лістах розныя малюнкі, у тым ліку і выявы храмаў, і гэта стала падставай, каб рэалізаваць некаторыя ідэі. Хачу паведаміць, што ўжо надрукаваны каляндар на 2023 год з малюнкамі Паўла. На малюнках — храмы, а таксама словы мужа пра веру і Бога. У бліжэйшы час я планую прарэкламаваць гэты маляўнічы каляндар, але пакуль няма добрых фотаздымкаў».

Паводле слоў Вольгі, таксама за час знаходжання ў няволі Павел склаў хрысціянскую віктарыну, якую назваў «Дрэва жыцця». Там амаль 330 пытанняў па дзесяці тэмах, віктарына прысвечана вядомым людзям, падзеям, паняццям, а таксама беларусам, якія верылі ў Бога і змянялі краіну.

На аснове віктарыны ў бліжэйшы час павінна з’явіцца і настольная агульнаадукацыйная гульня на беларускай мове.

За кратамі Павел Севярынец знаходзіцца з 7 чэрвеня 2020 года. 25 траўня 2021 года ў Магілёўскім абласным судзе суддзя Ірына Ланчава асудзіла Паўла Севярынца па артыкуле аб «Арганізацыі масавых беспарадкаў» на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі ж тэрмін атрымалі Яўген Афнагель і Андрэй Войніч. Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага пакаралі тэрмінам у 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ірыну Шчасную — чатырма гадамі калоніі агульнага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Падтрымаць Паўла Севярынца можна лістом на адрас: ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.