Краіна без Гугла. Як атрымаць звыклыя паслугі ў Грузіі

Эксперты-сацыёлагі лічаць, што пасля 2020-га ў Беларусі было як мінімум дзве хвалі эміграцыі. Беларусы разляцеліся па свеце, і шмат дзе ім не хапае звыклых тавараў і паслуг. І таму беларусы ствараюць іх самі — іх можна паглядзець (і скарыстацца імі) на сэрвісе «Bymapka». Сёння мы пагаворым пра асаблівасці бізнесу і жыцця ў Грузіі.

Скрыншот «Bymapka». Беларускія бізнесы ў Грузіі

Скрыншот «Bymapka». Беларускія бізнесы ў Грузіі


Грузія для беларусаў (і не толькі для іх) стала адным з папулярных месцаў рэлакацыі па дзвюх прычынах. Па-першае, гэта краіна з бязвізавым, у адрозненне ад Еўропы, рэжымам. Таму яна зручная для «тэрміновай эвакуацыі», калі рабіць візу няма часу. І па-другое, тут можна жыць адзін год без рэгістрацыі. Па заканчэнні тэрміну грузінскія законы дазваляюць зрабіць «візаран» — выехаць з краіны, такім чынам «абнуліўшы» тэрмін знаходжання, і адразу ж у яе заехаць, пачынаючы адлік наноў.

І ўжо потым раскрываюцца іншыя прывабнасці гэтай краіны: рэгістрацыя «айцішнікаў» у спецыяльнай эканамічнай зоне з падаткам у 0% або падатковыя ўмовы для малога бізнесу, які плаціць тут усяго 1% ад выручкі.

Але ёсць у краіне і некаторая спецыфіка, якая для рэлакаваных беларусаў выглядае зменшага нязвыклай, а недзе нават і дзікай. Асабліва гэта тычыцца лічбавых паслуг.


Краіна без Гугла

У Грузіі няма звыклых нам сайтаў-агрэгатараў інтэрнэт-крам. І не ўсе крамы, нават буйныя, маюць свае сайты, на якіх можна нешта замовіць. А ў тых, у якіх сайты ёсць, яны нязручныя. Калі сайт добра працуе ў дэсктопнай версіі, гэта не азначае, што ўсё добра будзе з мабільнай версіяй, і наадварот.

Каб зразумець, чаму так атрымалася, трэба вярнуцца ў гісторыю Грузіі 20 гадоў таму.

2004 год. Ва Украіне адбываецца «Аранжавая рэвалюцыя», падчас якой народ гуртуецца праз інтэрнэт-пляцоўкі. У Беларусі — рэферэндум аб змене Канстытуцыі па тэрмінах прэзідэнцтва ад двух да бясконцасці. Сайт «Хартыя'97» квітнее, народ «зарубаецца» ў форумах TUT.BY.

Грузія ў гэты час… У краіне не тое што з інтэрнэтам — з электрычнасцю праблемы! Улада Шэварнадзэ прадае электраэнергію ў Турцыю, у той час як грузінам святло дасяжнае 3-4 гадзіны на суткі. У фармальна грузінскай Аджарыі кіруе Аслан Абашыдзэ, які ўсталяваў на дарогах блок-пасты і не пускае ў сваю вотчыну тых, хто не жыве на яе тэрыторыі. У Аджарыі ўвогуле было забаронена збірацца людзям, у тым ліку ў тэатрах і на стадыёнах.

У 2004 годзе рэжым Шэварнадзэ зрынае «рэвалюцыя руж» на чале з Міхаілам Саакашвілі. Інтэрнэт, зразумела, не ўваходзіць у «прадметы першай неабходнасці» для грузін. Праз год пасля перамогі рэвалюцыі інтэрнэтам у краіне карысталіся 200 тысяч чалавек — усяго 5% ад 4-мільённага насельніцтва.

Мільёна карыстальнікаў інтэрнэту — хаця б 25% ад насельніцтва — Грузія дасягае толькі ў 2009-м. Дый што казаць: адзін з асноўных мабільных аператараў краіны, «Geoсell», не меў уласнага сайта да 2017 года.

Тое, што было ў Беларусі — «Onliner» і TUT.BY, сайты, створаныя «на каленцы», канкурэнцыю электроннай пошты @tut.by i пошты @mail.ru, іншыя этапы развіцця інтэрнэту — Грузія проста прапусціла, адразу скочыўшы ў стадыю росквіту сацыяльных сетак. Таму асноўная бізнес- і дзелавая пляцоўка для краіны — Facebook, а больш-менш значныя пляцоўкі-агрэгатары інтэрнэт-крам — гэта службы дастаўкі «Wolt» і «Glovo».

Шукаць тавары і паслугі ў Facebook, ды яшчэ ў краіне, мова і алфавіт якой моцна адрозніваюцца ад кірыліцы і лацінкі, для беларуса нязвыкла і кепска зразумела.


Тэрміны выканання

Грузіны самі пра сябе жартуюць, што яны «нарадзіліся стомленымі». Гэта не дзіва, бо прыгожая сонечная краіна стварае «непрацоўны» настрой. Некалькі беларусаў у розных варыяцыях казалі, што ў Грузіі тэмп жыцця, у параўнанні з Беларуссю, даволі няспешны.

Таму вельмі высока цэняцца беларускія і ўкраінскія спецыялісты, якія перасяліліся ў Грузію па розных прычынах. Адзін знаёмы грузін, кіраўнік будаўнічай фірмы, вельмі расхвальваў сваіх працаўнікоў-беларусаў. Так, у беларусаў складанасці з камунікацыяй: грузінская мова — вельмі няпростая. А захапленне ў яго выклікала тое, што беларусы не сыходзяць з працоўнага месца, не скончыўшы справы.

Скрыншот «Bymapka». Бізнесы беларусаў у Еўразіі

Скрыншот «Bymapka». Бізнесы беларусаў у Еўразіі


Матэрыял і якасць

Многія, асабліва дзяўчаты, трапіўшы ў Грузію, часта наракалі на якасць паслуг. Асабліва гэта тычылася макіяжу, манікюру і цырульняў. Вынікі звыклых у Беларусі працэдур кшталту афарбоўкі валасоў ці «нэйл-апу» былі няўстойлівымі, не трымаліся, няякаснымі, а фарбаванне валасоў не давала таго колеру, на які кліентка разлічвала. З гэтай нагоды ў беларускіх чаціках было шмат абуральных допісаў — да таго часу, пакуль нашы дзяўчыны не ўзялі гэты бізнес у свае прыўкрасныя рукі.

Гэта і зразумела, таму што ў Грузіі — іншыя матэрыялы, іншыя расходнікі, іншыя фарбы. Усе падобныя штукі ў Беларусь часцей за ўсё прывозіліся з Еўропы. У Грузіі асноўная крыніца такіх рэчаў — Турцыя, якая пад бокам. Да таго ж тут іншы клімат, які часцяком неаднастайны нават у розных рэгіёнах. І таму — «не-беларускі» падыход да якасці і да працэдур. І яшчэ трэба пастарацца знайсці якаснага майстра манікюру, напрыклад.

Больш проста з гэтым у сталіцы (Тбілісі), але ў менш буйных гарадах кшталту Батумі ці Кутаісі з гэтым была наогул праблема.


Выйсце ёсць

Адсюль вынік: самы просты спосаб атрымаць якасную і своечасовую паслугу ў Грузіі — звярнуцца да суайчыннікаў. На гэта і разлічаны сайт Bymapka.mе — інтэрактыўная мапа беларускіх бізнесаў ва ўсім свеце. Згодна з гэтай мапай, у Грузіі пад 300 арганізацый і асоб, якія аказваюць паслугі суайчыннікам — і не толькі — у розных галінах: ад таго ж манікюру да рамонту камп’ютараў, ад дапамогі ў куплі аўтамабіля ў ЗША да вырабу тратуарнай пліткі.

Па-першае, гэта зручна і звыкла для беларуса. Усе бізнесы размеркаваны па краінах, сферах дзейнасці, а на інтэрактыўнай мапе можна знайсці свой рэгіён і тых, хто аказвае паслугі паблізу ад цябе.

Па-другое, вам жа не кожны дзень патрабуюцца паслугі камп'ютарнага майстра або візажыста? З Bymapka.mе нішто нікуды не знікае, і карыстацца ёй — значна лепш і зручней, чым у тысячны раз пытацца ў беларускіх чатах: «Народ, падкажыце, хто робіць...»

Ну і, вядома ж, немалаважны факт — гэта падтрымка суайчыннікаў, беларускага бізнесу за мяжой. Вы дапамагаеце суайчыннікам матэрыяльна ў няпростых умовах, а наўзамен атрымліваеце якасныя паслугі.

Дарэчы, ёсць інфармацыя, што хутка на Bymapka.me з'явяцца зніжкі. Праект развіваецца, за ім варта сачыць. Як мінімум — дадаць у «абраныя» ўкладкі вашага браўзера.