Журналіста Генадзя Мажэйку неўзабаве будуць судзіць
У снежні адбудзецца суд над журналістам-палітвязнем Генадзем Мажэйкам.

Палітзняволенаму журналісту «Камсамольскай праўды» Генадзю Мажэйку ставяць у віну два артыкулы Крымінальнага кодэкса: аб распальванні сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК) і аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК).
Паводле папярэдніх звестак, затрыманне звязана з артыкулам «Камсамольскай праўды», у якім знаёмая загінулага Андрэя Зельцэра станоўча пра яго адгукнулася. Менавіта аўтарства Генадзя пад гэтым тэкстам стала падставай.
Пасля публікацыі нататкі Мажэйкі, якая праіснавала на сайце 3 хвіліны, сайт «Камсамольскай праўды» быў заблакіраваны Міністэрствам інфармацыі. Галоўны рэдактар «Камсамольскай праўды» Уладзімір Сунгоркін пракаментаваў блакіраванне сайта так: у Беларусі такім чынам «рэалізуецца жорсткая дзяржаўная палітыка па ўсталяванні поўнага кантролю за медыя». На яго погляд, беларускія ўлады баяцца незалежных медыя праз цяжкую палітычную і эканамічную сітуацыю.
Пасля гэтага «Камсамольская праўда» вырашыла ўвогуле спыніць дзейнасць у Беларусі і закрыла сваё прадстаўніцтва.

За кратамі журналіст знаходзіцца больш за год. Генадзя затрымалі ў Маскве 1 кастрычніка 2021 года. А ў канцы снежня 2021-га яго перавялі з СТ №8 у мінскі СІЗА-1.
Справа Генадзя будзе разглядацца ў Мінскім гарадскім судзе 1 снежня. Працэс будзе весці суддзя Таццяна Фалькоўская, якая нядаўна прысудзіла 8 гадоў калоніі журналістцы Ксеніі Луцкінай. Пакуль няма інфармацыі, будзе справа разглядацца ў адкрытым ці ў закрытым судовым пасяджэнні.

Як пісаў «НЧ», былы палітвязень Аляксей Кавалеўскі пасля вызвалення распавёў падрабязнасці затрымання Генадзя: «Ён паехаў у Маскву і хацеў адтуль вылецець кудысьці. Яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ у аэрапорце ў Маскве. Потым завезлі на беларускую мяжу і перадалі КДБ Беларусі. Расейцы тут супрацоўнічалі без усялякіх працэдур».

Падтрымаць журналіста можна пасылкамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Генадзю Мікалаевічу Мажэйку.