Трамп — першы экс-прэзідэнт у ЗША з крымінальнымі абвінавачаннямі
Дональду Трампу выстаўленыя абвінавачанні. Ён павінен з'явіцца ў суд у аўторак, 13 чэрвеня.

Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што федэральныя ўлады выставілі супраць яго абвінавачанні ў неналежным абыходжанні з сакрэтнымі дакументамі.
Трамп настойвае на сваёй невінаватасці і абвінавачвае цяперашняга прэзідэнта ў пераследзе па палітычных матывах, піша ВВС.
Паводле амерыканскіх СМІ, Трампу прад'яўленыя абвінавачанні па сямі пунктах, у тым ліку ў неправамерным захоўванні сакрэтных дакументаў. Самі абвінавачанні пакуль не апублікаваныя.
«Карумпаваная адміністрацыя Байдэна апавясціла маіх адвакатаў, што супраць мяне выстаўленыя абвінавачанні, мабыць, праз газетныя плёткі са скрынкамі», — напісаў Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.
Паводле слоў Трампа, яму загадана з'явіцца ў будынак Федэральнага суда ў Маямі, штат Фларыда, у аўторак у тры гадзіны дня (22:00 па Мінску).
Гэта ўжо другое па ліку абвінавачанне ў адрас Дональда Трампа і першае ў гісторыі абвінавачанне ў адрас былога прэзідэнта ЗША, высунутае федэральнай пракуратурай.

Дональд Трамп вядзе кампанію па вяртанні ў прэзідэнцкае крэсла ў 2024 годзе. Эксперты ў галіне права мяркуюць, што цяперашнія абвінавачанні не змогуць абмежаваць яго магчымасці па ўдзеле ў перадвыбарнай гонцы.
Вядомы ўкраінскі блогер і палітолаг Алег Панамар простымі словамі тлумачыць для сваіх чытачоў складаную замежную палітыку:
«Учора Трамп стаў першым экс-прэзідэнтам у гісторыі ЗША, якому былі прад'яўленыя федэральныя крымінальныя абвінавачанні (некалькі месяцаў таму ён таксама стаў першым з абвінавачаннямі на ўзроўні штата Нью-Ёрк аб незаконных выплатах).
Што далей? У аўторак ён пройдзе працэдуру фатаграфавання і зняцця адбіткаў. Затым суддзя зачытае яму абвінавачанні.
Можна прагназаваць, што Трамп не прызнае сябе вінаватым і будзе чакаць суда прысяжных.
Ці арыштуюць яго ў аўторак да суда? Хутчэй за ўсё, не. Хоць сярод сямі пунктаў абвінавачання (перашкода правасуддзю, дача ілжывых паказанняў і інш.) ёсць мегадрэнны для яго пункт у рамках Закона аб шпіянажы.
Што далей? Ясна, што яго жыццё не будзе ранейшым. Чалавек, які ўсё жыццё парушаў закон, нарэшце адкажа.
Зразумела, што гэта вялікі дзень для закона, справядлівасці і дэмакратыі ў Амерыцы.
Зразумела, што ў пракурораў жалезны кейс. Інакш яны не рабілі б гэтага, улічваючы рэзананс.
Зразумела, што ў горшым выпадку Трамп можа правесці рэшту жыцця ў турме.
Ці паўплывае гэта на ягоную прэзідэнцкую кампанію? Адназначна — так. Але невядома (на сёння), ці сыдзе ён з дыстанцыі — і тады будзе свята Рона Дэсанціса.
Ці лепш Дэсанціса для Украіны, чым Трамп? Крыху.
Ці лягчэй будзе Байдэну з Дэсанцісам, чым з Трампам? Не. Вось так усё заблытана.
А Украіне трэба перамагаць, пакуль Байдэн у Белым доме на першым тэрміне».

