Пуцін адмяніў візавы рэжым для грамадзян Грузіі. Зурабішвілі назвала гэта правакацыяй
Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін адмяніў візавы рэжым для грамадзян Грузіі. Рашэнне ўступае ў сілу праз пару дзён — 15 траўня. Візы для грамадзян Грузіі былі ўведзены яшчэ з 2000 года, Грузія ж пускала на сваю тэрыторыю расіян без віз. Такое рашэнне, аднак, выклікала ў Грузіі абурэнне.
Дакумент пра адмену віз з Грузіяй Пуцін падпісаў сёння, 10 траўня. Дакумент апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі ў РФ. У ім пазначана, што з 15 траўня 2023 года «грамадзяне Грузіі ажыццяўляюць уезд у РФ і выезд з РФ без афармлення віз на падставе сапраўдных дакументаў, якія сведчаць іх асобу (пашпарт грамадзяніна Грузіі, дыпламатычны пашпарт, службовы пашпарт, кніжка марака, праязны дакумент для вяртання ў Грузію), за выключэннем грамадзян, якія ўязджаюць у РФ з мэтай ажыццяўлення працоўнай дзейнасці альбо на тэрмін большы за 90 дзён для часовага знаходжання ў РФ, у тым ліку з мэтай атрымання адукацыі», піша «Эхо Кавказа».
Акрамя таго, грузінскім супрацоўнікам секцыі інтарэсаў Грузіі пры пасольстве Швейцарыі ў РФ і членам іх сем'яў афармляюцца аднаразовыя візы на тры месяцы. Адзначаецца, што пасля акрэдытацыі такіх супрацоўнікаў яны і іх сем'і могуць уязджаць у РФ і выязджаць з РФ без афармлення віз на працягу ўсяго тэрміну акрэдытацыі.
Расія ўвяла візавы рэжым для грамадзян Грузіі ў 2000 годзе. Пасля вайны 2008 года Грузія разарвала дыпламатычныя адносіны з Расіяй. Грузінскія ўлады адмянілі візавы рэжым для жыхароў паўночнакаўказскіх рэспублік РФ у кастрычніку 2010 года, для ўсіх расіян — у лютым 2012 года. Такім чынам, больш за 10 гадоў РФ захоўвала візы для грузін у аднабаковым парадку
У сакавіку 2023-га кіраўнік камітэта Дзярждумы па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Леанід Калашнікаў казаў, што Расія і Грузія знаходзяцца на парозе аднаўлення прамых авіязносін, а таксама адмены віз.
Прэзідэнтку Грузіі Саламэ Зурабішвілі не вельмі ўзрадавалі такія заявы расійскага боку. Яна заклікала ўрад правесці з гэтай нагоды пасяджэнне Савета бяспекі краіны.
Саламэ Зурабішвілі заявіла, што Тбілісі не патрэбны падарункі Масквы. Прэзідэнтка Грузіі правяла брыфінг — і там зноў назвала «правакацыяй» рашэнне прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна аб адмене візавага рэжыму для грузінскіх грамадзян і аднаўленні авіязносін з Грузіяй.
Зурабішвілі ўпэўнена, што рашэнне Масквы выкліча палітычнае напружанне ў Грузіі.
«Расія дзейнічае ў сваіх інтарэсах. На жаль, нашы ўлады недаацанілі рызыкі. Для мяне аднаўленне (бязвізавага) рэжыму недапушчальнае датуль, пакуль Расія акупуе нашы тэрыторыі», — сказала Зурабішвілі.
Прэзідэнтка Грузіі лічыць, што павінен сабрацца Савет нацыянальнай бяспекі Грузіі. Яна заявіла, што «варта разгледзець пытанне аб увядзенні 3-месячных віз для Расіі». Як мяркуецца, прэзідэнт Грузіі мела на ўвазе не ўвядзенне візавага рэжыму для расійцаў, а скарачэнне тэрміну бязвізу з 365 дзён да 3 месяцаў.
Адзін з першых каментароў у сацсетках, пасля пастановы Пуціна праз 23 гады раптам скасаваць візавы рэжым з Грузіяй, а заадно аднавіць прамыя авіязносіны, якіх не было чатыры гады, размясціў палітолаг Гела Васадзэ: «Выглядае ўсё гэта як непрыстойная прапанова, хоць дапускаю, што хтосьці нават тут гэтаму ўзрадуецца».
Рэакцыя апазіцыі Грузіі.
Гігі Цэрэтэлі, «Еўрапейская Грузія: «Расія павінна не візы адмяняць, а вывесці свае войскі з Грузіі. Шкада, што наш урад практычна гэтага не патрабуе».
Хація Дэканаідзэ, дэпутат: «Пастанова Пуціна — узнагарода за антызаходнюю, антыўкраінскую палітыку, якую праводзіць урад Грузіі... А кампаніі, якія пачнуць палёты, трапяць пад санкцыі».
Раман Гацырыдзэ, дэпутат: «Гэта велізарны ўдар па міжнароднай рэпутацыі Грузіі. Расія, якая пазіцыянавала Грузію як дружалюбную краіну, паставіла нас побач з такімі краінамі, як Паўночная Карэя і Беларусь».
Саламэ Самадашвілі, «Лело»: «Мы заклікаем улады Грузіі адмовіцца ад бязвізавага рэжыму з Расіяй і не аднаўляць авіярэйсы. Галоўная задача Масквы сёння — не даць Грузіі атрымаць статус кандыдата ў ЕС, і, на жаль, у Крамля ёсць хаўруснік — наш урад. Хай дакажа адваротнае».
Паводле www.ekhokavkaza.com, NGnewsgeorgia