Да раю разам з Ганьяй Янагіхарай

Раман-лябірынт «Да раю» Ганьі Янагіхары прапануе альтэрнатыўныя і пакручастыя шляхі да свабоды ў трох часавых вымярэньнях: 1893, 1993 і 2093 гадах. У бязьмежным віры сучаснай літаратуры цуд знайсьці падобны раман. 

 Ганья Янагіхара

 Ганья Янагіхара

Кнігі пісьменьніцы і травэлягіні з ЗША Ганьі Янагіхары яшчэ не перакладзеныя на беларускую мову – нашыя перакладнікі і перакладніцы занятыя іншымі тэкстамі ды, па шчырасьці, грандыёзныя памеры раманаў, якія піша амэрыканка, насьцярожаць нават самых адважных і амбітных перакладнікаў. 

Але, няма сумневу, беларускае чытацтва знаёмае з творчасьцю Ганьі Янагіхары на іншых мовах. 

Многія чыталі ейны слынны раман «Малое жыцьцё» (часам «Звычайнае жыцьцё») па-ангельску, па-расейску ці па-польску. 

«Звычайнае жыцьцё» і «Да раю» я прачытаў па-француску. Стыль, тэмы, маштабы гісторыі ня проста ўразілі – агаломшылі мяне.

Дасюль сьвет тых раманаў жыве ўва мне, дасюль прыгадваю, як я сумысьля чытаў кнігі не сьпяшаючыся, усяляк адцягваючы канцоўку, смакуючы словы, выразы, разьвіцьцё падзеяў. Я баяўся ўявіць, што апынуся на апошняй старонцы. Ці часта такое здараецца?


Апошні ейны раман-лябірынт “Да раю” (2022) заслугоўвае асаблівай увагі, бо аўтарка прапануе альтэрнатыўныя і пакручастыя шляхі да свабоды ў трох часавых вымярэньнях: 1893, 1993 і 2093 гадах. 

57739876.jpg

Амбіцыйны і дэстабілізуючы, раман падобны да трылёгіі, але ўсё ж гэта тры блёкі адной кнігі. Перад намі паўстае Нью-Ёрк 19-га, 20-га і канца 21 стагоддзяў. Беспрэцэндэнты гімн Нью-Ёрку. А ў дадатак, чытацтва адкрые схаванае пасланьне – разьвітальны чароўны і мэлянхалійны вальс з Гаваямі…

Толькі Нью-Ёрк 1993 году ў цэлым адпавядае рэчаіснасьці. 

Нью-Ёрк 1893 году паўстае ў альтэрнатыўным сьвятле: Ганья Янагіхара ўяўляе трансфармаваную амэрыканскую нацыю, быццам грамадзянская вайна мела наступствы зусім іншага парадку ў краіне. У Злучаных Штатах адбыўся канчатковы раскол, кропкай якога стала не нявольніцтва, як можна было чакаць, а… легалізацыя гомасэксуальных шлюбаў (у канцы 19 стагодзьдзя!). Свабодныя Штаты Поўначы сталі, у адрозненьне ад калёніяў Поўдня, зямлёй талерантнасьці.

Нарэшце, у апошняй частцы, пісьменьніца закідвае нас у 2093 год — год кашмараў. Сутыкнуўшыся з разбуральнымі наступствамі некалькіх пасьлядоўных эпідэміяў, урад уводзіць таталітарны рэжым і жорсткі кантроль над насельніцтвам.

Няма сумневу, досьвед кавіду і ўзмацненьня аўтарытарных, а часам і таталітарных тэндэнцыяў у сьвеце падштурхнулі аўтарку да развагаў на тэму.

Адзіным стабільным арыентырам-пунктам усіх трох гісторыяў зьяўляецца ня проста Нью-Ёрк, а адзін і той самы нью-ёркскі дом на Вашынгтон-Сквэры: жыцьці, каханьні герояў і героек з розных эпохаў зьбягаюцца тут.

09jen_jp_sub_articlelarge.webp

У кнізе зьмяшаныя жанры: ухранія (альтэрнатыўная гісторыя), дыстопія, псыхалягічны раман і квір-раман. Гэта спачатку дэстабілізуе, але потым зачароўвае – паступова вымалёўваецца гіганцкая фрэска ўнівэрсальных жаданьняў і імкненьняў чалавецтва ва ўсе эпохі: пошук свабоды, які часта мае прыгожы і немажлівы назоў “рай”.

Пісьменьніца здаўна зьяўляецца хаўрусьніцай ЛГБТК+ супольнасьці, таму тэмы і героі, якія яна выбірае, часта маюць цьмяную, маргінальную, невідавочную гісторыю. 

Аўтарка якраз ператварае іх у цэнтральныя, бачныя і неверагодныя. І гэта часам становіцца крытыкай, бо некаторым дзіва, як гетэрасэксуальная пісьменьніца можа пісаць пра ЛГБТК+. 

Можа і робіць гэта пераканаўча і часта лепей за многіх квір-аўтараў ды аўтарак.

У бязьмежным віры сучаснай літаратуры цуд знайсьці падобны раман. Шкадую і злуюся, што такія творы не даступныя па-беларуску. Шкадую і чакаю новых твораў Ганьі Янагіхары.