«Рускі самалёт, ідзі за караблём!» У Грузіі набіраюць абароты пратэсты супраць РФ
Ля будынка парламента Грузіі сёння, 16 траўня, праходзіць акцыя пратэсту пад лозунгам: «На расійскім самалёце прызямліцца ў Еўрасаюзе не атрымаецца».

Пратэсты каля парламента Грузіі. Фота @mozhemobyasnit
Дазвол ад грузінскіх уладаў на прамыя пералёты ўжо атрымалі «Азімут» і Georgian Airways. Першы авіярэйс з Масквы ў Тбілісі адбудзецца праз пару дзён. 19 траўня расійская кампанія «Азімут» плануе ажыццявіць першы прамы рэйс Масква — Тбілісі. ЕС выказаў шкадаванне ў сувязі з гэтым.
Сёння ўвечары ля будынка парламента ў Тбілісі прайшоў мітынг студэнтаў і апазіцыйных партый супраць пастановы ўрада аднавіць прамыя авіязносіны з пуцінскай Расіяй.
Актывісты пратэстуюць супраць прамых авіярэйсаў у Грузію з Расіі. На «ўсякі выпадак» на заднім двары заканадаўчага органа дзяжураць прадстаўнікі паліцыі.
Удзельнікі акцыі пратэсту трымаюць у руках тэматычныя банеры з рознымі надпісамі. Адзін з іх — «Не — расійскаму ўраду!» — адсыл да кіроўнай партыі «Грузінская мара», якую апазіцыя і актывісты ўважаюць правадніком палітыкі Крамля ў Грузіі.
Іншы слоган — з вядомай дзіцячай грузінскай песні: «І не ляці, і не прылятай», — на адрас расійскіх авіякампаній.
Карэспандэнт «Можам растлумачыць» апынуўся на месцы падзей і апісвае, што ўбачыў падчас пратэставай акцыі. «Гэта плявок у твар грамадства, — абураецца адзін з актывістаў у размове з журналістамі. — 20% нашай тэрыторыі акупавана Расіяй. І Пуцін робіць царскую падачку — адмяняе візы, аднаўляе авіязносіны. Нам гэта не трэба ад яго. Будзем пратэставаць, пакуль улады не перагледзяць гэтае рашэнне».
Пратэстоўцы трымалі ў тым ліку плакаты на рускай мове: «Рускі самалёт, ідзі на...», «Рускі самалёт, ідзі за ваенным караблём!». Кожны чалец грузінскага ўрада, які згодны на авіязносіны паміж Расіяй і Грузіяй, — здраднік!» — сказаў «Можам растлумачыць» актывіст студэнцкага руху Лука Чоханелідзэ.
«Прарасійскі ўрад Грузіі сабатуе грузінскія інтарэсы і самабытнасць. Калі так будзе працягвацца, Грузія з часам можа стаць расійскай правінцыяй. Аднак грузінскае грамадства, асабліва моладзь, не змірыцца з паразай», — заявіў у гутарцы з «Можам растлумачыць» сакратар па справах моладзі апазіцыйнага «Адзінага нацыянальнага руху» Ігар Нарманія.
Паводле яго, вулічныя пратэсты нядаўна паказалі сваю эфектыўнасць, калі вымусілі ўлады адмовіцца ад закону аб замежных агентах.

Сябар «Адзінага нацыянальнага руху» Дзмітрый Чыкавані сказаў журналістам, што дзве новыя акцыі запланаваны на 19 траўня. Апазіцыйныя партыі дамовіліся аб'яднаць намаганні, а заўтра, 17 траўня, адбудзецца іх сустрэча з амбасадарамі ЗША і ЕС.
Маладыя актывісты ствараюць шум барабанамі і свістам, каб данесці да ўладаў Грузіі галоўнае — большая частка грузінскага насельніцтва за інтэграцыю ў Еўрапейскі саюз, а не за вяртанне ў расійскую арбіту.
Раней актывісты апублікавалі заклік сабрацца на заднім двары парламента краіны ў сацсетцы Facebook. У заяве арганізатараў мітынгу сказана: «У той час, як 20% тэрыторыі Грузіі акупаваныя, а грузінскія вайскоўцы змагаюцца з расійскімі самалётамі ва Украіне, урад Грузіі запальвае зялёнае святло прамым авіярэйсам з Расіі. Гэта дзеянне амаральнае, беспрынцыповае, непаважлівае ў адносінах да герояў Грузіі і супярэчыць цвёрдай волі грузінскага народа стаць паўнапраўным сябрам Еўрапейскага саюза».
«Пуціну неабходная хоць якая-небудзь перамога, — кажа палітолаг Георгій Мчэдзішвілі, — гэта спроба «вярнуць» Грузію, балазе цяпер урад, які так баіцца Масквы, што не будзе чыніць перашкод».
Паводле SOVA, @mozhemobyasnit, www.ekhokavkaza.com

