Аднагалосна? Парламент Грузіі сёння прагаласаваў супраць закона пра замежных агентаў
У другім чытанні грузінскі парламент не падтрымаў законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». І гэта той самы парламент, які 7 сакавіка з большасцю ў 76 дэпутатаў галасаваў за названы закон.

Фота: @PaperKartuli
7 сакавіка парламент Грузіі ўхваліў у першым чытанні адзін з законапраектаў аб замежных агентах — «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». За яго прагаласавалі 76 дэпутатаў, супраць — 13. Галасаванне па другім законапраекце — «Аб рэгістрацыі замежных агентаў» — было прызначана на 9 сакавіка, але так і не адбылося.
Тое, што закон пра «замежных агентаў» у грузінскім парламенце прынялі ў першым чытанні, выклікала вялікую грамадскую незадаволенасць. 7 сакавіка ў Тбілісі пачаліся акцыі пратэсту. Для разгону дэманстрантаў сілавікі два дні ўжывалі газ, вадамёты і гумавыя кулі.
І праз пару дзён — 9 сакавіка — улады Грузіі заявілі, што вырашылі адклікаць законапраект з парламента. Аднак у грузінскім законе не прадугледжана магчымасці адклікання законапраекта, за які ўжо прагаласаваў парламент. Таму, каб супакоіць грамадства, парламенту давялося галасаваць супраць ухваленага закона — але ўжо ў другім чытанні.
У другім чытанні законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» падтрымаў толькі Дзіта Самхарадзэ — адзін з лідараў «Грузінскай мары». Але пазней ён сказаў, што галасаваў супраць, проста адбылася памылка сістэмы.

Падчас двухдзённага супрацьстаяння пацярпелі 58 сілавікоў, а колькасць пацярпелых цывільных дагэтуль невядомая.
«За двое сутак у выніку гвалтоўных дзеянняў удзельнікаў пратэсту пацярпелі 58 супрацоўнікаў МУС, з іх 5 да гэтага часу знаходзяцца ў розных медыцынскіх установах», — заявіў караўнік Галоўнага ўпраўлення крымінальнай паліцыі МУС Тэймураз Купатадзэ.
Грузінскія незалежныя медыя паведамлялі пра шпіталізаваных праз газ і як мінімум пра аднаго чалавека, якому разарвала губу гумавай куляй. «Paper Kartuli» публікавала відэа з месца пратэсту, на якім мужчыну ў крыві спрабавалі аказаць дапамогу.
Паводле @PaperKartuli, «Кавказский Узел»; «Эхо Кавказа»