Год таму адбыліся масавыя затрыманні па «справе Зельцэра»: не менш за 46 чалавек асуджаныя

Год таму, 29 і 30 верасня, па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманні за каментары ў сацыяльных сетках пра гібель IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. КДБ уключыў мінімум 15 фігурантаў «справы Зельцэра» ў шэрагі «экстрэмістаў», сярод іх — тры жанчыны. 

Партрэт Андрэя Зельцэра на акцыі салідарнасці пасля ягонай гібелі

Партрэт Андрэя Зельцэра на акцыі салідарнасці пасля ягонай гібелі

У хуткім часе Следчы камітэт заявіў, што супраць 136 затрыманых былі ўзбуджаныя крымінальныя справы паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса.

Праваабаронцам вядомыя прозвішчы 104 затрыманых па справе, палову з якіх ужо асудзілі. Пасля затрымання большасць фігурантаў перавялі ў жодзінскую турму № 8, дзе іх змясцілі на каранцін і паўтара месяца не прымалі для іх перадачы. «Вясна» распавядае пра храналогію пераследу беларусаў па «справе Зельцэра» і пра тое, як і за што судзяць фігурантаў.

Што здарылася год таму?

28 верасня 2021 года ў Мінску адбылася перастрэлка паміж супрацоўнікамі КДБ і Андрэем Зельцэрам, у кватэру да якога з ужываннем спецсродкаў ламіліся сілавікі. У выніку Зельцэр і адзін з кадэбэшнікаў загінулі, што выклікала рэзананс у карыстальнікаў сацыяльных сетак. У наступныя дні прэс-служба КДБ паведаміла, што за каментары ў сацсетках пад публікацыямі пра загінулых было затрымана каля 200 чалавек, у дачыненні да іх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы па арт. 130 і 369 Крымінальнага кодэкса.

«У чым я шчыра ўпэўнены: нельга адным-двума паведамленнямі ў сацыяльнай сетцы распаліць варожасць ці варажнечу, гэты працэс адбываецца не так хутка. Нават такое эпічнае выказванне, як у дэпутата-генерала, само па сабе не прывядзе да таго, што хтосьці (нават у балаклавах) пабяжыць забіваць у адказ на гібель калегі — гэта не працуе так проста.

Яшчэ адным стандартам, толькі ўжо з галіны працэсуальных правоў, з'яўляецца прэзумпцыя на карысць ужывання мераў стрымання, не звязаных з пазбаўленнем волі, да таго часу, пакуль неабходнасць ужывання такіх жорсткіх мер не будзе абгрунтавана. Прычым спасылкі на нейкія надзвычайныя акалічнасці і нават на адну толькі цяжкасць абвінавачванняў такімі падставамі не з'яўляюцца.

Таму відавочныя палітычныя матывы пазбаўлення волі дзясяткаў, а то і сотняў людзей, для кожнага з якіх гэта — трагедыя, якая можа ўзмацняцца жорсткімі ўмовамі ўтрымання», — пракаментаваў тады сітуацыю юрыст «Вясны» Павел Сапелка.

Пра псіхалагічны стан жонкі Зельцэра пасля затрымання і суд над ёй

Марыя Успенская

Марыя Успенская

Жонку Андрэя Зельцэра Марыю Успенскую абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка па арт. 16 і ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса. Судзілі Марыю як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне», таму на судзе яе інтарэсы прадстаўляла яе маці. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла ёй прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Акрамя таго, суд спагнаў матэрыяльную кампенсацыю «маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч рублёў на карысць пацярпелай, якія будуць залічаны на карысць дзіцячага дома № 5 г. Мінска» — жонкі забітага Дзмітрыя «Нірваны» Федасюка.

«Наша Н*ва» пагаварыла з жанчынай, якая ўтрымлівалася ў СІЗА на Валадарскага гэтай зімой. Яна сцвярджае, што некалькі тыдняў правяла ў адной камеры з Марыяй Успенскай. Вось, што яна распавяла пра палітзняволеную:

«Пра гісторыю з перастрэлкай Маша не гаварыла. Гэта цікавіла ўсіх сукамерніц, але Маша адказвала, што знаходзіцца пад падпіскай, таму не можа нічога расказаць. Спадзявалася, што пазней, праз нейкі час, праўда выйдзе на свет — і ўсе зразумеюць, што ўсё было зусім не так, як гэта паказвалі ў СМІ.

Але яна была вельмі засмучаная. Маша расказвала, што першыя некалькі месяцаў проста зусім не магла ўспрыняць усё тое, што з ёю адбываецца. Калі я была з ёй у камеры, Маша прымала ўжо менш лекаў, намагалася неяк «жыць у моманце». Але ў яе пастаянна скакаў настрой, яна часта плакала.

Шкадавала пра тое, што адбылося, што яе жыццё так павярнулася. Пастаянна паўтарала словы: «Як жа ён мог мяне пакінуць?» Як я зразумела, яна казала гэта на адрас Андрэя Зельцэра».

Цяпер Марыя знаходзіцца ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.

 «Тое, што яны прайшлі, называецца “прэс-хата”»: як здзекаваліся з затрыманых

Для затрыманых па «справе Зельцэра» ні ў ІЧУ, ні ў следчай турме № 8 не прымалі перадачы на працягу больш за 1,5 месяца. Іх абмяжоўвалі ў ліставанні, атрыманні пасылак і ў некаторых выпадках — сустрэчах з адвакатамі. Прычынай такіх абмежаванняў супрацоўнікі жодзінскай турмы называлі «каранцін па каранавірусе». Але былыя палітвязні называюць такі ціск «прэс-хатай», бо жорсткія абмежаванні тычыліся толькі затрыманых па “справе Зельцэра”, а ўмовы іх утрымання наўмысна пагаршаліся.

Паўтара месяца зняволеныя сядзелі ў перапоўненых камерах у тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.

Вось што распавядала былая палітзняволеная Алена Дзядзюля:

«Было страшна, калі дзяўчынак за каментары па «справе Зельцэра» завялі да нас у камеру пасля 45 сутак каранціну, там ім не аддавалі ані лісты, ані пасылкі, не прымалі перадачы для іх. Жанчыны праседзелі каранцін у тым жа адзенні, у якім іх затрымалі. Яны спалі па два чалавекі, нават на другім ярусе. На гэта было страшна глядзець… Як яны атрымлівалі стос лістоў, чыталі і плакалі. Як яны даставалі з пасылак сапсаваныя прадукты. Калі іх прывялі, то ў нас у васьмімясцовай камеры не было для іх месцаў. Але для іх гэта было палягчэнне рэжыму».

Пра жудасныя ўмовы распавяла і палітзняволеная Наталля Падлеўска:

«У камеры было шмат жанчын па «справе Зельцэра». Іх разам «паднялі» да нас пасля 45-дзённага каранціну з адрэзанымі капюшонамі на куртках і байках. Да іх увесь гэты час было асаблівае стаўленне — мне цяжка падабраць для гэтага цэнзурныя словы. Бывала, што хтосьці з супрацоўнікаў-мужчын прыносіў ім пракладкі, таму што ў жанчын было не дапрасіцца. Тое, што яны прайшлі, называецца «прэс-хата». І калі фізічна яны былі яшчэ больш-менш, сякія-такія лекі ім давалі, то маральна — як нацягнутая струна, гатовыя вось-вось сарвацца, трымаліся асабняком.

Дзевяць месяцаў пад следствам правяла Ю.Ч. — бібліятэкарка, вельмі рамантычная дзяўчына, тонкай душэўнай арганізацыі. На волі бацькі прыглядаюць за ейным 8-гадовым сынам. Л. Б. — выкладчыца замежнай мовы. Гэта жанчына-крамень са сваімі маральнымі прынцыпамі і нясхільнымі поглядамі. Яе адразу забралі ў лякарню, таму што і да гэтага былі праблемы з сэрцам. У М. К. падчас затрымання разграмілі ўсю кватэру — разбілі ўсё, што было шкляное і люстраное. Яе везлі на допыт з мяшком на галаве, а на сцягне нават праз 45 дзён быў велізарны чорны сіняк».    

Праваабаронцы «Вясны» ў інтарэсах затрыманых па «справе Зельцэра» звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН па пытанні жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з імі пасля затрымання і падчас утрымання ў турме. Зварот быў накіраваны да Спецдакладчыкаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, па пытанні аб катаваннях і іншых формах бесчалавечага і зневажальнага абыходжання Нілса Мелзара, па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан, а таксама ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях. 

У «тэрарыстычны спіс» унесены 15 фігурантаў справы

Яўген Івончык

Яўген Івончык

У «пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўключыў мінімум 15 фігурантаў «справы Зельцэра», сярод іх — тры жанчыны. Большасць чалавек унеслі ў «тэрарыстычны спіс» пасля таго, як прысуд уступіў у законную сілу.

Так, напрыклад, статус «тэрарыста» таксама атрымаў 67-гадовы асуджаны фігурант «справы Зельцэра» Яўген Івончык.

Таксама ў спіс дадалі і Аліну Забаштанскую, якая хварэе на эпілепсію. Дома палітзняволеную чакае дачка.

Настаўніца музычнай школы Аксана Каспяровіч — адзіная фігурантка справы, якая знаходзіцца на волі, але пры гэтым са статусам «тэрарысткі». Яе асудзілі да года і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Але з улікам тэрміна, які яна ўжо правяла за кратамі, ёй заставалася быць у зняволенні крыху больш за два тыдні. 8 ліпеня Аксана выйшла на волю з гродзенскай турмы № 1.

Валанцёр, журналіст, лекарка, пенсіянерка — хто апынуўся за кратамі за каментар

 

Генадзь Мажэйка

Генадзь Мажэйка

Журналісту «Камсамольскай праўды» Генадзю Мажэйку ставяць у віну два артыкулы Крымінальнага кодэкса: аб распальванні сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) і аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Па папярэднім дадзеным, затрыманне звязана з артыкулам «Камсамольскай праўды», у якім знаёмая загінулага Андрэя Зельцэра станоўча пра яго адгукнулася. Менавіта аўтарства Генадзя стаяла пад гэтым тэкстам.

Былы палітвязень пасля вызвалення распавёў падрабязнасці затрымання Генадзя:

«Генадзь расказваў нам, як яго затрымалі. Ён паехаў у Маскву і хацеў адтуль вылецець кудысьці. Яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ у аэрапорце ў Маскве. Потым завезлі на беларускую мяжу і перадалі КДБ Беларусі. Расіяне тут супрацоўнічалі без усялякіх працэдур. Журналіст казаў, што яго чакалі ўжо ў Маскве. Яшчэ да пашпартнага кантролю, паводле Генадзя, да яго падыходзілі нейкія людзі і шушукаліся. На пашпартным кантролі яго ўзялі пад рукі і ўсё. Вось ён такі наіўны...»

Гомельскага валанцёра Іллю Міронава затрымалі 30 верасня 2021 года. Яму інкрымінуюць арт.369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці). Ініцыятыва Іллі «Пішыце лісты» была ў ліку прэтэндэнтаў на перамогу ў Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Кампанія/ініцыятыва года-2021». Нават за кратамі Ілля працягвае падтрымліваць беларусаў лістамі салідарнасці, нягледзячы на тое, што блакуюць ліставанне. Вядома, што за кратамі ў палітвязня пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Наталля Нікіціна каля 30 гадоў прапрацавала лекаркай. 29 верасня 2021 года жанчыну затрымалі наўпрост на працы — у Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. За некалькі гадзінаў да затрымання ёй паведамілі пра звальненне. 29 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе палітзняволенай прызначылі 1 год і 10 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама штраф у 200 базавых велічыняў (6400 рублёў ці амаль 2500 долараў).

Брэсцкі абласны суд 27 верасня вынес прысуд па справе экс-ваеннага Аляксандра Велясніцкага, якога абвінавацілі ў распальванні варожасці (130 КК). Нагодай для затрымання стаў каментар, які Велясніцкі нібыта пакінуў у «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале.

Падчас судоў мужчына адмовіўся ад ранейшых паказанняў, паведаміў пра збіцце і пагрозы ў свой бок. Так, у дзень затрымання пінскія супрацоўнікі КДБ пагражалі прастрэліць яму ногі. У Мінску на Акрэсціна ён 3 дні не мог спаць, камера была душнай і перапоўненай людзьмі. Затым, калі Аляксандра даставілі ў Жодзіна, супрацоўнікі турмы сталі ў шэраг, пачалі збіваць і нацкоўваць сабак. 19 верасня Лукашэнка пазбавіў Велясніцкага, які ў жніўні-2020 асудзіў гвалт сілавікоў і публічна адмовіўся ад медаля «За бездакорную службу», воінскага звання.

68-гадовая былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эма Сцепулёнак за кратамі ўтрымлівалася амаль год. Яе затрымалі 29 верасня 2021 года за каментар у сатсетках па «справе Зельцэра». Ёй выставілі абвінавачванне паводле артыкулаў 369 і 130 Крымінальнага кодэкса. Жанчына не мае ў Беларусі ані сваякоў, ані сяброў, але неабыякавыя людзі не пакінулі яе сам-насам з рэпрэсіямі. За час у зняволенні ў яе пагоршылася здароўе і сапсаваўся зрок.

У сярэдзіне верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт. Цяпер Сцепулёнак дома, але абвінавачанні не зняты, таму Эма застаецца палітзняволенай.