Перамовы З ЕС завершаны. Ці хутка патаннеюць візы?

У ЕС спадзяюцца падпісаць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю бліжэйшым часам, але ці атрымаецца?

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Беларусь і Еўрасаюз скончылі перамовы па пагадненнях па рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму. Бакам засталося толькі дамовіцца аб працэдуры падпісання дакументаў, паведамляе TUT.BY і спасылаецца на ўласныя інфармаваныя крыніцы ў афіцыйным Бруселі.

«Што да перамоў аб пагадненнях па рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму, то мы фактычна скончылі змястоўную частку гэтых перамоваў. Засталіся толькі фармальнасці, якія тычацца саміх працэдур падпісання. Перамовы фактычна завяршыліся, думаем, працэдурныя пытанні будуць вырашаны бліжэйшым часам», — адзначыў інфармаваная крыніца, знаёмы з ходам перамоваў.

Наконт яшчэ аднаго важнага дакумента — Прыярытэту партнёрства — у афіцыйным Бруселі спадзяюцца пераканаць Літву, пазіцыя якой па БелАЭС перашкаджае падпісаць дакумент, што Беларусь адпавядае ўсім рэкамендаваным Еўрасаюзам працэдурам. Гаварыць з Літвой, упэўненыя ў ЕС, стане прасцей, калі Беларусь прыме Нацыянальны план дзеянняў па ядзернай бяспецы.

«Мы спадзяемся, што па прыярытэтах партнёрства мы дасягнем канчатковых пагадненняў у наступным месяцы», — распавяла крыніца, знаёмая з ходам перамоваў. Крыніца таксама дадала, што ў ЕС «рады падкрэсліць», што Беларусь правяла шэраг стрэс-тэстаў, рэкамендаваных ЕС, прыняла рэкамендацыі, зробленыя Еўрапейскімі заканадаўцамі.

«Наступным крокам мы чакаем прыняцце Беларуссю Нацыянальнага плана дзеянняў па ўкараненні рэкамендацый, якія былі зробленыя ў пытаннях ядзернай бяспекі. Да Літвы мы пастараемся данесці той факт, што Беларусь пагадзілася на стрэс-тэсты, прадставіць Нацыянальны план дзеянняў, і пастараемся данесці да ўсіх краін — сябраў ЕС, што Беларусь будзе ўкараняць тыя рэкамендацыі, якія ёй даў ЕС. Але ў нас будзе значна больш магчымасцяў адстойваць падпісанне прыярытэтаў партнёрства ў тым выпадку, калі ў Беларусі з'явіцца Нацыянальны план дзеянняў», — падкрэсліваюць у ЕС.

Нагадаем, на мерапрыемствах з нагоды 10-годдзя Усходняга партнёрства ў Бруселі Уладзімір Макей выказаў надзею, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму будзе падпісана да канца года. Еўракамісар Хан адзначыў, што перамовы па гэтым дакуменце «больш-менш» завершаны. Пасля ўступлення гэтага пагаднення ў сілу шэнгенскія візы павінны патаннець да 35 еўра (пры афармленні ў пасольстве), вырасце колькасць бясплатных і доўгатэрміновых віз.

Паводле tut.by