Супраць Трампа вылучылі крымінальныя абвінавачванні
Трамп выплаціў порназорцы 130 тысяч долараў за маўчанне — а пасля гэтыя грошы кампенсаваў з выбарчага фонду.
Вялікае журы прысяжных суда Манхэтэна прагаласавала за прад'яўленне абвінавачвання экс-прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, адзначае CNN са спасылкай на тры крыніцы, якія знаёмыя са справай Трампа.
Упершыню ў амерыканскай гісторыі дзейнаму або былому прэзідэнту будуць прад'яўленыя крымінальныя абвінавачванні, піша CNN.
Адзначаецца, што расследаванне супраць Трампа тычыцца выплаты грошай за маўчанне порназорцы Стормі Дэніэлс (сапраўднае імя — Стэфані Кліфардс).
Згодна з матэрыяламі справы, перад прэзідэнцкімі выбарамі 2016 года Трамп праз свайго адваката Майкла Коэна выплаціў порназорцы 130 тысяч долараў, каб яна маўчала пра сэкс, які здарыўся за дзесяць гадоў да таго, у 2006 годзе. Гэтыя выдаткі на маўчанне жанчыны потым былі незаконна кампенсаваныя з перадвыбарчага фонду Трампа. Дарэчы, у 2018-м былы адвакат Трампа Майкл Коэн атрымаў па гэтай справе тры гады пазбаўлення волі.
Адметна, што пра адносіны з Трампам Стормі Дэніэлс распавяла яшчэ ў інтэрв'ю ў 2011 годзе, а экс-прэзідэнт адмаўляе яе словы. Адпрэчвае Трам таксама і нейкае дачыненне да выплаты ёй грошай.
«Гэтая пастанова, несумненна, зробіць шакавальны эфект ва ўсёй краіне, разварушыць амерыканскую палітычную сістэму, якая ніколі не бачыла, каб аднаму з яе былых лідараў выстаўлялі крымінальныя абвінавачванні», — піша CNN.
Выданне адзначае, што судовы пазоў супраць Трампа выводзіць прэзідэнцкую кампанію 2024 года ў ЗША на новы этап, бо былы прэзідэнт паабяцаў працягваць балатавацца, нягледзячы на крымінальныя абвінавачванні.
«The New York Times» паведамляе, што пракурор у бліжэйшыя дні запатрабуе ад Трампа з'явіцца ў суд для прад'яўлення абвінавачванняў. Яму будзе прапанавана добраахвотна здацца ўладам і не даводзіць справу да арышту.
«У яго здымуць адбіткі пальцаў, можа нават у кайданках. А ў бліжэйшыя дні экс-прэзідэнту ЗША будзе зачытана стандартнае папярэджанне: яму скажуць, што ён мае права захоўваць маўчанне і права на адваката», — піша NYT.
Рон Дэсанціс, губернатар Фларыды, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя Трампа, заявіў, што штат не стане рэагаваць на экстрадыцыйны запыт, калі ён будзе адпраўлены нью-ёркскай пракуратурай.
Тэкст абвінавачвання будзе апублікаваны на працягу некалькіх дзён па рашэнні раённага пракурора.
У адказ на публікацыю NYT Трамп назваў пераслед палітычным і заявіў, што «дэмакраты здзейснілі неймавернае, абвінаваціўшы невінаватага ў адкрытай спробе паўплываць на выбары». CNN, спасылаючыся на дзве знаёмыя са справай крыніцы, піша, што ў справе супраць Трампа наогул больш за трыццаць пунктаў абвінавачвання, звязаных з махлярствам.
У лістападзе 2022 года Трамп абвясціў, што будзе вылучацца на прэзідэнцкіх выбарах, якія пройдуць восенню 2024 года. Яшчэ некалькі расследаванняў, звязаных з яго магчымымі злачынствамі, знаходзяцца на пачатковай стадыі.
Згадаем таксама, што экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на першым перадвыбарным мітынгу перад прыхільнікамі ў Тэхасе назваў расследаванне супраць яго «паляваннем на ведзьмаў» і параўнаў яго з «жахамі сталінскай Расіі».
Як пісаў НЧ, пакуль не вядома, хто пойдзе ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі — цяпер рэйтынг Трампа сярод рэспубліканцаў на 15 пунктаў вышэйшы, чым у губернатара Фларыды Рона Дэсанціса. Калі Трамп выйграе праймерыз (прыкладна сакавік наступнага года) і будзе кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі, то ў яго шанц перамагчы любога дэмакрата яшчэ меншы, чым быў у 2020 годзе (хоць Расія, Кітай, СА, ААЭ, Ізраіль будуць яму дапамагаць). А ў 2020-м ён прайграў 8 мільёнаў галасоў Байдэну.
Чаму? Таму што ў такой супярэчлівай фігуры заўсёды ёсць устойлівыя фанаты і ўстойлівыя хейтары, разважае палітолаг і вядомы ўкраінскі блогер Алег Панамар. Ёсць рэспубліканцы, якія ніколі і ні за што за яго не прагаласуюць (антырэйтынг) і таму альбо прагаласуюць за дэмакрата, альбо застануцца дома. Калі Дэсанціс выйграе праймерыз (хоць ён яшчэ не заявіў, што будзе вылучацца), то гэта яшчэ лепш. У такім выпадку Трамп пойдзе як незалежны кандыдат, а не ад Рэспубліканскай партыі, і іх галасы з Дэсанцісам распыляцца напалам, што будзе падарункам для любога дэмакрата.
Паводле Медузы, ВВС, www.ponomaroleg.com,