Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй: Беларусь — у пяцёрцы самых неталерантных краін Еўропы

Па ўсім свеце 17 траўня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, біфобіяй і трансфобіяй. У Беларусі, на жаль, з гэтай барацьбой усё складана. Краіна знаходзіцца ў пяцёрцы самых неталерантных да сэкс-меншасцяў краін Еўропы.

Фота з "экстрэмісцкага" рэсурсу 

Фота з "экстрэмісцкага" рэсурсу 


Беларусь у рэйтынгу 2023 года па ўзроўні роўнасці для ЛГБТ+ набрала 12 працэнтаў са 100 і заняла 45 месца з 49 краін Еўропы. У рэйтынгу 0% азначае грубыя парушэнні правоў чалавека, а 100% азначае поўную роўнасць ЛГБТ+ людзей.

Ніжэй за Беларусь толькі Расія (8%), Арменія (8%), мусульманская Турцыя (4%) і Азербайджан (2%).

Лідарамі талерантнасці сёлета сталі Мальта (89 пунктаў; краіна займае першае месца ўжо восем гадоў), Бельгія і Данія (абедзве з вынікам 76 пунктаў). Украіна набрала 20 пунктаў са 100. Польшча заняла апошняе месца сярод краін Еўрасаюза, — у яе ўсяго 15 адсоткаў і 42-е месца ў агульным рэйтынгу.

Сёння была апрылюднена Справаздача Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі ў суаўтарстве з Прававой ініцыятывай. На аснове даных, сабраных Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі і ПЦ «Вясна», даследчыкі выявілі факты катаванняў і згвалтаванняў прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці ад 2020 года.

Адзначаецца, што беларускія сілавікі падчас затрымання да асоб, якія выглядалі «ненарматыўна», ужывалі фізічны і псіхалагічны гвалт у выглядзе абраз, зневажанняў і пагроз. «Не такая» знешнасць станавілася падставай для прымянення гвалту, а таксама вызваляла ад адказнасці (як ва ўмовах «спакойнага» часу, так і ва ўмовах прававога дэфолту).

Часцей за ўсё гвалт, які здзяйснялі з-за «не такой» знешнасці, мае пад сабой нянавісць да ЛГБТК+, паколькі, напрыклад, дзяўчыну з кароткімі валасамі сілавікі ўспрымаюць адразу як лесбіянку, а мужчыну з доўгімі — як гея, пры гэтым людзі могуць быць з рознай ідэнтычнасцю.

Транслюдзей, небінарных людзей дзяржава ўспрымае як нешта невядомае, смешнае, што таксама выклікае рэакцыю ўзмацнення псіхалагічнага і фізічнага гвалту. Адзенне і змесціва рэчаў як падстава да яшчэ большага прымянення катаванняў. Колеры адзення чалавека, якія, на думку сілавікоў, не супадалі з іх стэрэатыпным падзелам на «мужчынскае» і «жаночае», па словах пацярпелых, выклікалі агрэсію, абразы.

Людзей прыніжалі, абражалі і прымянялі фізічную сілу за адзенне і асабістыя перапіскі, змесціва торбаў. Да людзей прымянялі розныя віды катаванняў з-за іх ідэнтычнасці, якая была раскрытая падчас незаконных затрыманняў, даглядаў, прымусу выдачы асабістай інфармацыі.

Апроч гэтага беларуская дзяржава стала выкарыстоўваць людзей ЛГБТК+ для прапаганды. Напрыклад, на «пакаяльных відэа» пасля катавання затрыманых прымушаюць казаць пра сваю сэксуальную арыентацыю.

Пачынаючы з 2022 года, беларускія праўладныя медыя сталі трансляваць пазіцыю расійскіх уладаў датычна супольнасці ЛГБТК+. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава заявіла пра магчымае з’яўленне закона аб забароне прапаганды ЛГБТК+ у Беларусі. У 2023 годзе падобнае меркаванне пацвердзіў Лукашэнка.


Людзі ЛГБТК+ рабіліся ахвярамі не толькі пагрозаў, але і гвалту. Пра гэта сведчыць Вярхоўная камісарка ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет: «Нашыя звесткі пацвярджаюць факты згвалтавання затрыманых і ўжывання іншых формаў сэксуальнага і гендарнага гвалту ў дачыненні як да мужчын, так і да жанчын. Медыцынскія запісы, вывучаныя намі, сведчаць пра наяўнасць траўмаў мужчынскіх геніталій. Да затрыманых таксама прымяняўся псіхалагічны ціск, у тым ліку пагрозы згвалтавання».

З прычыны таго, што ў Беларусі ў 2021 годзе практычна ўсе незалежныя некамерцыйныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і арганізацыі, якія працуюць з тэмай ЛГБТК+, былі прымусова ліквідаваныя рэжымам, у людзей ЛГБТК+ у Беларусі не засталося ніякіх інструментаў абароны ад гамафобіі, пачынаючы ад гамафобіі на вуліцы і заканчваючы гамафобіяй з боку дзяржавы. У Беларусі няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, ні ў адным беларускім законе няма ўзгадвання пра дыскрымінацыю па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі. Больш за тое, ужо вядомы факт фіксацыі ў заканадаўстве, якое рэгулюе пытанні хатняга гвалту, прынцыпу «захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў».