ЕСПЧ: РФ на працягу трох месяцаў павінна выплаціць 130 млн еўра грузінам за напад 2008-га

Праз 15 гадоў пасля так званай Пяцідзённай вайны — нападу РФ на Грузію — ЕСПЧ абавязаў Расію выплаціць кампенсацыю.

yuzhnaya_osetiya_voyna.jpg


ЕСПЧ абавязаў Расію выплаціць 130 мільёнаў еўра грамадзянам Грузіі, якія сталі ахвярамі вайны 2008 года.

Еўрапейскі суд па правах чалавека апублікаваў рашэнне па справе аб кампенсацыях ахвярам так званай Пяцідзённай вайны ў жніўні 2008 года ў Грузіі, адзначае «Дождь».

Агульная сума кампенсацый перавышае 130 мільёнаў еўра, якія Расія павінна выплаціць цягам трох месяцаў.

  • 115 млн еўра (гэта самая вялікая сума) Расія павінна выплаціць 23 тысячам грамадзян Грузіі, якія не змаглі вярнуцца ў свае дамы ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі пасля вайны.
  • 8,2 млн еўра ЕСПЧ прысудзіў групе з не менш чым 412 пацярпелых за неэфектыўнае расследаванне гібелі мірных жыхароў падчас актыўнай фазы баявых дзеянняў.
  • 3,25 млн еўра Расія павінна выплаціць групе з 50 пацярпелых у сувязі з забойствамі мірных жыхароў у грузінскіх сёлах Паўднёвай Асеціі і ў «буфернай зоне».
  • 2,7 млн еўра прысуджаны групе асоб з не менш чым 166 чалавек, якія сталі ахвярамі бесчалавечнага і зневажаючага годнасць абыходжання пры ўтрыманні ў падвалах МУС Паўднёвай Асеціі ў Цхінвале з 10 па 27 жніўня 2008 года.
  • 640 тысяч еўра належаць у якасці кампенсацыі групе з не менш чым 16 пацярпелых у выніку катаванняў грузінскіх ваеннапалонных, затрыманых паўднёваасецінскімі сіламі ў Цхінвале з 8 па 17 жніўня 2008 года.

Асноўнае рашэнне па справе Грузіі супраць Расіі было вынесена ў 2021 годзе. У ім суд устанавіў, што падчас вайны мела месца практыка забойстваў мірных жыхароў, падпалаў і рабавання дамоў у грузінскіх сёлах Паўднёвай Асеціі і ў «буфернай зоне» і што Расія парушыла некалькі артыкулаў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека.

Акрамя таго, мірных жыхароў утрымлівалі ў падвалах МУС самаабвешчанай Паўднёвай Асеціі, падвяргалі іх бесчалавечнаму і зневажаючаму годнасць абыходжанню, а ў дачыненні да грузінскіх ваеннапалонных ужываліся катаванні.

Нагадаем, так званая Пяцідзённая вайна (8-12 жніўня 2008 года) — гэта так званая ў РФ расійская спецаперацыя «па прымусе да міру ў зоне адказнасці міратворцаў», якая была праведзена на тэрыторыі Грузіі і непрызнаных рэспублік Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў перыяд з 8 да 12 жніўня 2008 года. Напад на Грузію ўвайшоў у гісторыю пад назвай «Пяцідзённая вайна». Гэта была першая ваенная аперацыя Расійскай Федэрацыі за межамі ўласнай тэрыторыі.