«Мы ў дупе»: экс-міністр РФ кажа пра эканамічную катастрофу ў Расіі

Экс-міністр эканомікі Расіі, доктар эканамічных навук Андрэй Нячаеў адзначыўся каментаром наконт крызіснай сітуацыі ў РФ пасля ўвядзення санкцый. Паводле яго пераканання, цяпер РФ «у дупе». Але не гэта — самае горшае.

andrej_njaczaeu.jpg

Экс-міністр РФ адзначыўся прагнозам аб эканоміцы РФ. Скрыншот відэа

Паводле Андрэя Нячаева, расійская ўлада бяздзейнічае і спрабуе ўладкавацца ў гэтых крызісных умовах.

Пра гэта Андрэй Нячаеў сказаў на фінансавым форуме «Фінмаркет» у Екацярынбургу, адзначае The Insider.

«Не тое дрэнна, што мы ў дупе, а тое, што мы вырашылі ў ёй уладкоўвацца. Вырашылі шпалеры паклеіць», — заявіў Нячаеў, калі казаў аб бяздзейнасці ўладаў па прадухіленні крызісу.

Публіка адрэагавала смяшкамі і некалькімі апладысментамі. Нячаеў працягнуў, што «Макдональдс», які сышоў з Расіі, можна замяніць блінамі, а высокатэхналагічную прадукцыю — так проста не заменіш. Расію чакае фінансавы крызіс.

Ён раскрытыкаваў адсутнасць дзеянняў з боку ўладаў РФ па папярэджанні крызісу. Сярод прычын будучага крызісу першы міністр сучаснай Расіі назваў перавышэнне гадавога плана дэфіцыту федэральнага бюджэту па выніках першых чатырох месяцаў 2023 года.

«Рэзерваў для фінансавання дэфіцыту хопіць на год, аднак потым прыйдзецца звяртацца да запазычанняў. Таксама краіна сутыкнулася з масавай эміграцыяй, адтокам капіталу за мяжу і падзеннем нафтагазавых даходаў», — падкрэсліў эканаміст.

Відэа апублікавала ў Telegram мясцовае выданне «Вячэрнія ведамасці».

Андрэй Нячаеў — першы міністр эканомікі Расіі. Ён займаў пасаду з лютага 1992-га па сакавік 1993 года.

Адметна, што Нячаеў ужо прамаўляў гэтую фразу ў красавіку 2022 года ў інтэрв'ю «Idel.Рэалія»: «Я не з’еду, вырашыў цвёрда застацца, пакуль не будзе прамой пагрозы маёй свабодзе. Мне прыдумалася выдатная формула да ўсяго таго, што адбываецца ў Расіі цяпер. Праблема не ў тым, што мы аказаліся ў дупе, а ў тым, што вырашылі ў ёй уладкавацца».