Амбасада Брытаніі ў Мінску зноў вывесіла вясёлкавы сцяг. Летась Шуневічу гэта не спадабалася
На будынку амбасады Вялікабрытаніі ў Мінску 17 траўня з’явіўся вясёлкавы сцяг — побач з брытанскім і еўрапейскім. Летась брытанская амбасада таксама вывешвала вясёлкавы сцяг, піша Радыё Свабода.

Вясёлкавы сцяг над амбасадай Вялікабрытаніі ў Мінску, 17 траўня 2019 года. Фота www.svaboda.org
Тады на гэта адмоўна адрэагаваў міністр унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч, які палічыў вывешванне сцягу «прапагандай таго ладу жыцця, які для нас непрымальны». На сайце МУС сцвярджалася, што «аднаполыя адносіны — гэта падробка».
На пытанне карэспандэнта Радыё Свабоды аб тым, ці будзе рэакцыя МУС на гэты раз, афіцыйная прадстаўніца міністэрства Вольга Чамаданава адказала: «Убачыце ўсё на нашым сайце».
Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей летась не стаў крытыкаваць Шуневіча, але заявіў, што перад такімі заявамі «трэба думаць пра наступствы», а Еўрасаюзу пажадаў не «навязваць тыя ці іншыя рэчы, якія ўжо даўно ўстаяліся ў нейкіх краінах».
Шуневіч пазней заявіў, што ў функцыі ягонага ведамства нібыта ўваходзіць таксама «ахова маральнасці» (гэта не замацавана прынамсі ў публічных праўных актах).
У свеце 17 траўня адзначаецца як Дзень супраць гамафобіі. У Вялікабрытаніі правы ЛГБТ-людзей бароняцца на дзяржаўным узроўні, аднаполыя шлюбы рэгіструюцца з 2014 года (акрамя Паўночнай Ірландыі, дзе прызнаюцца толькі аднаполыя «грамадзянскія партнёрствы».