Павел Севярынец у няволі склаў віктарыну «Дрэва жыцця». Праверце свае веды!
Пра складзеную палітвязнем віктарыну паведаміла ў фэйсбуку яго жонка Вольга Севярынец.
«Ва ўсім кашмары, які навокал, я вынайшла для сябе формулу выжывання — не наракаць, маліцца, дапамагаць, рабіць, што можаш, і імкнуцца хоць кропкава змяніць тое, што не дае супакою, — піша Вольга Севярынец. —
Думаю, што па такім жа прынцыпе дзейнічае і Павел. Сёння мы скончылі дапрацоўваць віктарыну, якую Паша складаў каля двух год, седзячы на Валадарцы, у Магілёве і Шклове.
330 пытанняў, 10 тэмаў — хрысціянская віктарына «Дрэва жыцця», прысвечаных вядомым людзям, падзеям, паняццям, а таксама беларусам, якія верылі ў Бога і змянялі гэтую краіну. З30 цікавых фактаў, пры чытанні якіх раз-пораз у галаве мільгае думка: «Нічога сабе!»
Цяпер мы пускаем віктарыну ў плаванне — як хлеб па водах. Па спасылцы яна будзе даступная для спампоўвання. Ведаю, што некаторыя цэрквы ўжо выкарыстоўвалі віктарыну для сваіх моладзевых служэнняў. У ідэале мы хочам стварыць з яе мабільную гульню. Мы ўпэненыя, што яна будзе карысная многім. Будзем чакаць і вашых ідэй па выкарыстанні.
Дзякуем усім, хто дапамагаў, вычытваў, правяраў, дасылаў Пашу патрэбныя факты — Ганне Кірушкінай, Алегу Данелюку, Паўлу Булатаму, Уладзіславе Калядзе, Надзеі Смірновай, Шылак Анастасіі, Наталлі Цымбаліст, Алене Казлоўскай, Міхаілу Макрацову, Аляксею Шэйну, Людміле Пятроўскай, Іне Мудрачэнка.
Праз нашыя маленькія і вялікія супольныя высілкі, з кожнай добрай справай гэты свет становіцца лепш!»
Прайсці віктарыну можна па спасылцы.