Грузія не ўпусціла ў краіну беларуса. Дыяспара хоча вярнуць Грузію ў прававое поле
Грузія не ўпусціла на сваю тэрыторыю актыўнага чальца беларускай дыяспары Яўгена Гацака. Пры гэтым Гацак пражыў у Сакартвэла два гады, у яго тут жа жыве сям’я і непаўнагадовыя дзеці. Афіцыйная прычына для нядопуску — «іншыя прычыны». Так пазначана ў дакуменце, які атрымаў ад грузінскіх памежнікаў Яўген Гацак.
З гэтай нагоды кіраўнікі грамадскай арганізацыі «Беларуская дыяспара Аджарыі» (зарэгістраваная ў Грузіі 16 кастрычніка 2021 года) сабралі журналістаў. Раней таксама былі выпадкі, што памежнікі Грузіі адмаўлялі ва ўездзе ў краіну актывістам апазіцыі з Расіі, грамадзянам Украіны, Казахстана, але беларусы з такой сітуацыяй сутыкнуліся ўпершыню.
Праблема шырэй, чым падаецца
Як распавёў Аляксей Балашоў, кіраўнік арганізацыі беларускай дыяспары, Яўген Гацак выправіўся ў Турцыю 25 красавіка на так званы «візаран». Замежнікам без ВНЖ у Грузіі можна прабыць год без выезду за межы, потым можна вярнуцца і жыць яшчэ год. Але на зваротным шляху Гацаку адмовілі ва ўездзе ў Грузію «з іншых прычын».
У сераду, 26 красавіка Яўген зноў паспрабаваў перайсці турэцка-грузінскую мяжу, гэтым разам запрасіўшы палітычны прытулак. Па словах Аляксея, які прывёз Яўгену дакументы для падачы на прытулак, беларусу сказалі «чакаць», а праз пяць гадзін зноў вывелі на турэцкі бок.
Цяпер Яўген знаходзіцца ў Турцыі, тады як яго сям'я — у Грузіі. Яго пытаннем займаюцца праваабаронцы, якія наймаюць Яўгену юрыстаў, недзяржаўныя грузінскія праваабарончыя арганізацыі, сітуацыя апрылюдніваецца ў СМІ. Паінфармаваны Офіс Святланы Ціханоўскай. Карацей, беларуская дыяспара мае намер прыцягнуць значную ўвагу да «кейса Гацака».
Як адзначыў Кісляк, згодна з гэтай канвенцыяй дзяржава, у якую ўцякач звяртаецца па палітычны прытулак, не павінна выпраўляць яго ў адваротны бок ад сваёй мяжы. Яна павінна разгледзець просьбу ўцекача, і можа адмовіць у прадастаўленні прытулку — але на час разгляду гэтай заявы павінна прыняць чалавека на сваю тэрыторыю.
Вельмі сумным лічыць праваабаронца і такую падставу для забароны на ўезд, як «іншыя прычыны». Што разумеецца пад гэтымі прычынамі, грузінскія памежныя ведамствы не тлумачаць. Некалькі разоў былі спробы абскардзіць такія рашэнні ў судзе, і тады высвятлялася, што пад «іншымі прычынамі» разумелася «пагроза нацыянальнай бяспецы».
Але, па словах Аляксея Балашова, беларуская дыяспара імкнецца не ўлазіць у грузінскую палітыку. Прынамсі, больш, чым гэта патрабуецца для абароны інтарэсаў беларусаў у Грузіі. Таму якім чынам Гацак мог перашкодзіць нацыянальнай бяспецы — невядома.
Раман Кісляк нагадаў, што ў Беларусі ён займаўся праваабаронай у Брэсце, дзе таксама польскія памежнікі пэўны час не пускалі ў Польшчу бежанцаў з Ічкерыі і Каўказу, выпраўляючы тых у Беларусь. І ёсць нават рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека, які вызнае такія дзеянні, як парушэнне еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека і асноўных свабодах.
Беларусы ў Грузіі напружацца
Па меркаванні прадстаўнікоў дыяспары, выпадак з Яўгенам Гацаком можа пагоршыць не толькі і без таго нявызначанае і хісткае становішча ўцекачоў у Грузіі, але і значна пашкодзіць самой Грузіі. Беларусы, па іх меркаванні, напружацца і будуць думаць, а ці варта ім заставацца ў такой краіне. «Гэта ўзмацняе сітуацыю прававой нявызначанасці. Гэта ўплывае і на стаўленне людзей. Яны думаюць: “А ці адкрываць мне бізнес?”. “А ці купляць мне тут нерухомасць?”, калі заўтра вырашаць цябе не ўпусціць у краіну, а прычыны не называюцца», — кажа Аляксей Балашоў.
Варта адзначыць, што ў мінулым годзе ВУП Грузіі рэзка скокнуў і склаў 10% насуперак прагнозу МВФ у 5,5%. І не ў малой ступені гэтаму магла паспрыяць рэлакацыя беларускіх ІТ-спецыялістаў, якія натхніліся падатковымі ільготамі па іх спецыяльнасцях. У прыватнасці, прадпрымальнік са статусам «малы бізнес» плаціць 1% падатку, а ІТ-спецыяліст, калі ён зарэгіструецца ў грузінскім адпаведніку ПВТ, і ўвогуле вызваляецца ад падаткаў.
«Мы заўсёды падкрэсліваем, што ў грузінскай палітыцы мы не ўдзельнічаем, мы не выступаем ні за адзін з бакоў. Але што тычыцца абароны правоў нашых грамадзян, то тут мы павінны быць непахісныя», — заявіў Балашоў.
Таму беларуская дыяспара мае намер прыцягнуць усе сродкі для вырашэння не толькі «праблемы Гацака», але і ўвогуле прывесці Грузію ў прававое поле. «Цяпер няма правілаў гульні, і мы маем намер давесці сітуацыю з Яўгенам Гацаком да прававога стану, калі яго правы будуць узноўленыя», — заявіў Раман Кісляк.
Сам Гацак на сёння па-ранейшаму знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі.