Экс-інфарматар ФБР, абвінавачаны ў хлусні пра Байдэна, заявіў, што ў яго былі кантакты з РФ
У заяве пракурора ЗША гаворыцца, што Смірноў — былы інфарматар ФБР па справе сына Байдэна — абвінаваціў Джо Байдэна з-за асабістай непрыязнасці і вылучэння палітыка на пасаду прэзідэнта, піша «Медуза».
Былы інфарматар ФБР Аляксандр Смірноў, абвінавачаны ў дачы ілжывых паказанняў па справе сына прэзідэнта ЗША Хантэра Байдэна, заявіў, што атрымліваў інфармацыю пра яго ад расійскай выведкі, піша «The New York Times» са спасылкай на матэрыялы суда па справе Смірнова, апублікаваныя пракуратурай.
Як гаворыцца ў дакуменце, Смірноў пасля свайго затрымання на мінулым тыдні заявіў, што ён меў «даўнія і шырокія» кантакты з прадстаўнікамі расійскай выведкі.
З яго слоў вынікае, што звязаныя з расійскімі выведнікамі асобы былі датычныя да распаўсюджвання інфармацыі пра Хантэра Байдэна.
Смірноў сцвярджае, што сустракаўся з прадстаўнікамі расійскай выведкі тры месяцы таму. З 2022 года былы інфарматар ФБР жыве ў Лас-Вегасе.
Пракуроры не ўдакладняюць, якую інфармацыю Смірноў атрымаў ад расійскай выведкі, і адзначаюць, што яго словы нічым не пацверджаны. Яны характарызуюць Смірнова як «серыйнага хлуса, няздольнага расказаць праўду нават пра самыя элементарныя дэталі свайго жыцця». Таксама пракуроры заявілі, што Смірноў «актыўна распаўсюджвае новую хлусню, якая можа паўплываць на выбары ў ЗША».
Смірноў быў інфарматарам ФБР па справе, распачатай супраць Хантэра Байдэна, якога падазравалі ў атрыманні хабару ад кіраўніцтва ўкраінскай энергакампаніі «Burisma». У рамках расследавання гэтай справы Смірноў заявіў, што сустракаўся з кіраўніцтвам «Burisma» ў 2015–2016 гадах і даведаўся, што яны нанялі сына Байдэна, каб з дапамогай яго бацькі абараняць кампанію ад разнастайных юрыдычных праблем. Акрамя таго, як сцвярджаў Смірноў, кампанія заплаціла Джо Байдэну і яго сыну па пяць мільёнаў долараў.
Пасля ўзбуджэння справы супраць Хантэра Байдэна рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў ЗША абвясцілі аб пачатку расследавання, закліканага даказаць, што Джо Байдэн быў уцягнуты ў працу свайго сына і атрымліваў сродкі з замежных крыніц, на падставе чаго яму можна было б абвясціць імпічмент.
15 лютага 2024 года Смірнова затрымалі ў аэрапорце Лас-Вегаса пасля вяртання ў ЗША. Спецыяльны пракурор ЗША Дэвід Вайс заявіў, што Смірноў сустракаўся з прадстаўнікамі «Burisma» ў 2017 годзе, а не ў 2015-2016, і афіцыйна абвінаваціў яго ў дачы ілжывых паказанняў. У заяве пракурора гаворыцца, што Смірноў абвінаваціў Джо Байдэна з-за асабістай непрыязнасці і вылучэння палітыка на пасаду прэзідэнта.
Палітолаг і вядомы ўкраінскі блогер Алег Панамар так пракаментаваў скандал у ЗША, калі былы інфарматар, які раней маніў пра карупцыю Хантэра Байдэна, заявіў, што меў справу са спецслужбамі РФ.
— У ЗША новы скандал, хоць для тых, хто сачыў за Рашагейтам, тут няма нічога новага або дзіўнага.
Расійскія спецслужбы перадаюць сваім агентам у ЗША (а гэта Рэспубліканская партыя) нібыта кампрамат на палітычных апанентаў. Натуральна, «кампрамат» — сфабрыкаваная фальшыўка. Натуральна, рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў, калі збіраліся абвясціць імпічмент Байдэну на падставе гэтага, ведалі, што працуюць агентамі Расіі.
Абсалютна ідэнтычная схема выкарыстоўвалася і ва Украіне.
Расія праз сваіх агентаў (Дзяркач, Дубінскі, Медзвядчук, Цішчанка і іншыя) давала ўкраінскай уладзе нібыта «кампрамат» для барацьбы з палітычнымі супернікамі. І ўкраінская ўлада ахвотна карысталася такой дапамогай.
Вы спытаеце, ці будуць нейкія наступствы для кангрэсменаў Комера, Джордана, Грына і іншых за гэта?
Не, нічога не будзе. Скажуць, мы не ведалі, што гэта расійская дэзынфармацыя — і ўсё.