Дзесяць гадоў з правам перапіскі

Перспектывы Беларусі ва Усходнім партнёрстве пакуль цмяныя. Дый у Еўропы за дзясяцігоддзе змяніліся прыярытэты — яна хоча бачыць побач з сабой стабільных і надзейных партнёраў, з якімі праблем не будзе і надалей. А пра Беларусь такога не скажаш.

Фота VP2_masheka.by

Фота VP2_masheka.by


Роўна 10 гадоў споўнілася такой ініцыятыве Еўрасаюза, як Усходняе партнёрства. На юбілейны саміт у Брусель накіравалі міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, хоць павінен быў паехаць Аляксандр Лукашэнка. Уладзімір Макей растлумачыў гэта проста: «Прыйдзе час — прыедзе і кіраўнік дзяржавы. Пакуль мы не можам казаць, што мы дасягнулі высокага ўзроўню развіцця нашых адносін з Еўрапейскім саюзам». Пытанне толькі — чаму не дасягнулі?


Усё добра пачыналася

Варта нагадаць, што такое Усходняе партнёрства. Гэта праграма ЕС, якая была накіраваная на развіццё інтэграцыйных сувязяў Еўрасаюза з шасцю краінамі былога СССР: Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Яна разглядалася як усходняе вымярэнне еўрапейскай палітыкі суседства, што была ініцыяваная Еўрасаюзам у дачыненні да сваіх «новых суседзяў» пасля пашырэння ў траўні 2004 года. Асноўнымі прыярытэтамі рэформ у краінах-партнёрах былі названыя дэмакратыя, удасканаленне сістэмы кіравання і забеспячэнне стабільнасці; эканамічная інтэграцыя і канвергенцыя з галіновай эканамічнай палітыкай ЕС, уключаючы стварэнне зон свабоднага гандлю; энергетычная бяспека; развіццё кантактаў паміж людзьмі (лібералізацыя візавага рэжыму і ўзмацненне барацьбы з незаконнай міграцыяй).

У перспектыве праграма прадугледжвала заключэнне двухбаковых пагадненняў паміж ЕС і краінамі-партнёрамі аб асацыяцыі, што павінна было стаць крокам на шляху іх далейшай інтэграцыі ў еўрапейскую прастору.

А паколькі першым прыярытэтам была названая «дэмакратыя», пад гэта былі створаны і пэўныя структуры. Напрыклад, Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, лідзіруючыя пазіцыі ў якім адзін час займалі арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Аднак у выніку толькі тры краіны — Грузія, Малдова і Украіна — парафіравалі пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. Прычым, у дачыненні да Украіны — адмысловая гісторыя. Менавіта адмова экс-кіраўніка дзяржавы Віктара Януковіча на віленскім саміце Усходняга партнёрства ў 2013 годзе падпісаць такое пагадненне выклікала Майдан зімы 2013–2014 года. І, адпаведна — Рэвалюцыю годнасці, уцёкі Януковіча з краіны і вядомыя падзеі, што рушылі за гэтым...


Партнёрства — пытанне ўзаемнае

Афіцыйны Мінск разглядаў гэтую праграму як «рацыянальны бонус» для краіны, і на першы план вылучаў не яе прыярытэт — збліжэнне з ЕС і дэмакратыю, — а эканамічныя выгоды для сябе. Напрыклад, уладам вельмі падабаліся пытанні процідзеяння міграцыі, стварэнне зон свабоднага гандлю, энергетычная бяспека і «ўдасканаленне сістэмы кіравання».

У дачыненні да апошняй — дзясяткі беларускіх чыноўнікаў пабывалі на тэматычных семінарах у Еўропе. Але нейкіх адчувальных вынікаў гэта не прынесла па простай прычыне: беларуская аўтарытарная мадэль і сістэма дэмакратычнага кіравання Еўропы мала сумяшчальныя.

Нават рашэнне аб спрашчэнні візавага рэжыму, на што спадзяваліся шараговыя грамадзяне краіны, неапраўдана зацягнулася. Улады не вельмі зацікаўленыя ў гэтым. Чалавек, які на свае вочы пабачыць узровень жыцця і коштаў на «загніваючым Захадзе» і ў «моцнай і квітнеючай Беларусі», непазбежна стане скептычна ставіцца да таго, што яму транслюе беларускае тэлебачанне.

Да «не вельмі прасунутага» стаўлення Мінска адносна Усходняга партнёрства дадаюцца яшчэ два фактары. Першы — Расія ўспрыняла ідэю праграмы «ў штыхі», бо палічыла яе (і лічыць да гэтага часу) умяшаннем у сваю «зону ўплыву». Маўляў, гэтая ініцыятыва накіраваная на тое, каб адцягнуць ад Расіі падкантрольныя ёй тэрыторыі, а пасля — і вырваць іх з гэтай зоны (што збольшага праўда). І пачала актыўны супраціў ініцыятыве, што ва ўмовах Беларусі мела асаблівае значэнне.

Другі фактар — прынцып Усходняга партнёрства «большае за большае». Гэта азначае: чым больш краіна праводзіць рэформаў, тым больш дапамогі атрымлівае. Улады Беларусі ж і па сёння не збіраюцца праводзіць ніякія рэформы: ні эканамічныя, ні палітычныя. Таму краіна, па сутнасці, апынулася «на задворках» Усходняга партнёрства. І пра гэтую праграму, на якую ўскладаліся вялікія надзеі, цяпер нават амаль забыліся.

Прычым, палітыка Беларусі ў адносінах да УП наўрад ці зменіцца. На гэтым юбілейным саміце Усходняга партнёрства той жа Макей, як паведамляе прэс-служба МЗС, высунуў сем прапаноў: скасаваць «штучныя фармальнасці» пры перасячэнні мяжы з ЕС, якія прыводзяць да чэргаў на мяжы; да 2030 года павялічыць экспарт краін УП у ЕС і аб’ём інвестыцый ЕС у краіны УП утрая; у наступныя дзесяць гадоў павялічыць колькасць ствараемых ЕС працоўных месцаў у краінах УП удвая; рэалізаваць у кожным горадзе як мінімум адзін праект па энергаэфектыўнасці; стварыць у Еўрапейскім інвестыцыйным банку спецыяльнае «акно» для праектаў Усходняга партнёрства або спецыялізаваны банк УП; актывізаваць супрацоўніцтва ў лічбавай сферы, заснаваць ІТ-школу УП у Мінску; правесці ў Мінску мерапрыемства высокага ўзроўню з нагоды 10-годдзя УП.

Як бачым, усе прапановы тычацца эканомікі, транспамежнага супрацоўніцтва, фінансаў або бюракратыі. Пра нейкія рэформы ў стылі «большае за большае» гаворкі не ідзе.

Фота tv3.lt

Фота tv3.lt


Дасягненні ёсць?

Былы сустаршыня Кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Улад Вялічка таксама крытычна ацэньвае дасягненні Беларусі ў праграме. Па яго словах, Беларусь абмежавалася «малым прагрэсам». Калі пачыналася праграма Усходняга партнёрства, у яе былі два кірункі: нармалізацыя стасункаў з краінамі-ўдзельніцамі і пытанні еўраперспектывы. Тыя, хто ўсур’ёз пайшлі «па максімуме» — па пытаннях еўраперспектывы — тыя максімальна і атрымлівалі. Беларусь жа не гатовая была праводзіць еўрапейскія рэформы як у плане палітыкі, так і ў плане эканомікі, і чакала толькі інвестыцый, хаця ў праграмы вялікіх грошай не было ніколі. І таму ўсё супрацоўніцтва, па словах Вялічкі, звялося да ўдзелу ў шэрагу рэгіянальных інфраструктурных праектаў.

«Апроч таго, у Беларусі дагэтуль адсутнічае двухбаковае пагадненне пра супрацоўніцтва краіны з ЕС. Большасць краін не толькі УП, але і постсавецкай прасторы, такія пагадненні маюць (напрыклад, Расія). У нас жа дагэтуль абмяркоўваюцца так званыя «партнёрскія прыярытэты», якія не ёсць нармальным пагадненнем з ЕС пра двухбаковыя стасункі, а, хутчэй, нефармальным пагадненнем», — адзначае Вялічка. Таму, Беларусь ва УП удзельнічае ў межах «шматбаковага вымярэння», а не ў больш выніковым двухбаковым. У тым ліку і таму мы абмяжоўваемся «малым прагрэсам».

Ці не пяць гадоў у развіцці стасункаў з Еўропай у нас скраў крызіс 2010 года, калі, праз вынікі прэзідэнцкіх выбараў, брутальны разгон пратэстаў і з’яўленне ў Беларусі новых палітвязняў, адносіны краіны з ЕС значна пагоршыліся.

Але не ўсё так кепска, лічыць эксперт. «Галоўны геапалітычны вынік удзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве — тое, што краіна праз гэтую праграму ўспрымаецца як самастойны гулец. Канешне, са сваімі прыярытэтамі, са сваімі складанасцямі. Але нагадаю: раней быў падыход да Беларусі, як і да іншых краін экс-СССР, размаўляць пра іх праз Расію. Зараз такога няма, і гэта істотны, вельмі важны вынік з пункту погляду суверэнітэту краіны», — адзначыў Вялічка.

Што ж да далейшых перспектыў Беларусі ва Усходнім партнёрстве, то яны пакуль цмяныя. І з прычыны адсутнасці таго самага двухбаковага пагаднення, і з прычыны таго, што Беларусь не хоча праводзіць рэформы. Дый у Еўропы за дзясяцігоддзе змяніліся прыярытэты — яна хоча бачыць побач з сабой стабільных і надзейных партнёраў, з якімі праблем не будзе і надалей. А пра Беларусь такога не скажаш.

І таму нам яшчэ — доўгі шлях у гэтай праграме. «Перапіска» з Захадам будзе працягвацца.


На вуліцах Гродна мы спыталіся ў мінакоў, у які бок мае рухацца краіна, які вектар для яе больш прымальны — заходні ці ўсходні?


І пра візы

Самая турботная праблема для грамадзян Беларусі — візавае пытанне. Асабліва ў рэчышчы апошніх рашэнняў Еўропы пра падаражанне шэнгенскіх візаў для грамадзян шэрагу краін. Верагодна, гэта павінна закрануць і Беларусь — і тады шэнгенская віза для грамадзян будзе каштаваць 80 еўра супраць сённяшніх 60-ці.

Па словах Макея, праца над пагадненнямі паміж Беларуссю і ЕС па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі практычна завершаная. «Проста для таго, каб прыступіць да фінальнай стадыі падпісання, павінна быць пройдзеная адпаведная працэдура і ўнутры ЕС, і ў нас унутры краіны. Павінны быць прааналізаваныя і ўзважаныя ўсе моманты, якія, магчыма, насцярожваюць бакі, — растлумачыў Макей. — Я перакананы, што мы зможам завяршыць гэтую працу бліжэйшым часам».

Адказваючы на пытанне, ці паспеюць бакі заключыць пагадненне да моманту падаражання шэнгенскай візы, Макей сказаў, што ўсе рухаюцца ў гэтым кірунку. «Мы абавязкова паспеем», — запэўніў кіраўнік МЗС Беларусі.

Усё б добра, але пра тое, што «праца практычна завершаная» і «ўсё будзе вырашана бліжэйшым часам», мы чуем ужо не адзін год. Аднак пастаянна знаходзяцца нейкія падводныя камяні і спрэчныя пытанні, з-за якіх рашэнне аб падпісанні пагаднення ўсё адкладаецца і адкладаецца.

Застаецца толькі прытрымлівацца старой мудрасці: рыхтавацца да горшага, але спа­дзявацца на лепшае.