Фрыдман: грузінскія ўлады абралі найгоршы для сябе варыянт

Палітолаг Аляксандр Фрыдман лічыць, што для грузінскіх улад пратэсты могуць скончыцца дрэнна. Для Лукашэнкі скончылася добра, бо ён быў паслядоўны ў стаўцы на гвалт.

Пратэсты ў Грузіі. 8 сакавіка 2023 года. Фота: @PaperKartuli

Пратэсты ў Грузіі. 8 сакавіка 2023 года. Фота: @PaperKartuli

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман расказаў «Филину», ці будзе мець працяг гісторыя скандальнага закона пра змежных агентаў у Грузіі.

— Палітычны аглядальнік Вадзім Дубноў мяркуе, што скандальны закон, які прасоўвае грузінская партыя ўлады, гэта не спроба спадабацца ці падыграць Расіі. Што гэта механізм для шэрага кардынала грузінскай палітыкі Бідзіны Іванішвілі захаваць свой кантроль над краінай.

І ўсё ж, абвінавачванні кіроўнай партыі ў прарасійскасці ўзніклі не на роўным месцы. Як так атрымалася, што пасля падзей 2008-га ў Грузіі ўмацаваліся лаяльныя да Расіі сілы і ў цэлым немалая частка грузін мае прарасійскія настроі?

— Калі назіраць за грузінскай палітыкай, то можна сказаць пра пэўны кансэнсус у грамадстве — у Грузіі няма адкрыта прарасійскіх палітычных сіл. Як, напрыклад, сацыялістычная партыя былога прэзідэнта Малдовы Дадона ці малдаўскія камуністы і партыя Шор, якія сваёй прарасійскай арыентацыі і не хаваюць.

У Грузіі такога пасля вайны 2008 года не было. І пры Саакашвілі, і пасля таго, як да ўлады прыйшла «Грузінская мара», дэкларуецца празаходні кірунак, жаданне стаць членамі Еўрасаюза і НАТА. То-бок прынцыпова гэты празаходні вектар не змяніўся, змянілася іншае.

Калі пры Саакашвілі акрамя размоў пра шлях у Еўропу ладзіліся рэформы, часам радыкальныя і неадназначныя, то пасля яго гэтыя памкненні засталіся на вербальным узроўні. Так, цяперашні ўрад дазваляе сабе крытыкаваць некаторыя еўрапейскія парадкі, але ён па-ранейшаму дэкларуе жаданне далучыцца да ЕС і НАТА.

І цяперашнія ўлады не артыкулююць свёй прарасійскасці. Але тое, што робіцца за кулісамі, можна расцаніць як крокі ў адваротным кірунку. Гэта тычыцца і пытання Саакашвілі. Былы прэзідэнт Грузіі, безумоўна, з’яўляецца супярэчлівай асобай. І гэта яшчэ пытанне — ці ёсць яму за што адказваць?

Пратэсты ў Грузіі. 8 сакавіка 2023 года. Фота: @PaperKartuli

Пратэсты ў Грузіі. 8 сакавіка 2023 года. Фота: @PaperKartuli

Але тое, у якім ён цяпер стане, тое, што ён быў атручаны, выглядае на расправу над канкрэтным чалавекам. І з еўрапейскімі каштоўнасцямі гэта, безумоўна, не мае нічога супольнага.

Другі момант — стаўленне да вайны ва Украіне. Яно досыць халоднае з боку афіцыйнай Грузіі. Сапраўды, Кіеў тут мог разлічваць на іншыя адносіны. Тут жа пазіцыя такая: санкцый мы не ўводзім, зброі не пастаўляем, для нас самае галоўнае, каб вайна не распаўсюдзілася і на нашу тэрыторыю.

І трэцяе — сённяшні грузінскі ўрад не хавае сваёй зацікаўленасці ў эканамічным супрацоўніцтве з Расіяй. Пра гэта яны кажуць досыць адкрыта. Але гаворка не пра тое, каб палепшыць адносіны з Расіяй. Аргументацыя выключна эканамічная: нам выгадна, каб у Грузію прыязджалі расійцы.


Што тычыцца настрояў у грузінскім грамадстве, то яны розныя, але тут няма такіх выразна прарасійскіх настрояў, як у Малдове. У Грузіі, якая перажыла вайну, у якой былі ахвяры, такой вялікай прыязнасці няма. А ёсць значная частка грамадства, якая негатыўна ставіцца да Расіі і якая вельмі шчыра падтрымлівае Украіну.

Калі падсумаваць, то пазіцыя сённяшняй грузінскай улады такая: мы па-ранейшаму падтрымліваем памкненні ісці ў Еўропу, а з другога боку, мы выкарыстоўваем сітуацыю, каб палепшыць эканамічнае становішча, каб зарабіць для Грузіі. І, канечне ж, умацаваць сваю ўладу.

Бо відавочна, што Іванішвілі не жадае страчваць кантроль над краінай. І сам гэты закон пра замежных агентаў, на маю думку, і быў пераважна накіраваны на тое, каб калі не знішчыць ягоных апанентаў, крытыкаў «Грузінскай мары», то, прынамсі, значна ўскладніць ім жыццё.

Пратэсты ў Грузіі. 8 сакавіка 2023 года. Фота: @PaperKartuli

Пратэсты ў Грузіі. 8 сакавіка 2023 года. Фота: @PaperKartuli

— Тое, што партыя ўлады ў Грузіі адклікала скандальны закон — гэта хутчэй канец гісторыі ці спроба ўзяць паўзу, ацаніць сітуацыю?

— Адзначу, што грузінская апазіцыя агучыла два патрабаванні: адкліканне гэтага закона, а таксама вызваленне затрыманых удзельнікаў пратэстаў. Гэты ўльтыматум быў агучаны на другі дзень пратэстаў.

Як павялі сябе грузінскія ўлады ў гэтай сітуацыі? Яны абралі найгоршы для сябе варыянт. Яны спачатку зладзілі разгон, ужылі гвалт. А потым пайшлі на кампраміс.

Калі ты ўжо абраў пэўны шлях, то мусіш ісці да канца. А калі ты ідзеш на кампрамісы, то дэманструеш тым самым сваю слабасць і ў рэшце рэшт рызыкуеш прайграць.

Паўтаруся, у апазіцыі было два патрабаванні. Што зрабіла ўлада: яна адмовілася ад закона. Я думаю, што гэтая гісторыя скончылася, з законам яны паўтарацца не будуць. Бо ў апазіцыі атрымалася падаць яго як расійскі.

Магчыма, каб да насельніцтва так шырока не дайшоў пасыл пра тое, што гэта «расійскі закон», не было б і такіх масавых пратэстаў. Грузінскае грамадства моцна абурыла тое, што ў 2023 годзе, ды яшчэ падчас вайны Расіі супраць Украіны, улада прасоўвае фактычна копію расійскага закона.


Гэты момант шмат каго ўзрушыў. Акрамя таго, многім вельмі не падабаецца тое, што ў Грузію тысячамі прыязджаюць расійцы — і гэта пасля падзей 2008-га. Стаўленне да Расіі тут па-ранейшаму досыць адмоўнае.

Такім чынам, спачатку ўлады робяць стаўку на гвалт, а цяпер — на кампраміс, чым паказваюць сваю слабасць. І апазіцыя ў такой сітуацыі кажа: «Не, мы паглядзім, што будзе далей. Мы не спыняем свае акцыі». Апазіцыя адчула сваю моц.

Таму ўлады Грузіі апынуліся ў цяжкім становішчы. Калі яны працягнуць выконваць і далей патрабаванні апазіцыі, то гэтых патрабаванняў будзе ўсё больш і больш.

А калі не будуць, а працягнуць ужываць гвалт, то на вуліцы можа выйсці яшчэ больш пратэстоўцаў. Хто ведае, у якім стане сёння знаходзіцца грузінскае грамадства? Магчыма, людзі ўжо не гатовы цярпець нават такія рэверансы ў бок Масквы.

Думаю, гэтая гісторыя яшчэ не скончылася. А што тычыцца ўрада, то ён моцна рызыкуе, бо ў такіх выпадках важная паслядоўнасць, інакш усё можа скончыцца дрэнна. Асабіста для Лукашэнкі скончылася добра, бо ён быў паслядоўны ў сваёй стаўцы на гвалт.

Для Януковіча скончылася дрэнна, бо ён увесь час лавіраваў паміж гвалтам і кампрамісамі. Перамовы — гвалт, перамовы — гвалт. Вынік — панаванне Януковіча скончылася.


— Незадоўга да гэтых падзей афіцыйны Мінск актывізаваў кантакты з кіраўніцтвам непрызнанай Абхазіі. Цяжка сказаць, ці па сваёй уласнай волі Лукашэнка рабіў гэта. Ці мае гэтая актыўнасць патэнцыял для таго, каб абвастрыць і без таго напружаную сітуацыю ў Грузіі?

— Гэта актыўнасць можа паўплываць у тым сэнсе, што ў такім выпадку ад грузінскіх улад будуць патрабаваць рэакцыі. Бо адказ на апошнюю актыўнасць быў тыповым для сённяшняга ўрада — ён быў вельмі слабым. Яны асудзілі Лукашэнку за паездку ў Абхазію і за прыём прэзідэнта Бжанія ў Мінску. Больш там ніякіх сур’ёзных адказаў не было.

Яны трошкі пажурылі Лукашэнку і працягваюць далей супрацоўнічаць, бо зацікаўленыя ў тым, каб ляталі самалёты, каб гандаль не спыняўся.

Калі ж афіцыйны Мінск зробіць нейкія новыя крокі ў дачыненні да Абхазіі, то ў сённяшніх умовах грузінскім уладам, калі яны захаваюцца на чале краіны, давядзецца паводзіцца больш рашуча ў дачыненні да Лукашэнкі.

Бо гэта ўсё ж не Расія, з ім можна больш жорстка сябе паводзіць. Так што, тэарэтычна, справа можа дайсці і да разрыву дыпламатычных адносін. Але пакуль што гэта малаверагодна. Я не думаю, што Лукашэнка будзе так ужо ўмешвацца ў грузінскія падзеі.

Хаця, нічога выключаць нельга. Асабліва, калі звярнуць увагу на дзяржаўную прапаганду Беларусі, якая сёння звярнулася да грузінскай тэмы і сцвярджае, што сённяшнія падзеі ў Грузіі і жнівень-2020 у Беларусі маюць аднолькавую прыроду.


Не выключана, што тут Лукашэнка можа і не вытрымаць як мінімум у эмацыйным плане, у плане нейкіх абраз. І ўсё ж гэта пакуль малаверагодна. Не думаю, што нешта будзе рабіць і Расія.

Крамлю выгадна, каб ва ўладзе захаваўся менавіта сённяшні ўрад. Бо ён для іх прадказальны, гэта найлепшае на сёння для Масквы, што магло б быць у Грузіі.

Калі да ўлады нейкім чынам прыйдзе апазіцыя, а нават і прыхільнікі Саакашвілі, што прадугледжвае яго вызваленне і ўключэнне ў палітычную сістэму, такі рэнесанс экс-прэзідэнта Грузіі для Расіі быў бы фатальным.

Бо Масква атрымае такім чынам сур’ёзную праблему на Каўказе. І таму расійцы будуць паводзіць сябе вельмі стрымана. Гэта ўжо адбываецца, мяркуючы па асцярожных заявах прэс-сакратара Пуціна.