Журналістка Сняжана Інанец з СІЗА: Ніколі ў жыцці я так доўга і якасна не лайдачыла
Сябры журналісткі Сняжаны Інанец падзяліліся лістом, які прыйшоў ад яе з Валадаркі, піша БАЖ.

«У цэлым у мяне ўсё ў парадку: і настрой, і ўмовы побыту. Нават не ўспомню, калі я яшчэ ў жыцці так доўга і якасна лайдачыла. Вось ужо магчымасць адцягнуцца ад працоўнай руціны, хех. Шмат чытаю. Яшчэ больш — які жах! — ем. Ёсць небяспека выкаціцца адсюль калабком, але я ўсё ж паспрабую да такога не дайсці. З іншага боку, галоўнае — адсюль выйсці.
Ходзім на прагулкі, стараемся дыхаць восенню. Ну і сам па
сабе старадаўні замак 19-га стагоддзя — тая яшчэ дзеючая асоба.
Гэта дастаткова незвычайна — жыць у замку. Яшчэ і разам з
мужам. У наступны раз буду фармуляваць жаданні асцярожней.
Я праўда пакуль у парадку. Не сумуйце, з часам усё будзе
добра», — напісала Сняжана.

Сілавікі затрымалі журналістку партала «Onliner» Сняжану
Інанец разам з мужам — мінскім журналістам, краязнаўцам Аляксандрам Лычаўкам —
6 кастрычніка. Аб падрабязнасцях затрымання не паведамлялася. Ёй прад'яўлены абвінавачванні паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка
дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Праваабаронцы прызналі сямейную пару палітвязнямі.