30 мільёнаў на падтрымку, стратэгічны дыялог і абноўлены Акт аб дэмакратыі. Вынікі візіту Ціханоўскай у ЗША

Візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША праходзіў 21-28 сакавіка. Асноўныя яго вынікі падводзім з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета па замежных справах Валерыем Кавалеўскім.

.

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў ЗША. Скрыншот з відэа youtube-канала Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў ЗША. Скрыншот з відэа youtube-канала Ціханоўскай

У другой палове года стратэгічны дыялог ужо запрацуе

Пра запуск стратэгічнага дыялогу з беларускай апазіцыяй аб’яўлена 23 сакавіка на сустрэчы Ціханоўскай з намесніцай дзяржсакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
— Гэта значны крок наперад у выбудоўванні нашага парадку дня, і менавіта гэта павінна стаць механізмам, які дазволіць нам больш сістэмна ацэньваць сітуацыю, выпрацоўваць прыярытэты двухбаковых адносінаў, глядзець, якія супольныя ці аднабаковыя дзеянні трэба зрабіць, каб дасягаць пастаўленых мэтаў, — кажа Валерый Кавалеўскі. — Зараз будзем весці размову з амерыканскім урадам наконт таго, як будзе выглядаць фармат двухбаковага супрацоўніцтва, якія канцэптуальныя контуры набудзе гэты механізм. Думаю, больш падрабязная інфармацыя з’явіцца трохі пазней. Але такое адчуванне, што ў другой палове года стратэгічны дыялог запрацуе ўжо практычна.
Гэта трохі больш, чым дэкларацыя пра намеры, гэта ўсё-такі прынятае рашэнне. Зараз пачынаецца працэс распрацоўкі стратэгічнага дыялогу. Больш за тое, скажу, што двухбаковы дыялог ніколі не спыняўся. Мы працягваем працаваць, выпрацоўваем супольныя дзеянні. Беларусы атрымліваюць шмат дапамогі ад Злучаных Штатаў на розных узроўнях, ЗША падтрымліваюць намаганні беларусаў па вяртанні дэмакратыі ў Беларусь, каб зрынуць тыранію. Таму нельга сказаць, што гэтая ініцыятыва нешта абсалютна новае, чаго ніколі не было; у нас ёсць дыялог, у нас ёсць супольныя дзеянні, ёсць шмат кірункаў, па якіх мы прадуктыўна працуем са Злучанымі Штатамі.

У бліжэйшыя месяцы можа з’явіцца новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі

Кангрэс ЗША абнаўляе законапраект Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Якія змены могуць з’явіцца ў законапраекце?
— Ужо прынятыя чатыры версіі Акта аб дэмакратыі ў Беларусі: першы — у 2004 годзе, апошні — у 2020-м, на фоне масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Зараз з’явілася ідэя яго абнавіць: многае змянілася ў самой Беларусі, рэжым стаў значна больш жорсткім, прысутнічае факт вайны, у якой саўдзельнічае Лукашэнка — ёсць усе падставы для перагляду дакумента. Законапраект ацэньвае сітуацыю ў Беларусі, пазначае важныя палітычныя пазіцыі ЗША і прапануе канкрэтныя дзеянні, якімі выканаўчая ўлада можа паўплываць на сітуацыю, каб дапамагчы беларусам.
Гэты дакумент пачаў распрацоўвацца ў апошнія некалькі месяцаў, першая працоўная размова адбылася ў студзені, а цяпер вядзецца канкрэтная праца. Чакаем, што найбліжэйшымі месяцамі законапраект можа стаць законам.

Узровень падтрымкі застаецца на ўзроўні 30 мільёнаў долараў

— Амерыканскія ўлады запэўнілі — мы гэта чулі і ў Кангрэсе, і ў органах выканаўчай улады — што ўзровень падтрымкі захаваецца на тым самым узроўні: 30 мільёнаў долараў. Гэтая інфармацыя яшчэ павінна быць зацверджаная Кангрэсам Злучаных Штатаў, бо менавіта Кангрэс зацвярджае бюджэт. Канечне, мы будзем працаваць над тым, каб аб’ёмы падтрымкі раслі, бо беларуская грамадзянская супольнасць з’яўляецца жывым арганізмам, які актыўна развіваецца. Каб яго падтрымліваць і пашыраць сферу ўплыву на сітуацыю ў Беларусі, канечне, патрэбныя дадатковыя рэсурсы.
Дачакаемся разгляду бюджэту ў ЗША і будзем спадзявацца, што гэтая лічба можа памяняцца ў бок павелічэння.
У ЗША ёсць разуменне, што сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца. Лукашэнка не дапамагае сам сабе. Ёсць разуменне таго, што сітуацыя мяняецца, яна патрабуе іншых падыходаў, іншых крокаў. Але такія рашэнні не прымаюцца за адзін дзень. Працуем далей, будзем дамагацца, каб рэакцыя і практычныя крокі з боку міжнароднай супольнасці па падтрымцы беларусаў былі адэкватнымі тым выклікам, з якімі мы змагаемся.