Аўтарытарны «былы калгаснік» і смелая «лідарка апазіцыі» — як штучны інтэлект бачыць палітычную сітуацыю ў Беларусі
Нават нейрасеткі цяпер могуць аналізаваць тое, што адбываецца ў нашым рэгіёне, — просценька, але са зніжкай на здольнасць навучацца. Паглядзіце, якой нашумелы ChatGPT бачыць беларускую рэальнасць.
У сярэдзіне сакавіка амерыканская кампанія «Opera» анансавала новую — чацвёртую — версію чат-бота ChatGPT, генератыўнага штучнага інтэлекту. GPT-4 заўважна пераўзыходзіць папярэднія версіі чат-бота, можа яшчэ лепш весці гутаркі на складаныя тэмы, а таксама складаць апавяданні, рабіць прэзентацыі. Хоць нейрасетка падтрымлівае беларускую (заўважна горш) і рускую мовы, амерыканскі чат-бот недаступны для карыстальнікаў з IP-адрасамі з Беларусі і Расіі. «Нямецкая хваля» вырашыла задаць нейрасетцы некалькі пытанняў пра палітыку, Лукашэнку і Беларусь.
«Лукашэнка — гэта палітычны дзеяч і былы калгаснік»
Варта адразу абмовіцца, што як бясплатная, так і платная версія чат-бота валодае інфармацыяй па стане на верасень 2021 года. Даныя сабраны з адкрытых крыніц на розных мовах, уключаючы кнігі, навуковыя артыкулы, навінавыя публікацыі. Але, як любая нейрасетка, чат-бот навучаецца ў рэжыме рэальнага часу. Атрымліваючы пытанні ад карыстальнікаў, нейрасетка іх ўлічвае, і ў будучыні адказы могуць мяняцца. Нават на спрэчнае пытанне, хто з'яўляецца прэзідэнтам Беларусі.
— Хто з'яўляецца прэзідэнтам Беларусі?
—Пачынаючы з 1994 года і да цяперашняга часу, Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца прэзідэнтам Беларусі.
— Хто такі Аляксандр Лукашэнка?
— Аляксандр Лукашэнка — гэта палітычны дзеяч і былы калгаснік, які ўзначальвае Беларусь з 1994 года. Ён з'яўляецца адным з апошніх пакінутых у Еўропе аўтарытарных лідараў, якія кіруюць краінай з жорсткай рукой і абмяжоўваюць свабоду слова, сходаў і іншыя палітычныя свабоды.
— Хто такая Святлана Ціханоўская?
— Святлана Ціханоўская — беларуская апазіцыянерка, якая стала вядомай у 2020 годзе як кандыдат у прэзідэнты Беларусі і якая ўзначальвае апазіцыю з Літвы пасля спрэчных выбараў і масавых пратэстаў.
— А хіба не яна абраная прэзідэнтка Беларусі?
— Святлана Ціханоўская не з'яўляецца афіцыйнай прэзідэнткай Беларусі. Нягледзячы на тое, што многія беларусы і міжнародныя назіральнікі лічаць, што яна магла б выйграць на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, афіцыйныя вынікі выбараў абвясцілі пераможцам дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку. Ціханоўская і яе прыхільнікі, а таксама многія міжнародныя супольнасці, лічаць гэтыя выбары сфальсіфікаванымі і не дэмакратычнымі.
— Дзякуючы чаму Лукашэнка выстаяў ва ўладзе ў 2020 годзе?
— Дзякуючы жорсткім рэпрэсіўным мерам, падтрымцы Расіі, раз'яднанасці апазіцыі, падтрымцы часткі насельніцтва і адсутнасці замены.
— Як бы ты апісаў постаць Лукашэнкі трыма словамі?
— Аўтарытарны, супярэчлівы, доўгакіруючы.
— А як наконт Святланы Ціханоўскай?
— Смелая, лідарка апазіцыі, натхняльная.
Пра вайну ва Украіне і ядзерную зброю РФ у Беларусі
У цэлым чат-бот стварае ўражанне сухога і вельмі асцярожнага ў сваіх ацэнках суразмоўцы. На палітычныя тэмы — такія, як поўнамаштабная вайна ва Украіне ці размяшчэнне ядзернай зброі РФ у Беларусі, — ChatGPT пакідае толькі здагадкі.
— Ці ўдзельнічае Беларусь у вайне Расіі супраць Украіны?
— На канец сакавіка 2023 года няма афіцыйнай інфармацыі, што Беларусь удзельнічае ў вайне Расіі супраць Украіны. Беларусь афіцыйна заяўляе пра сваю нейтральнасць у канфлікце і не падтрымлівае ніякі з бакоў. Аднак адносіны паміж Беларуссю і Расіяй традыцыйна цесныя, і эксперты не выключаюць магчымасць таго, што Беларусь можа аказваць лагістычную і палітычную падтрымку Расіі ў канфлікце.
— Якія наступствы могуць чакаць Лукашэнку, калі ён размесціць расійскую ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі?
— Гэта будзе парушэннем міжнароднага права і міжнародных дагавораў аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі і можа прывесці да сур'ёзных наступстваў для Лукашэнкі і для Беларусі ў цэлым. Гэта можа выклікаць негатыўную рэакцыю з боку міжнароднай супольнасці і пацягнуць за сабой санкцыі, уключаючы эканамічныя і палітычныя абмежаванні. Акрамя таго, такі крок можа таксама прывесці да ўзмацнення напружанасці ў рэгіёне і стаць крыніцай пагрозы міжнароднай бяспецы і міру.
«Адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным складаныя, але ў цэлым дружалюбныя»
Глыбокага палітычнага аналізу адносінаў Беларусі і Расіі ад чат-бота пакуль рана чакаць — палітолагі могуць спаць спакойна. Але, абапіраючыся на адкрытыя даныя, GPT-4 можа іх аналізаваць і рабіць высновы па палітычных пытаннях — як разгорнута, так і коратка.
— Ці знаходзіцца Беларусь у залежнасці ад Расіі?
— Так, Беларусь у значнай ступені залежыць ад Расіі ў некалькіх галінах, уключаючы эканоміку, энергетыку, палітыку і бяспеку. Расія з'яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Беларусі, а беларуская эканоміка ў значнай ступені залежыць ад экспарту ў РФ. Беларусь таксама атрымлівае ад Расіі значныя пастаўкі нафты і газу па субсідаваных цэнах. Акрамя таго, краіны падтрымліваюць узаемную палітычную і вайсковую падтрымку, асабліва ў рамках Саюзнай дзяржавы.
— Як ты ацэньваеш адносіны Лукашэнкі і Пуціна?
— Адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным можна ахарактарызаваць як складаныя, але ў цэлым дружалюбныя. Яны супрацоўнічаюць у галіне эканомікі, вайсковага супрацоўніцтва і палітыкі. Аднак, у мінулым у іх былі рознагалоссі і часам узнікаюць напружанасці ў адносінах.
Калі сыдзе Лукашэнка?
Хоць нейтрасетка здольная рабіць здагадкі, даваць гарантаваныя прагнозы на будучыню яна, на жаль, не ўмее. А ў сваіх ацэнках яна здаецца куды аптымістычней за тое, што адбываецца ў рэальнасці.
— Як ты ацэньваеш бягучую сітуацыю ў Беларусі, паводле звестак на 2023 год?
— Як штучны інтэлект я магу паведаміць, што сітуацыя ў Беларусі на 2023 год працягвае заставацца складанай і непрадказальнай. Працягваюцца абмежаванні свабоды слова і сходаў, рэпрэсіі і ціск на апазіцыйных палітыкаў, журналістаў і актывістаў, а таксама адсутнасць сапраўднай палітычнай апазіцыі і дэмакратычных інстытутаў. Акрамя гэтага, Беларусь працягвае залежаць ад эканамічнай падтрымкі Расіі і рызыкуе далейшай ізаляцыяй з боку міжнароднай супольнасці з-за парушэнняў правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў. Аднак, як і ў выпадку з любой складанай сітуацыяй, ёсць верагоднасць магчымых змен і паляпшэнняў у будучыні.
— Калі скончыцца вайна ва Украіне?
— На жаль, я не магу прадказваць будучыню і дакладна сказаць, калі скончыцца вайна ва Украіне. Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў, уключаючы палітычную сітуацыю, міжнародныя адносіны і рашэнні канфліктуючых бакоў. Аднак я магу сказаць, што заканчэнне вайны ва Украіне патрабуе палітычнага развязання, мірных перамоў і ўрэгулявання ўсіх спрэчных пытанняў паміж канфліктуючымі бакамі.
— Калі сыдзе Лукашэнка?
— Немагчыма дакладна прадказаць, калі Лукашэнка сыдзе з пасады прэзідэнта, бо гэта залежыць ад мноства палітычных і сацыяльных фактараў, а таксама ад унутранай і міжнароднай дынамікі.