Крымінальны пераслед і затрыманне Дональда Трампа. Дасье ў карыкатурах

Арышт і абвінавачанні супраць Дональда Трампа — першы выпадак крымінальнага пераследу прэзідэнта ЗША за 150 гадоў. Вось як на гэта рэагавалі карыкатурысты.

Малюнак выдання The news-press

Малюнак выдання The news-press

Апошнім разам чалавека, які займаў найвышэйшую пасаду ў дзяржаве ў ЗША, арыштоўвалі ў 1872 годзе. Уліс Грант, вялікі аматар коней і хуткай язды, катаўся па горадзе на двухколцы і перавысіў хуткасць. Паліцыянт спыніў яго і вынес папярэджанне. Але кіраўнік дзяржавы не пачуў яго і зноў парушыў правілы. Тады паліцыянт вырашыў яго арыштаваць. Як пазней расказваў сам афіцэр, Грант да сітуацыі паставіўся "дабрадушна" і нават падвёз паліцэйскага на сваім экіпажы да ўчастка, дзе і быў аформлены арышт. З-пад варты кіраўніка дзяржавы выпусцілі пасля ўнясення залогу $20.

Мабыць, тая гісторыя мела рэзананс. Нездарма карыкатурысты таго часу любілі маляваць Гранта ў выглядзе вершніка.

1_694.jpg


І вось праз 150 гадоў прэзідэнт (праўда, былы) зноў пад арыштам. Справа супраць Трампа звязана з выплатай $130 тыс. порназорцы Стормі Дэніэлс падчас перадвыбарнай кампаніі 2016 года за маўчанне пра раман з Трампам у 2006 годзе. На думку следчых, гэта наўмысны падлог фінансавай дакументацыі кандыдата. Акрамя таго Трампу збіраюцца выставіць больш за 30 пунктаў абвінавачання, звязаных з махлярствам у бізнесе. Цяжкае становішча, у якое Трамп патрапіў з-за порнаакторкі, арыгінальна адлюстраваў мастак пад нікам Nemo.

2_642.jpg


Зрэшты, арышт аказаўся хутчэй фармальным. 4 красавіка суд у Нью-Ёрку сапраўды высунуў афіцыйныя абвінавачанні супраць Трампа, аднак пад варту яго не ўзялі. Усё абмежавалася толькі сімвалічным часовым арыштам, абавязковым для абвінавачаных. Аднак гэта стала вядома пазней. Між тым пакуль Трамп знаходзіўся ў будынку суда, пайшлі чуткі пра яго арышт і хуткую адпраўку за краты, што адразу натхніла масу мастакоў на выяву Трампа ў ролі вязня. Напрыклад, мастака пад нікам Kik.

3_576.jpg


Цікавай аказалася рэакцыя на чуткі аб арышце Трампа ў Расіі, дзе існуе вельмі моцная турэмная субкультура. Многія расейцы пачалі іранічна раіць Дональду, якія татуіроўкі рабіць у турме, прыдумляць тэксты шансонаў на тэму арышту Трампа. Некаторыя таксама ўпэўненыя, што Крэмль пачне кампанію за вызваленне Дональда. Ананімная фотажаба на дадзеную тэму

4_540.png


Гэтым расейская тэма арышта Трампа не абмежавалася. У медыя ўзгадалі, што Міжнародны крымінальны трыбунал выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна. Як вынік з боку лібералаў гучаць ідэі ў перспектыве размясціць Трампа і Пуціна ў адной турме і нават камеры. А мастак выдання The Columbus Dispatch нават пафантазіраваў над тым, як мог бы выглядаць побыт у такім памяшканні.

5_499.jpg


Затое на ход выбарчай кампаніі справа Трампа значана паўплывала. Прад'яўленне абвінавачанняў Дональду Трампу рэанімавала яго перадвыбарчую кампанію, пачатак якой, паводле апытанняў, быў не вельмі пераканаўчым. Больш за тое, Трамп, які раней саступаў па ўнутрыпартыйных апытаннях рэспубліканцу Рону ДэСантасу, зараз апярэдзіў яго ўжо на 20 пунктаў. Тое, як Трамп стварае сабе вобраз ахвяры пераследу з боку дэмакратаў, малюе аўстрыйскі графік Мар'ян Камінскі.

6_372.jpg


Цікава, што паводле амерыканскіх законаў нават калі Трамп будзе за кратамі, ён зможа ўдзельнічаць у выбарах. Ёсць і адпаведны прэцэдэнт. Менавіта з турмы вёў сваю прэзідэнцкую кампанію кандыдат сацыялістаў Юджын Дэбс у 1920 годзе. Па выніках Дэбс, які патрапіў у турму за антываенную дзейнасць, атрымаў каля 6 працэнтаў галасоў (адзін з найлепшых паказчыкаў для кандыдата ад "трэцяй партыі" за ўсю гісторыю амерыканскіх выбараў). Дарэчы, гісторыя кандыдата-вязня да гэтага часу натхняе амерыканскіх левых, пра што сведчаць плакаты з выявай Дэбса як кандыдата ў прэзідэнты.

7_270.jpg


У прынцыпе пакуль, напэўна, галоўным вынікам «арышту» Трампа стала эскалацыя прэзідэнцкай кампаніі 2024 года, якая фактычна ўжо пачалася. Цяпер лідары рэспубліканцаў і дэмакратаў нават не хаваюць, што маюць намер пасадзіць у турму свайго апанента ў выпадку перамогі. Не выпадкова мастакі малююць выбары 2024-га як лютую сутычку, пра што сведчыць малюнак выдання The news-press, які ілюструе гэты артыкул.